Top.Mail.Ru

Прэм’ера драмы «Кветкі для Элджэрнана» ў Маладзёжным тэатры прайшла з аншлагам

Спектакль з’явіўся дзякуючы маладзёжнай рэжысёрскай лабараторыі, адным з яе удзельнікаў быў расіянiн Ягор Равінскі, які, між іншым, мае беларускія карані.



Гэта не першы яго спектакль у Беларусі, некалькі гадоў таму ён працаваў з Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы — таксама дзякуючы рэжысёрскай лабараторыі. Гэты фармат яму добра вядомы — цудоўны стымул, каб атрымаць перамогу і ажыццявіць пастаноўку. Супрацоўніцтва гэтага рэжысёра з Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам здавалася цікавым яшчэ і таму, што ў выніку павінен быў з’явіцца адметны спектакль паводле п’есы Алены Іаос «Кветкі для Элджэрнана», у аснову якой пакладзены раман Дэніэла Кіза. Твор знакаміты і вельмі запатрабаваны ў кіно і тэатрах, асабліва ў ХХІ стагоддзі, калі яго сталі ўспрымаць не толькі як навукова-фантастычны, але больш як вострасацыяльны, бо галоўны герой — чалавек «з асаблівасцямі развіцця», як цяпер кажуць (нездарма сцэнічнае афармленне і касцюмы герояў набліжаныя да нашага часу, пра што паклапацілася расійская мастачка Марыя Бутусава). Але гэты асаблівы чалавек вельмі імкнецца стаць такім жа разумным, як іншыя... 


Малады чалавек Чарлі Гордан працуе прыбіральшчыкам у пякарні, вытрымлівае кпіны ад сваіх калег, праўда, не разумее, што з яго пасміхаюцца — ён вельмі даверлівы. І вельмі старанны, гэта заўважае яго настаўніца Аліса Кініян, якая раіць навукоўцам на чале з прафесарам Немурам звярнуць увагу на Чарлі, каб працягнуць эксперымент па павышэнню інтэлекту. Яго ўжо паспяхова правялі на мышы па імені Элджэрнан і гатовыя перайсці да даследаванняў на чалавеку. Чарлі перажывае аперацыю, у выніку якой вельмі хутка абганяе сваіх вучоных у інтэлектуальнымі развіцці і хутчэй за іх разумее, што поспех неўзабаве можа абярнуцца бядой... 


Але сутнасць не ў тым, хто больш разумны — сам па сабе інтэлект не робіць чалавека чалавекам. Гэта прыйдзецца ўсвядоміць галоўнаму герою, які вучыцца разумець розныя пачуцці, у тым ліку каханне. Перажыць вір самых розных чалавечых эмоцый належыць гледачам разам з артыстам Анатолем Лагуценкавым, які бліскуча справіўся з вельмі складанай драматычнай роляй. Але ў яго было многа партнёраў — у спектаклі занятая вялікая частка трупы, артысты часам з’яўляюцца з глядзельнай залы, часам звяртаюцца да яе, што ажыўляе дзею, дадаючы інтэрактыву і магчымасці зразумець: такія людзі могуць жыць побач з намі, у кожнага з іх можа быць свая чалавечая гісторыя і драма. 

«Драма» — рэдкі жанр у гэтым тэатры, дзе гледачы традыцыйна шукаюць камедыі. Таму нечакана, што вельмі драматычны спектакль «Кветкі для Элджэрнана» ў трох дзеях і працягласцю 3,5 гадзіны выклікаў вялікую цікавасць: на паказы ў бліжэйшыя два месяцы квіткі ўжо прададзены. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю