Узровень злачыннасці сярод непаўналетніх за апошнія васямнаццаць гадоў дасягнуў свайго гістарычнага мінімуму. Напрыклад, у параўнанні з 2007-м колькасць учыненых непаўналетнімі злачынстваў скараціліся ў шэсць разоў, а ў параўнанні з 2024-м — на 26 %. Знізілася і колькасць пацярпелых ад злачынстваў дзяцей — на 9 %. Пры гэтым актуальнай застаецца праблема ўцягвання непаўналетніх ва ўчыненне злачынстваў з выкарыстаннем інтэрнэту. Летась такія злачынствы ўчыніў кожны дзявяты падлетак. Вялікая колькасць дзяцей пацярпела ад махляроў у інтэрнэце. Спецыялісты расказалі пра распаўсюджаныя схемы падману і спосабы ад іх засцерагчыся.
«Замініраваць» школу ад імя крыўдзіцеля
Самымі распаўсюджанымі ў інтэрнэце з’яўляюцца вымагальніцтвы, махлярствы, заведама лжывыя паведамленні аб небяспецы, крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Як паведаміла старшы пракурор упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аксана КІРЭЙЧЫК, у чатыры разы павялічылася колькасць заведама лжывых паведамленняў аб небяспецы. Асноўным матывам такіх дзеянняў з’яўляецца помста іншым асобам, у асноўным аднакласнікам, сябрам і знаёмым за нейкія канфліктныя сітуацыі. Пры гэтым у большасці выпадкаў падлеткі, не ўсведамляючы сваёй адказнасці, самі знаходзяць у інтэрнэце выканаўцаў, якія знаходзяцца за мяжой, і прапаноўваюць ім паведаміць ад імя трэціх асоб заведама лжывую інфармацыю аб небяспецы. Як правіла, аб мініраванні сацыяльных аб’ектаў. Напрыклад, непаўналетні навучэнец адной са школ Мінскай вобласці накіраваў 5 заведама лжывых паведамленняў аб выбухах, якія рыхтуюцца. Падчас праверкі было ўстаноўлена, што ён не разумеў ні супрацьпраўнасці сваіх дзеянняў, ні адказнасці за іх.
Як ашуканцы ператвараюць айфон у «цагліну»
Шмат дзяцей прызнана пацярпелымі ад злачынстваў, што здзяйсняюцца ў інтэрнэце. У прыватнасці, у 4 разы вырасла колькасць пацярпелых непаўналетніх з прычыны блакіроўкі іх мабільных тэлефонаў і наступным вымагальніцтвам грошай. Такія злачынствы ўчыняюцца не толькі ў адносінах да дзяцей, але і дарослых. Схема ўчынення такіх злачынстваў не новая, але дагэтуль дзейсная: карыстальнік выходзіць са сваіх акаўнтаў у прыладзе і аўтарызуецца пад данымі, якія падаў зламыснік. Пасля гэтага моманту ён блакіруецца з патрабаваннем грошай за разблакіроўку.
Як расказаў намеснік начальніка аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль ДЗЕМІДОВІЧ, распаўсюджаны такі падман у анлайн-чаце гульні «Майнкрафт» па прычыне устаноўкі яе бясплатнай версіі і бонусаў. Злачынец прапаноўвае непаўналетняму абмеркаваць умовы здзелкі ў месенджары, у асноўным у «Тэлеграме». Падчас перапіскі ён высвятляе, ці ёсць у падлетка айфон. Калі дзіця гэта пацвярджае, то яму прапаноўваецца перайсці па прапанаванай спасылцы і выканаць шэраг дзеянняў. Тым самым непаўналетні перадае махляру кіраванне сваёй прыладай. Пасля гэтага апошні пераводзіць гаджэт у рэжым блакіравання, і пацярпелы не можа яго выкарыстоўваць. Для разблакіроўкі тэлефона злачынец патрабуе грашовую ўзнагароду. Вядома ж, няма гарантыі, што, атрымаўшы грошы, ён разблакіруе гаджэт. Таксама махляры могуць займець доступ да Apple ІD праз устаноўку так званай абноўленай версіі TіkTok.
— У цяперашні час усе непаўналетнія ведаюць аб крымінальнай адказнасці за такія распаўсюджаныя віды злачынстваў, як кіберзлачынствы, крадзяжы, незаконны абарот наркотыкаў і іншыя віды. У тым ліку бачаць гэта на прыкладзе аднагодкаў, якіх затрымліваюць і пра якіх супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх расказваюць у школах, а таксама з прафілактычных фільмаў, якія дэманструюцца ва ўстановах адукацыі, — кажа Васіль Дземідовіч, дадаючы, што пры гэтым дзеці не перастаюць здзяйсняць злачынствы. Яны ў агульнай структуры крымінальна караных дзеянняў складаюць 2,5 %, а колькасць усіх зарэгістраваных супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх складае больш за тысячу.
Як сябе засцерагчы?
Самае першае — прылада павінна быць максімальна абаронена ад узлому. Неабходна выкарыстоўваць надзейны пароль і двухфактарную аўтаідэнтыфікацыю. У кожным месенджары яна ўводзіцца па-свойму: ці то гэта «Тэлеграм», «Вайбер» або іншы дадатак. Ні ў якім разе нельга нікому паведамляць паролі і пераходзіць па спасылках.
Усе плацяжы варта ажыццяўляць праз афіцыйныя банкаўскія дадаткі і сайты. Трэба ўсведамляць, што дзяржаўныя органы і банкі ніколі не патрабуюць перадаць наяўныя грашовыя сродкі праз кур’ера. І, самае галоўнае, праваахоўныя органы ніколі не тэлефануюць праз месенджары «Тэлеграм», «Ватсап», «Вайбер».
Нельга весціся на прапановы перавесці грошы на «бяспечны рахунак» — такога тэрміна ўвогуле не існуе. Нікому не варта паведамляць ПІН-код, СМС-коды ці поўныя даныя рэквізіту банкаўскіх плацежных картак.
— Нельга купіць айфон або сумачку ў дзесяць разоў танней пры ўмове, што для гэтага неабходна ўнесці 50 або 100 % перадаплаты. Пагрозы арышту бацькоў — гэта стапрацэнтная маніпуляцыя. І ніколі не трэба перадаваць асабістую інфармацыю ў абмен на паведамленні з невядомых нумароў, — папярэджвае Васіль Дземідовіч.
Што ж рабіць, калі патрапіў на вудачку ашуканцаў? У першую чаргу неабходна паведаміць пра гэта бацькам і ў міліцыю па тэлефоне 102 ці чат-бот МУС «Мы заўсёды побач». Таксама важна зрабіць скрыншоты перапіскі і не выдаляць тэлефонныя нумары зламыснікаў.
Усю актуальную прафілактычную інфармацыю, а таксама кансультацыйную і псіхалагічную дапамогу можна атрымаць на сайце kіds.com.by. У найбліжэйшы час МУС дасць старт маштабнаму рэспубліканскаму дзіцячаму конкурсу на найлепшы праект па абароне ад кібермахляроў і прафілактыцы кіберзлачынстваў. Для пераможцаў і намінантаў падрыхтаваны каштоўныя прызы: айфоны, гульнявыя кансолі, VR-акуляры і іншыя падарункі. З дапамогай конкурсу мяркуецца прыцягнуць дадатковую ўвагу дзяцей і іх бацькоў да праблем злачыннасці ў інтэрнэце.
Алена КРАВЕЦ