Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын на чале ўрадавай дэлегацыі знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Узбекістане

Ак­тыў­ны дыя­лог

У Ташкенце праходзіць 4-е пасяджэнне Узбекска-беларускага дзелавога савета, а таксама Узбекска-беларускі бізнес-форум. У праграме двухдзённага візіту — перагаворы з Прэм’ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым і наведванне шэрагу вытворчых пляцовак. Пытанні паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва будуць абмеркаваны 24 лютага на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

Па прылёце ў Самарканд Аляксандра Турчына каля трапа сустрэў яго калега — кіраўнік Кабінета Міністраў рэспублікі Абдула Арыпаў, следам — сустрэча ў нефармальнай абстаноўцы, падчас якой бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня.

Як падкрэслілі ва ўрадзе, Узбекістан для Беларусі — надзейны, правераны часам партнёр. Падтрымліваецца актыўны дыялог па лініі ўрадаў і парламентаў дзвюх краін, развіваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Узаемны тавараабарот пастаянна расце і набліжаецца да 1 мільярда долараў.

Дарэчы, ва Узбекістане зарэгістравана 229 арганізацый, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца рэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Бакі перакананыя: важна не проста замацаваць дасягнутае, а пашырыць партнёрства, напаўняючы яго практычным зместам і канкрэтнымі дамоўленасцямі.

У першы дзень афіцыйнага візіту Аляксандр Турчын азнаёміўся з дзейнасцю Самаркандскага аўтамабільнага завода (SamAuto), які вось ужо чвэрць стагоддзя адыгрывае ключавую ролю ў развіцці транспартнай інфраструктуры Узбекістана. Гісторыя гэтага прадпрыемства пачалася 16 сакавіка 1999 года. За 25 гадоў работы завод стаў адным з флагманаў галіны, забяспечваючы рынак надзейнай і даўгавечнай тэхнікай для перавозкі пасажыраў і дастаўкі грузаў. Прадукцыя SamAuto спрыяе развіццю як гарадской, так і сельскай інфраструктуры.

Дарэчы, за час існавання завода было выраблена больш за 40 тысяч адзінак тэхнікі. Сёння вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць 5 тысяч аўтобусаў розных відаў у год. На заводзе працуюць 1500 супрацоўнікаў. Для бесперабойнага абслугоўвання тэхнікі кампанія прапануе звыш 1000 пазіцый аўтазапчастак і аксесуараў, а шырокая геаграфія прысутнасці налічвае 23 афіцыйных дылеры і пункты сэрвіснага абслугоўвання.

Прэм’ер-міністр таксама наведаў шоў-рум групы кампаній SAG (Sam Antep Gіlam) — найбуйнейшага холдынга Цэнтральнай Азіі па вытворчасці дываноў і тэкстылю. Магутнасці завода дазваляюць выпускаць звыш 12 мільёнаў квадратных метраў пакрыццяў штогод. Асартымент налічвае тысячы артыкулаў. На беларускім рынку прадукцыя групы кампаній SAG прадстаўлена праз маркетплэйсы, а таксама ў гандлёвых сетках, што сведчыць аб развіцці двухбаковых гандлёвых сувязяў.

Пасля работы ў Самаркандзе Аляксандр Турчын накіраваўся ў Ташкент, дзе запланаваны працяг актыўнага дыялогу. У прыватнасці, у другі дзень афіцыйнага візіту запланавана сумеснае наведванне двума прэм’ер-міністрамі вытворчай пляцоўкі групы кампаній «Сервалюкс», удзел у цырымоніі закрыцця 4-га пасяджэння Узбекска-беларускага дзелавога савета і перагаворы Аляксандра Турчына і Абдулы Арыпава ў вузкім і пашыраным складах. Завершыцца насычаны візіт сустрэчай з Прэзідэнтам Рэспублікі Узбекістан Шаўкатам Мірзіёевым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю