Праверачныя мерапрыемствы прадаўжаюцца ў адной з воінскіх часцей 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (АНЦ). Як паведамлялася раней, маштабная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл мае раптоўны характар і праводзіцца ў абход Міністэрства абароны і Генеральнага штаба. Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі ход праверкі, першачарговая мэта якой — убачыць аб’ектыўную карціну ў беларускай арміі.
У сераду комплексная група ў складзе службовых асоб Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі і Камітэта дзяржаўнага кантролю прыбыла ў адну з воінскіх часцей, дзе знаходзіцца на захоўванні тэхніка. Яна прызначана для воінскіх часцей, якія фарміруюцца на ваенны час.
Як звярнуў увагу дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ, ажыццяўляецца праверка не толькі баявых часцей на прадмет гатоўнасці да выканання задач па прызначэнні. Ён падкрэсліў, што важным аспектам боегатоўнасці з’яўляецца належнае захоўванне тэхнікі.
«Мы Узброеныя Сілы не разгортваем, не павялічваем у мірны час, як нашы суседзі на тэрыторыі Польшчы і Літвы, — канстатаваў дзяржсакратар. — Тым не менш мы гатовы да таго, каб разгарнуць нашы Узброеныя Сілы, як гаварыў Галоўнакамандуючы, да той колькасці, якая неабходна для абароны дзяржавы. Для гэтага трэба мець адпаведныя ўзоры ўзбраення, ваеннай тэхнікі, якая абслужана. Гэта нармальная сусветная практыка».
Комплексная група праверыць, у якіх умовах захоўваецца тэхніка, ці выкананы ўвесь комплекс работ па яе пастаноўцы на працяглае захоўванне, ці запраўлена яна палівам. Правярацца будуць і іншыя моманты.
«Пастаўлена задача і дадзена распараджэнне камандзіру 72-га АНЦ на зняцце шэрагу ўзораў ваеннай тэхнікі з захоўвання, — канкрэтызаваў Аляксандр Вальфовіч. — З кожнага падраздзялення будуць зняты два-тры ўзоры: танкі, баявыя машыны пяхоты, аўтамабілі і іншыя. Пасля гэтага будзе праведзены кантрольны прабег».
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль ГЕРАСІМАЎ указаў на тое, што для яго і супрацоўнікаў ведамства гэта не першая праверка воінскіх часцей. Акрамя раптоўных праверак па даручэнні Прэзідэнта, супрацоўнікі КДК наведвалі падраздзяленні, дзе правяралі ўсе аспекты — ад правядзення закупак да захоўвання тэхнікі.
Па словах дзяржсакратара, папярэдні агляд паказаў, што да пытанняў зберажэння, захоўвання тэхнікі вайскоўцы падышлі адказна. «Усе ўзоры стаяць у сховішчах пад навесамі, запраўлены. Вынік работы будзе падведзены крыху пазней», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.
Ён таксама даў папярэднюю адзнаку праверцы боегатоўнасці Узброеных Сіл. «З баявых воінскіх часцей мы праверылі толькі адно падраздзяленне, — канстатаваў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. — Ваеннаслужачыя паказалі дастойныя вынікі. Паказалі, што яны цягавітыя, могуць прымяняць сваё ўзбраенне, ваенную тэхніку і ў дзённых, і ў начных умовах, выкарыстоўваючы сучасныя беларускія прыцэлы. Недахопы ёсць, яны будуць прааналізаваны. Але гэта напрыканцы. У нас наперадзе яшчэ шмат працы. Мы чаргуем праверкі баявых воінскіх часцей з часцямі, дзе тэхніка стаіць на захоўванні. Куды мы паедзем далей? Гэта вызначыць Галоўнакамандуючы».
Паводле БелТА