З надыходам цяпла, калі паркі і скверы становяцца папулярнымі месцамі для адпачынку гараджан, праваахоўныя органы актывізуюць сваю работу па забеспячэнні бяспекі ў месцах вялікай колькасці грамадзян.
Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС правялі рэйд па парках раёна, пацвердзіўшы гатоўнасць гэтых тэрыторый да прыёму адпачывальнікаў, нагадаўшы пры гэтым аб важнасці прытрымлівання правіл бяспекі.
Адным з першых аб’ектаў праверкі стаў парк імя М. Паўлава — месца, дзе традыцыйна праходзяць буйныя раённыя мерапрыемствы і святы, а ў выхадныя дні збіраецца вялікая колькасць гараджан. Асаблівая ўвага тут удзяляецца забеспячэнню правапарадку і бяспекі. Падчас рэйду супрацоўнікі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі іншых профільных арганізацый правялі комплексную ацэнку гатоўнасці парка да летняга сезона.
— Садзейнічанне супрацоўнікам міліцыі аказваюць прадстаўнікі Маскоўскага РАНС, АСВОД, прадпрыемствы «Мінскзелянбуд» і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Таксама ў сумесных рэйдах бяруць удзел члены добраахвотных дружын, — адзначыў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна Ігар ЯНЧАНКА.
Падчас праверак асаблівая ўвага надавалася наяўнасці і актуальнасці інфармацыйных стэндаў, парадку на тэрыторыі парка, а таксама правядзенню прафілактычных гутарак з наведвальнікамі. Так, падчас патрулявання ўвагу супрацоўніка міліцыі прыцягнула жанчына, якая выгульвала свайго гадаванца.
Праваахоўнік нагадаў мінчанцы аб заканадаўчых нормах, згодна з якімі выгул свойскай жывёлы дазволены толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, якія зацвярджаюцца адміністрацыямі раёнаў. Жанчыне было прапанавана перамясціцца на адпаведную пляцоўку, каб не парушаць устаноўленыя правілы.

Акрамя традыцыйных месцаў адпачынку, у Маскоўскім раёне нядаўна адкрыўся новы парк — «Сад Вершаў». «Гэта сучасная прастора прапануе разнастайныя магчымасці для правядзення вольнага часу: ад трэнажораў і арэляў да ўнікальнай бібліятэкі з кнігамі, даступнымі кругласутачна. Наведвальнікі могуць як узяць кнігу для чытання, так і пакінуць сваю, ствараючы жывы кніжны фонд, — распавёў Ігар Янчанка. — Але ёсць і абмежаванне, якое павінны выконваць наведвальнікі: забарона на распіццё алкаголю».
Праваахоўнікі нагадваюць наведвальнікам паркаў і іншых месцаў масавага адпачынку аб неабходнасці захавання ўстаноўленых правілаў. Напрыклад, курэнне і спажыванне тытунёвых вырабаў, роўна як і выкарыстанне электронных сістэм курэння ў забароненых месцах, прыводзіць да штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь. Непаўналетнія ва ўзросце да 16 гадоў не могуць знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых з 23:00 да 6:00. За невыкананне бацькоўскіх абавязкаў прадугледжаны штраф да дзвюх базавых велічынь. Парушэнне Правілаў утрымання і выгулу свойскіх жывёл можа пацягнуць штраф да 15 базавых велічынь.
Захаванне гэтых простых правілаў дапаможа зрабіць адпачынак у парках прыемным і бяспечным для ўсіх. Праваахоўнікі заклікаюць грамадзян праяўляць свядомасць і клапаціцца аб асабістай і маёмаснай бяспецы, а таксама не пакідаць дзяцей і рэчы без нагляду.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Маскоўскага РУУС г. Мінска