У пятніцу Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын прадставіў калектыву фінансавага ведамства новага кіраўніка — Уладзіслава Татарыновіча, які дагэтуль займаў пасаду намесніка Старшыні Савета Рэспублікі. Кіраўнік урада таксама акрэсліў задачы, якія стаяць перад міністэрствам і Паслом Беларусі ў Расію на бягучую пяцігодку.
Аляксандр Турчын адзначыў, што Уладзіслаў Татарыновіч больш за 30 гадоў адпрацаваў у Міністэрстве фінансаў, з іх 15 гадоў — на пасадзе намесніка міністра. На два гады ён «адлучыўся» ў Савет Рэспублікі, цяпер вяртаецца назад у Мінфін. «Гэта прафесіянал, спецыяліст найвышэйшага класа, таму я думаю, што тут якраз будзе забяспечана пераемнасць рашэнняў у той палітыцы, якую праводзіў Юрый Міхайлавіч (Селівёрстаў. — „Зв.“) у Мінфіне», — сказаў Аляксандр Турчын.
Прэм’ер-міністр заўважыў: «Мы стаім на варце дзяржаўных інтарэсаў, і фінансавая дысцыпліна — залог паспяховага развіцця любой краіны. Таму, я думаю, мы будзем паспяхова працаваць і вырашаць задачы, якія ставіць кіраўнік нашай дзяржавы».
Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад папярэднім міністрам фінансаў Юрыем Селівёрставым, прызначаным Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Прэм’ер-міністр заўважыў: «Расія — наш стратэгічны саюзнік, наш партнёр. Значная частка нашага тавараабароту завязана менавіта на Расійскую Федэрацыю, велізарная колькасць узаемных праектаў». Аляксандр Турчын, дадаў, што новы пасол у тэме ўсіх перагаворных пазіцый з Расійскай Федэрацыяй, усіх сумесных праектаў. «Ёсць новыя выклікі, неабходныя новыя рашэнні, свежы погляд на многія рэчы, таму Юрый Міхайлавіч едзе ў Расійскую Федэрацыю ў статусе віцэ-прэм’ера», — сказаў кіраўнік урада.
У сваю чаргу міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч абазначыў задачы, якія стаяць перад Міністэрствам фінансаў у бягучы момант,— захаваць і працягнуць работу, якая накіравана на забеспячэнне стабільнага выканання бюджэту, і рэалізаваць мэтавыя ўстаноўкі і прыярытэты, замацаваныя ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады. «Яны абсалютна выразныя і абсалютна зразумелыя», — заўважыў міністр.
Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Селівёрстаў, падзякаваўшы калегам за працу, выказаў спадзяванне на ўзаемадзеянне ў вырашэнні задач, якія стаяць перад ім у новай якасці дыпламата.
Аляксандр Турчын, заўважыўшы, што змена кіраўніцтва Міністэрства фінансаў — абсалютна планавы працэс, сказаў: «Думаю, што без разварушвання мы будзем ісці і рухацца наперад». Прэм’ер-міністр анансаваў сустрэчу на выніковай калегіі Міністэрства фінансаў, якая адбудзецца ў сакавіку: «На калегіі мы ўсе пытанні больш прадметна абмяркуем і вызначым шляхі, як мы будзем дзейнічаць далей».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.