Top.Mail.Ru

Прэм'ер-міністры краін ЕАЭС азнаёміліся з інавацыйнымі распрацоўкамі ў Маскве

Біятэхналогіі, прамысловасць, экалогія

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын разам з калегамі з краін Еўразійскага эканамічнага саюза 12 снежня наведалі павільён «Атам» на ВДНГ у Маскве, перадае БелТА.

Кіраўнікі ўрадаў еўразійскай «пяцёркі» прыбылі ў расійскую сталіцу напярэдадні — 11 снежня яны правялі пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета. У другі дзень візіту ім трэба было ўдзельнічаць у Міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Але перш ім правялі экскурсію па павільёне «Атам» — адным з самых інавацыйных павільёнаў на ВДНГ, прысвечаным ядзерным тэхналогіям мінулага, сучаснасці і будучыні не толькі ў Расіі, але і ў свеце. Прэм’ер-міністры агледзелі экспазіцыю, прысвечаную стварэнню ядзернага шчыта СССР, азнаёміліся з незвычайнымі, а часам і фантастычнымі праектамі, якія сталі з’яўляцца, калі пачалося мірнае выкарыстанне энергіі атама. У завяршэнне агляду ім былі прадстаўлены сучасныя кірункі развіцця атамнай прамысловасці.

Затым кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС пагутарылі з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, якая праводзіцца з мэтай падтрымкі маладзёжных ініцыятыў і прасоўвання перспектыўных распрацовак на тэрыторыі Еўразійскага рэгіёна. На ёй былі прадстаўлены работы фіналістаў конкурсу тэхналагічных распрацовак. Гэта распрацоўкі міжнародных калектываў маладых навукоўцаў, у тым ліку з Беларусі, у біятэхналогіях, прамысловай дыягностыцы, экалагічнай бяспецы і іншых сферах.

Так, Інстытут фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стаў удзельнікам інтэрнацыянальнага праекта па распрацоўцы і ўкараненні ўніверсальных модульных сістэм для ачысткі вады і газаў. Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі прадставіў ідэю стварэння і развіцця інфраструктуры класа «мегасаенс» у мэтах правядзення перадавых навуковых даследаванняў і пашырэння міжнароднай навуковай калабарацыі. Беларускія маладыя навукоўцы таксама прадставілі праект па перапрацоўцы літый-іонных акумулятараў.

  • Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выступілі партнёрамі праекта, які прадугледжвае распрацоўку і імпартазамяшчальную вытворчасць ключавых элементаў фатонікі: спецыяльных крышталяў для магутных і дакладных лазераў, оптавалакна для космасу і абароненых сетак, палімераў і матэрыялаў для аптычных сэнсараў і медабсталявання. Аляксандр Турчын пацікавіўся, калі можна чакаць серыйную вытворчасць гэтай прадукцыі. Распрацоўшчыкі паабяцалі, што гэта магчыма ўжо ў бліжэйшай перспектыве. «З нас — фінансавая дапамога, з вас — мазгі», — звярнуўся Прэм’ер-міністр Беларусі да аўтараў праекта.

Цікавасць Аляксандра Турчына выклікаў таксама стартап маладых навукоўцаў з Сярэдняй Азіі, які прадугледжвае распрацоўку экалагічна чыстага біяпрэпарата новага пакалення для барацьбы з сельскагаспадарчымі шкоднікамі. «Абарона раслін адыгрывае вельмі важную ролю, і ваша работа вельмі важная для сельскай гаспадаркі. Беларусь мае велізарны вопыт у сельскай гаспадарцы, з задавальненнем гатовы разам з вамі папрацаваць з вашым вынаходствам. Самае галоўнае, каб мы забяспечылі яго камерцыялізацыю, каб сёння гэта было выгадна, добра прадавалася і давала добрыя вынікі. Калі ёсць жаданне, мы з задавальненнем вас чакаем», — звярнуўся беларускі Прэм’ер да распрацоўшчыкаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю