3 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў аб масіраваным удары амерыканскіх ваенных па Венесуэле і захопе прэзідэнта гэтай краіны Нікаласа Мадуры разам з жонкай Сіліяй Флорэс. Аперацыю па іх гвалтоўным вывазе правялі байцы элітнага падраздзялення ПС ЗША Delta Force.
Аляксандр Лукашэнка катэгарычна асудзіў акт амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы
Пра гэта прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант заявіла БелТА.
«Прэзідэнт Беларусі КАТЭГАРЫЧНА АСУДЖАЕ акт амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы. Пра наступствы Аляксандр Лукашэнка казаў зусім нядаўна ў інтэрв’ю якраз амерыканскім журналістам. У прыватнасці, што „гэта будзе другі В’етнам“. І амерыканцам ён не патрэбны», — сказала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
Аб заяве Савета Рэспублікі ў сувязі з агрэсіяй ЗША супраць Венесуэлы
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава ад імя Савета Рэспублікі асудзіла акт узброенай агрэсіі ЗША супраць Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла.
«Я і мае калегі самым рашучым чынам асуджаем узброеную агрэсію ЗША супраць Венесуэлы і лічым гэта незаконным нападам на суверэнную дзяржаву ў парушэнне нормаў і прынцыпаў міжнароднага права.
Удары, нанесеныя не толькі па вайсковых аб’ектах, але і па дзяржаўных установах, уключаючы будынак Парламента краіны, не пакідаюць ніякага сумневу ў вызначэнні гэтых дзеянняў як „узброеная агрэсія“.
Мы заклікаем сусветную супольнасць, парламенты дзяржаў-членаў ААН рашуча асудзіць агрэсію супраць суверэннай Венесуэлы і заклікаць ЗША да захавання міжнароднага права і Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Парламентарыі Савета Рэспублікі перадаюць словы цвёрдай падтрымкі народу Венесуэлы ў гэтыя трывожныя для яго гадзіны і выказваюць салідарнасць са сваімі калегамі з Нацыянальнай асамблеі», — сказала Наталля Качанава.
Заява МЗС Беларусі ў сувязі з узброенай агрэсіяй супраць Венесуэлы:
«Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь катэгарычна асуджае ўзброеную агрэсію, учыненую 3 студзеня 2026 года супраць суверэннай дзяржавы Венесуэла, і разглядае яе як прамую пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы.
Беларускі бок заяўляе аб сваёй непахіснай падтрымцы законнага ўрада Венесуэлы і далучаецца да закліку аб тэрміновым скліканні Савета Бяспекі ААН, на які ўскладзена галоўная адказнасць за падтрыманне міру.
Дыпламатычная місія Беларусі ў Каракасе працуе ў штатным рэжыме, яе персанал у бяспецы. Вядзецца работа па маніторынгу сітуацыі з беларускімі грамадзянамі, інфармацыі аб экстрэмальных здарэннях з імі не паступала.
Рэспубліка Беларусь падкрэслівае: права венесуэльскага народа самастойна вызначаць свой лёс з’яўляецца непарушным. Ніякія формы вонкавага ўмяшання, асабліва сілавога, не могуць быць апраўданы».
Як адзначыў міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына Лопес, падчас боесутыкнення была забіта практычна ўся ахова кіраўніка дзяржавы і выпадковыя грамадзянскія асобы, якія апынуліся побач. ТАСС са спасылкай на газету The New York Tіmes паведаміла, што колькасць загінулых у выніку правядзення ЗША ваеннай аперацыі ў Венесуэле павялічылася да 80-ці.
Характэрна, што адміністрацыя Трампа дачакалася, калі Кангрэс сыдзе на выхадныя дні і апавясціла яго кіраўніцтва аб аперацыі толькі пасля яе завяршэння, спаслаўшыся, што магла прасачыцца сакрэтная інфармацыя.
Асаблівы цынізм дзеянням амерыканскіх вайскоўцаў надаў той факт, што яны нанеслі авіяўдар па будынку былога ваеннага музея, які пасля смерці Уга Чавеса быў пераабсталяваны ў яго маўзалей.
Паводле заяў амерыканскага пракурора Памэлы Бондзі, Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс абвінавачаны ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка ў змове з мэтай наркатэрарызму, змове з мэтай імпарту какаіну, валоданні аўтаматычнай зброяй і разбуральнымі прыладамі, а таксама змове з мэтай валодання аўтаматычнай зброяй і разбуральнымі прыладамі супраць Злучаных Штатаў.
Што ж, гісторыя паўтараецца. Выкраданне Нікаласа Мадуры разам з жонкай, амерыканскія абвінавачванні ў «наркатэрарызме» і ваенная аперацыя — гэта прамое рэха падзей 1989 года, калі ЗША такім жа чынам і пад той жа падставай зрынулі законна абранага панамскага лідара Мануэля Нар’егу.
Тады Нар’егу абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі і парушэннях правоў чалавека, даставілі ў Маямі і асудзілі на 40 гадоў турмы. Але заяўленыя мэты не былі дасягнуты: усяго праз паўтара года наркатрафік у Панаме вярнуўся да ранейшых аб’ёмаў.
У Венесуэле мы назіраем аналагічны сцэнарый: гучныя абвінавачванні, выкраданне кіраўніка дзяржавы і перспектыва амерыканскага суда (з магчымым смяротным прысудам). Сапраўдныя матывы Вашынгтона — кантроль над нафтай, золатам і рэдказямельнымі рэсурсамі, а наркатычная тэма толькі зручнае апраўданне.
Тым часам Вярхоўны суд Венесуэлы прызначыў выканаўчага віцэ-прэзідэнта Рэспублікі Дэлсі Радрыгес выконваючай абавязкі кіраўніка дзяржавы. Яна заявіла, што Венесуэла не стане нічыёй калоніяй, а таксама заклікала неадкладна вызваліць Мадуру і яго жонку.
Сусветная рэакцыя на агрэсію ЗША ў дачыненні да Венесуэлы — Беларусь, Расія, Кітай, Куба, Калумбія, Бразілія, Іран, Нікарагуа, Уругвай, Іспанія, Сербія, Мексіка, Чылі, Філіпіны і іншыя краіны асудзілі дзеянні ЗША.
У МЗС Францыі заявілі, што ваенная аперацыя ЗША ў Венесуэле і захоп прэзідэнта гэтай краіны супярэчаць міжнароднаму праву.
Аргенціна, ФРГ, Італія, Украіна, Ізраіль і Польшча станоўча адрэагавалі на выкраданне Мадуры. Кіраўнік еўрадыпламатыі Кая Калас заклікала ЗША да стрыманасці, адзначыўшы, што ЕС не лічыць Мадуру легітымным прэзідэнтам.
Папа Рымскі Леў XІV заклікаў да захавання суверэнітэту Венесуэлы, а генсакратар ААН выказаў занепакоенасць у сувязі з эскалацыяй сітуацыі ў Венесуэле.
— Гэтыя падзеі ствараюць небяспечны прэцэдэнт, — заявіў прэс-сакратар Генеральнага сакратара Стэфан Дзюжарык.
Паводле яго слоў, Антоніу Гутэрыш працягвае падкрэсліваць важнасць поўнага захавання ўсімі краінамі нормаў міжнароднага права, у тым ліку Статута ААН.
— Генеральны сакратар глыбока занепакоены тым, што нормы міжнароднага права не выконваюцца, — адзначыў прэс-сакратар.
Дарэчы, Калумбія склікала тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН у сувязі з агрэсіяй ЗША ў Венесуэле, якое павінна адбыцца ў панядзелак, 5 студзеня, у 18:00 паводле мінскага часу. На момант падпісання нумара інфармацыі аб выніках яго разгляду яшчэ не было.
Акрамя таго, у гэты ж дзень Нікаласу Мадуру афіцыйна павінны зачытаць абвінавачванні ў нью-ёркскім судзе апоўдні панядзелка (20.00 па мінскім часе).
Мы працягнем сачыць за падзеямі і інфармаваць пра іх нашых чытачоў.
Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ
«Гэта не пра тое, каб выратаваць Амерыку ад наркотыкаў»: эксперты — аб сітуацыі ў Венесуэле
Падзеі ў Венесуэле выклікалі рэзананс у сусветнай экспертнай супольнасці. Ці так адназначна выглядае нагода барацьбы з наркапагрозай для амерыканскага грамадства? Ці ў нападзе на Каракас і выкраданні Мадура ўсё ж можна разглядзець таемныя спружыны палітыкі? Разбіраліся разам з экспертамі.
Уся справа ў нафце
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі з гэтай нагоды адзначыў у сваім ТГ-канале:
— Што вырашае само па сабе знікненне Мадура з палітычнай арэны Венесуэлы? Многае, але далёка не ўсё. Рэжым праўлення ў Венесуэле не столькі персаналісцкі, колькі ідэалагічны. Для дасягнення сваіх мэт Штатам неабходна адхіліць ад улады чавістаў.
На думку эксперта, у выпадку крушэння чавізму ў Венесуэле пад пагрозай апынецца ўвесь «чырвоны пояс» у Лацінскай Амерыцы: ЗША імкнуцца вярнуць пад свой кантроль Заходняе паўшар’е.
Парламентарый звярнуў увагу на фактычную адсутнасць у цяперашніх рэаліях міжнароднага права:
— Пасля таго, што ўтварылі амерыканцы з Мадура, выкраўшы спячага прэзідэнта суверэннай краіны, санкцыі Захаду супраць Беларусі, фармальна ўведзеныя з-за пасадкі пасля сігналу аб тэрарыстычнай пагрозе самалёта Ryanaіr у Мінску і канфіскацыі Рамана Пратасевіча, які цяпер працуе на беларускім тэлебачанні, выглядаюць не проста бязглузда, а нават недарэчна.
Безумоўна, гэтыя санкцыі ніхто не адменіць, але калі нейкі празаходні дурань пачне расказваць пра «дэмакратыю», то такому чалавеку можна смела пляваць у твар.
Ніякіх правіл у «свеце, заснаваным на правілах», у прынцыпе і не было, аднак цяпер формула «дурню закон не пісаны» афіцыйна стала асновай міжнародных адносін замест Статута ААН і ўсіх шматлікіх канвенцый, якіх ніхто ніколі не чытаў, за выключэннем навукоўцаў, якія абаранілі цяпер нікому не патрэбныя дысертацыі па міжнародным праве.
Ваенны эксперт Ігар Чыбісаў у эфіры тэлеканала АНТ выказаў меркаванне, што ЗША трэба было паказаць, хто гаспадар:
— Варта адзначыць, што напад быў без дазволу Савета Бяспекі ААН. Гэта значыць, яны захацелі — яны пачалі бамбёжку. І гэтым паказалі, што яны, кіраўніцтва Злучаных Штатаў, што хочуць, тое і могуць рабіць у свеце, ніхто ім не ўказ.
Эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка, у сваю чаргу, акцэнтаваў увагу на надуманасці прычыны для ўварвання ЗША ў Венесуэлу:
— Наркатрафік — гэта не прычына, гэта нагода, таму што наркатрафікам грашыць уся Лацінская Амерыка. І тады атрымліваецца, Венесуэла адказвае за ўсіх адразу разам? Не. Венесуэла — адзіная краіна, у якой ёсць нафта. Нафта, з якой можна здабываць, ну, ва ўсякім разе, атрымліваць вельмі шмат рэсурсаў. Амерыка і амерыканскія кампаніі штогод страчваюць на замарожаных нафтавых актывах у Венесуэле да 10 мільярдаў долараў. Таму гэта істотны момант, і я думаю, што тут ляжыць эканоміка праз палітыку, а ўсё астатняе ўжо так, дадатак.
Самы час Глабальнаму Поўдню паказаць сваю сілу
Тэлевядучы Рыгор Азаронак у эфіры тэлеканала СТБ падкрэсліў той факт, што не было яшчэ ніводнага прэзідэнта ЗША, які не пачаў вайну:
— Была атакавана Венесуэла. Сапраўды, каб вялікаму «міратворцу» завяршыць 10-ы канфлікт, яго трэба пачаць. Ды як адважылася Венесуэла знаходзіцца над амерыканскай нафтай? Што адбылося? Не верце ні ў якую цудоўную аперацыю «Камандас». Па іх не стралялі — не спрацавала сістэма СПА. Як і з Іракам. Падкупілі і схапілі суверэннага лідара. Беларусь катэгарычна асудзіла гэты нахабны, бандыцкі, шалёны крок. Вось так, без усялякіх заклапочанасцяў. Усё — права няма. Можаце склікаць саўбезы, можаце абурацца. На гэта ўсім напляваць. Абсалютна.
Ён нагадаў яшчэ раз, што не было яшчэ ніводнага прэзідэнта ЗША, які б не пачаў вайны:
— Клінтан бамбіў Югаславію, Буш — Ірак і Афганістан, Абама — Лівію, Байдэн распаліў пажарышча Украіны. І вось прыйшоў «міратворац». І што ён робіць у імя міру? Бамбіць. І не толькі жывых, але і мёртвых. Удар з паветра нанесены па маўзалеі Уга Чавеса. З жывым не справіліся, вырашылі магілу знесці?
З гэтай нагоды член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Вадзім Гігін трапна выказаўся ў сваім ТГ-канале:
— Янкі б’юць наводмаш! Якая ваенная мэта можа быць у маўзалеі Уга Чавеса? Гэта цэлы мемарыяльны комплекс. Яго выкарыстоўвалі як камандны пункт толькі ў 1992 годзе, калі Уга Чавес распачаў няўдалую спробу прыходу да ўлады. Цяпер гэта выключна гісторыка-культурны аб’ект. Там усяго адна гармата, якая страляе раз у дзень, у 16.25 — гэта час, калі пайшоў з жыцця Уга Чавес. І ўсё ж такі б’юць па ім і б’юць свядома. Наносяць удар па сімвалах, каб зламаць волю да супраціву.
Рыгор Азаронак упэўнены, што настаў час інтэграцыйных аб’яднанняў паказаць сябе:
— А вось і праверка для ўсіх нашых «брыксаў» і «шасаў». Трэба даўно рабіць тое, што кажа Лукашэнка: ствараць міжнародныя ваенныя арганізацыі, а не рэзалюцыі бездапаможныя кляпаць. Трэба, нарэшце, адважыцца і выкідваць долар з міжнароднага гандлю.
Дарэчы, прыклад падобнай кансалідацыі прывёў Вадзім Гігін:
— 17 кастрычніка 1973 года ўсе арабскія краіны — члены АПЕК, а таксама Егіпет і Сірыя заявілі, што не будуць пастаўляць нафту тым дзяржавам, якія падтрымалі Ізраіль падчас чарговай араба-ізраільскай вайны. Пад ударам апынуліся ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Нідэрланды і Японія. Кошт нафты падняўся з трох да 12 долараў за барэль, пачаўся сусветны эканамічны крызіс. Вось і цяпер самы час глабальнага Поўдня, глабальнай большасці паказаць сваю сілу. Ці ж прызнацца, што пакуль усе заявы аб шматпалярнасці — проста словы і мары аб выдатным заўтра. А можа, і паслязаўтра.
Экс-падпалкоўнік арміі ЗША Дэніэл Дэвіс сцвярджае, што амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп загадаў атакаваць Венесуэлу без важкіх на тое падстаў.
— Гэта не пра тое, каб выратаваць Амерыку ад наркотыкаў. Проста зразумейце, што ўсё цалкам і цалкам сфабрыкавана, — заявіў Дэвіс, звяртаючыся да амерыканцаў.
Эксперт адзначыў, што ў Вашынгтоне не пакінулі б без увагі падобны інцыдэнт, калі б ён адбыўся з самімі Злучанымі Штатамі. Па словах Дэвіса, спосаб, якім усё было арганізавана і прадстаўлена, ужо шмат што кажа пра сітуацыю.