Top.Mail.Ru

Праваслаўны фестываль запрашае на «Каўчэг»

З 26 снежня па 6 студзеня ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» у Мінску будзе праходзіць традыцыйны праваслаўны фестываль «Радасць». Мерапрыемства праводзіцца па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. 


«Каўчэг» — унікальны цэнтр пры Свята-Елісавецінскім манастыры, у афармленні якога выкарыстаны сімвалы і вобразы, што нагадваюць біблейскі сюжэт пра сусветны патоп. Тут ёсць тэатральная і кіназалы, дзіцячая і музычныя гасцёўні, канцэртная і выставачныя пляцоўкі. Усе гэтыя зоны будуць задзейнічаны падчас фестывалю. Тут пройдуць канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі, батлеечныя спектаклі, майстар-класы, на якіх можна зрабіць святочныя ўпрыгажанні. Кожны год да фестывалю далучаюцца ўстановы адукацыі: юныя творцы робяць аб’ёмныя макеты, звязаныя з зімовымі святамі. Падчас мерапрыемства можна будзе паўдзельнічаць у дыялогах з прадстаўнікамі розных праваслаўных храмаў, у тым ліку замежных гасцей. Упершыню на фестываль прыедуць прадстаўнікі Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры — найбуйнейшага і аднаго з самых старажытных храмаў Расіі.

«Радасць» — сямейны фестываль, тут кожны знойдзе сабе занятак па душы, асабліва яго любяць дзеці. Штогод для малых рыхтуецца асобная праграма. Сёлета ў ёй будуць спектаклі, прагляд дыяфільмаў, сустрэча з Дзедам Марозам, заняткі па каліграфіі і нават кулінарныя майстар-класы з роспісам пернікаў і зефіру.

У рамках фестывалю будзе працаваць выстаўка-продаж вырабаў манастыроў і храмаў Беларусі, Расіі, Сербіі, Сірыі, Палесціны, Грэцыі. Да фестывалю арыгінальныя сувеніры (вырабы з саломы, гіпсу, лямцу, дрэва) падрыхтавалі і сацыяльна-рэабілітацыйныя майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра для людзей з парушэннямі псіхічнага здароўя. Таксама запрошаны на фестываль майстры-рамеснікі, якія працуюць з рознымі матэрыяламі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Чытайце таксама: Выстава «Калядная зорка» сабрала найлепшыя работы дзяцей Беларусі пра зіму

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю