Top.Mail.Ru
168

Праваахоўнікі Гомельшчыны забяспечылі грамадскі парадак падчас больш як 4,5 тысячы масавых мерапрыемстваў

Дынаміка станоўчая


Аб выніках работы органаў унутраных спраў рэгіёна за мінулы год расказаў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла.

Як звярнуў увагу кіраўнік сілавога ведамства Гомельшчыны, работа органаў унутраных спраў праходзіла ва ўмовах высокай грамадскай актыўнасці. Праваахоўныя органы вобласці забяспечылі грамадскі парадак, не дапусцілі ўчынення злачынстваў або надзвычайных здарэнняў падчас правядзення больш як 4,5 тысячы масавых культурных, спартыўных і грамадскіх мерапрыемстваў. 


Адным з прыкметных вынікаў работы ў мінулым годзе стала прафесійнае прызнанне на рэспубліканскім узроўні аднаго з раённых падраздзяленняў вобласці. Лоеўскі РАУС атрымаў знакавую ўзнагароду ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў — прыз імя батальёна Уладзімірава.

У цэлым па вобласці праваахоўнікі адзначаюць станоўчую дынаміку аператыўнай абстаноўкі. На працягу апошніх пяці гадоў у Гомельскай вобласці фіксуецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці.

— Гэта вынік сумеснай работы органаў улады, органаў унутраных спраў і ўсіх дзяржаўных структур рэгіёна. Па выніках мінулага года агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася больш як на 20 працэнтаў, а па лініі крымінальнага вышуку — больш як на 30 працэнтаў. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку раскрыты ўсе забойствы, цяжкія цялесныя пашкоджанні, згвалтаванні, разбоі і рабаванні, учыненыя на тэрыторыі вобласці, — адзначыў Аляксандр Шастайла.

У кірунку барацьбы з эканамічнымі злачынствамі павялічылася колькасць выяўленых асоб, якія ўчынілі злачынствы эканамічнай накіраванасці. 


Зоны павышанай увагі 

Значныя вынікі, як падкрэсліў кіраўнік сілавога ведамства Гомельшчыны, дасягнуты і ў сферы супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў. Па лініі наркакантролю выяўлена 507 злачынстваў, з якіх амаль палова звязаны са збытам. Устаноўлена 78 актыўных удзельнікаў сеткавых наркашопаў, канфіскавана звыш 33,5 кілаграма забароненых рэчываў. Ліквідаваная падпольная наркалабараторыя, шэсць інтэрнэт-крам, якія гандлявалі псіхатропамі, і два дзясяткі памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.

Адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў грамадскіх месцах.

Разам з тым, як звярнуў увагу Аляксандр Шастайла, у рабоце органаў унутраных спраў рэгіёна застаецца шэраг напрамкаў, якія патрабуюць павышанай увагі.


— У першую чаргу гэта бяспека дарожнага руху. Нягледзячы на зніжэнне колькасці ДТЗ з пацярпелымі, а таксама нязначнае зніжэнне колькасці параненых і загінулых, гэта праблема па-ранейшаму застаецца актуальнай, — адзначыў начальнік УУС.

Тым не менш у вобласці знізілася колькасць ДТЗ, у якіх пацярпелі непаўналетнія. Была праведзена і значная прафілактычная работа. Супрацоўнікамі ДАІ УУС праведзена больш як 20 акцый па недапушчэнні дзіцячага траўматызму і гібелі дзяцей на дарогах. Правераны стан усіх школьных аўтобусаў, якія ажыццяўляюць перавозку непаўналетніх. 

Актуальнымі ў рэгіёне застаюцца злачынствы маёмаснага характару. Перш за ўсё крадзяжы, а таксама кіберзлачынствы. 

— У сувязі з гэтым у мінулым годзе былі праведзены арганізацыйна-штатныя змяненні. У падраздзяленнях, якія адказваюць за гэтыя напрамкі дзейнасці, у шэрагу раённых аддзелаў уведзены дадатковыя штатныя адзінкі, падабраны супрацоўнікі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку. У далейшым гэта работа будзе ўзмоцнена, — падкрэсліў Аляксандр Шастайла. 

Як было адзначана, за мінулы год сума шкоды, прычыненай грамадзянам кіберзлачынцамі, перавысіла 8 мільёнаў беларускіх рублёў. Падазроныя ўстаноўлены па злачынствах, урон ад якіх склаў 800 тысяч беларускіх рублёў. Гэтыя справы накіраваны ў суд. 


Кантроль і адказнасць наймальнікаў 

Значная ўвага праваахоўнікамі рэгіёна ўдзяляецца і пытанням міграцыі. У сувязі з развіццём бязвізавага рэжыму паток іншаземцаў павялічыўся. Пасля ўнясення змяненняў у заканадаўства адказнасць за размяшчэнне і прыцягненне працоўных мігрантаў ускладзена на наймальнікаў, і гэта пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі органаў унутраных спраў.

Як адзначыў начальнік УУС, у 2025 годзе ў Гомельскую вобласць прыбыло каля 3,5 тысячы працоўных мігрантаў. За парушэнне міграцыйнага заканадаўства ў мінулым годзе да адказнасці прыцягнута 1251 асоба, у тым ліку грамадзяне Беларусі. У дачыненні да наймальнікаў складзены 93 пратаколы за парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб знешняй працоўнай міграцыі. Разам з тым, як падкрэсліў Аляксандр Шастайла, дзякуючы прафілактычным мерам у рэгіёне скарацілася колькасць злачынстваў, учыненых замежнымі грамадзянамі.

Кіраўнік сілавога ведамства Гомельшчыны расказаў аб прыярытэтных напрамках дзейнасці органаў унутраных спраў вобласці з улікам спецыфікі забеспячэння правапарадку на прыгранічных тэрыторый. Паводле яго слоў, пачынаючы з 2022 года, з улікам правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны, для Гомельскай вобласці, у тым ліку для жыхароў раёнаў, што мяжуюць з Украінай, узнік шэраг пагроз. У сувязі з гэтым было прынята дастаткова мер для забеспячэння бяспекі грамадзян. Так, на пастаяннай аснове ў прыгранічных раёнах знаходзяцца супрацоўнікі ўнутраных войскаў, якія ўзмацняюць тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне праваахоўнікаў вобласці з Дзяржаўным пагранічным камітэтам. Варта адзначыць, што менавіта ў прыгранічных раёнах, як і ў цэлым па Гомельскай вобласці, знізілася колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў, у тым ліку адміністрацыйных.

Занятасць людзей 

Як звярнуў увагу Аляксандр Шастайла, у мінулым годзе на Гомельшчыне знізілася колькасць крымінальных дзеянняў, учыненых непрацуючымі, раней судзімымі грамадзянамі і тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Дзякуючы сумеснай рабоце з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама ў рэгіёне дасягнуты пэўныя вынікі на працаўладкаванні раней судзімых грамадзян, якія вызвалены з месцаў пазбаўлення волі.

— Супрацоўнікі органаў унутраных спраў разам з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне правялі зверкі спісаў асоб, якія не заняты ў эканоміцы. У Гомельскай вобласці праверылі больш як 91 тысячу грамадзян. Многія з іх стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях органаў унутраных спраў, падраздзяленнях аховы правапарадку і прафілактыкі. Дзякуючы нашым сумесным дзеянням значна зніжана колькасць працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, — ім аказана дапамога ў працаўладкаванні. Работу ў гэтым напрамку будзем працягваць і ў 2026 годзе, — падкрэсліў Аляксандр Шастайла. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота УУС Гомельскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю