Top.Mail.Ru

Аб чым фільм рэжысёра Харацьяна і як беларусы дапамагалі яго ствараць

Вайна вачыма Карузы

З 24 красавіка на вялікім экране кінааматараў чакае прэм’ера сямейнай кінастужкі «Каруза». Гэта дэбют у поўным метры маладога расійскага рэжысёра Івана Харацьяна. Сустрэча з журналістамі з гэтай нагоды дала падставы падумаць не толькі пра кінамастацтва.
Бягучы год у нашых краінах праходзіць пад эгідай 80-годдзя Вялікай Перамогі. І кінастужка, у аснову сюжэта якой пакладзена гісторыя кранальнага сяброўства хлопчыка Міці (Марк-Малік Мурашкін) і сабакі Карузы, якія выратоўвалі людзей ад голаду падчас блакады Ленінграда, — яшчэ адно пацвярджэнне, як сумеснымі сіламі Беларусь і Расія працягваюць захоўваць памяць пра трагічнае мінулае, у тым ліку ў кіно. 

— Мне як рэжысёру было вельмі цікава наблізіцца да рэальнай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны, на аснове якой зняты наш фільм. Мы прыдумалі незвычайны прыём: паказаць некаторыя сцэны вачыма Карузы — суб’ектыўным поглядам сабакі. Праз гэты погляд жывёлы на свет людзей мацней адчуваецца і кантраст, і драматызм сюжэта, — адзначае рэжысёр Іван Харацьян. — І я вельмі ўдзячны за работу беларускай групе, бо гэта мой першы сур’ёзны вопыт у вялікім кіно. 

Кінастужка аб’яднала шэраг вядомых акцёраў, сярод якіх — Святлана Іванова, Аляксандр Балуеў, Дзмітрый Харацьян, Сяргей Мігіцко і іншыя. Можна ў фільме адшукаць і беларускі ўнёсак. Найперш тое, што здымалі яго пад Мінскам. Другая частка здымак прайшла ўжо ў Расіі. Таксама ў кадры ўбачым і нашых артыстаў (Анатолій Голуб, Зінаіда Зубкова), работу мастака-пастаноўшчыка Наталлі Наваенка і іншых прафесіяналаў. 

— У нас кіно пра сямейныя каштоўнасці, пра любоў, адданасць, пра сяброўства і ахвярнасць. Бягучы год сапраўды важны для абедзвюх нашых краін. Мы адзначаем 80-годдзе Перамогі. Наша кінастужка і пра вайну, хоць аповед у фільме пачынаецца з 1939 года, і ў большай ступені пра чалавечыя ўзаемаадносіны, і пра тое, што героямі былі не толькі людзі, але і сабакі. Мы паказваем, можна сказаць, зборны вобраз такіх герояў, бо падобных гісторый было шмат, — распавёў народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян. — І ўсё ў нас атрымалася, у тым ліку дзякуючы падтрымцы беларускага боку, бо ў нашай камандзе шмат беларусаў-прафесіяналаў... 

У сваю чаргу генеральны прадзюсар кінастужкі Сяргей Багіраў дадаў: «У Беларусі створаны добрыя ўмовы для таго, каб рабіць кіно. Да нас тут ставяцца з добразычлівасцю. У нашым выпадку з Масквы прыехалі рэжысёр, я і аператар, а ўсе астатнія былі беларусы. У вас цудоўныя мастакі, грымёры, мастакі па касцюмах. Вы можаце і самі без Масквы ствараць кіно. Асобная ўдзячнасць акцёрам. Нават сабака Каруза таксама мясцовы».

Вось і атрымліваецца, што ўсё мы маем, а кіно здымаецца ў пераважнай большасці беларусамі не беларускае. Аднак, паводле слоў старшыні Саюза кінематаграфістаў Беларусі Яўгена Арандарэвіча: «Калі зрабіць акцэнт на тым, што цяпер ідзе бітва за экран, за тое, што глядзяць людзі, як адчуваюць і суперажываюць героям, то вельмі важна рабіць сапраўднае кіно. Кіно пра людзей і для іх. Каб не праглядвалі там нейкія незразумелыя наратывы, якія нам жадаюць навязаць, а паказвалася тое, што нам блізка. Наша культура, нашы агульныя традыцыйныя каштоўнасці, якія ўсім нам зразумелыя, якія выхоўваюць нас і наша будучае пакаленне». З гэтай пазіцыі, вядома, кінастужка пра гераізм часоў Вялікай Айчыннай вайны патрэбная і выкліча інтарэс у шырокага гледача. Аднак у гісторыі беларускага кінематографа тое знойдзе толькі ўскоснае адлюстраванне. 

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю