«Дарыць увагу і клопат старэйшаму пакаленню — наш штодзённы абавязак»
Ініцыятыва беларускага лідара знайшла водгук у грамадстве. Ветэраны, адзінокія пажылыя грамадзяне і пенсіянеры, якія пражываюць адны, у гэтыя святочныя дні прымаюць гасцей. Да іх едуць з віншаваннямі і падарункамі, словамі ўдзячнасці і павагі да старэйшага пакалення.
«Дзяржава падстаўляе плячо тым, хто апынуўся ў няпростай сітуацыі»
Павіншаваць з Новым годам і Раством Хрыстовым жыхароў Браслаўскага сацыяльнага пансіяната «Азёрны», які знаходзіцца ў вёсцы Заборныя Гумны, прыехаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА.
Наведванне пансіяната супала з прафесійным святам работнікаў сацыяльнай абароны. У гэтай дзяржаўнай установе працуе каля 60 чалавек, якія арганізуюць і догляд, і лячэнне па неабходнасці, ствараюць умовы, каб людзі, якія знаходзяцца тут, знайшлі свой другі дом і адчувалі сябе камфортна. У кожнага пастаяльца за плячыма свой жыццёвы, працоўны шлях і свой лёс.
«На прыкладзе гэтага пансіяната мы бачым, як дзяржава клапоціцца аб людзях пажылога ўзросту. Такіх дзяржаўных пансіянатаў у краіне 89, у якіх знаходзяцца 20 тысяч чалавек. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава падстаўляе плячо тым, хто апынуўся ў няпростай сітуацыі з розных прычын», — адзначыў Ігар Сергяенка.
На сёння ў пансіянаце «Азёрны» — 107 пражываючых. Прыязджаюць сюды з усёй Віцебскай вобласці. У асноўным гэта інваліды першай і другой груп. Шмат цяжкіх ляжачых хворых, больш за 40 чалавек. Ёсць пастаяльцы, якія перамяшчаюцца самастойна.
Трапляюць сюды па пуцёўцы ад камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Асабістыя справы жыхароў фарміруюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў. Забеспячэнне — дзяржаўнае ці платнае. На ўмовах аплаты знаходзяцца людзі сталага веку, у якіх ёсць дзеці працаздольнага ўзросту, не інваліды. Іх родным неабходна даплачваць да кошту поўнага ўтрымання.
Па словах саміх пастаяльцаў, яны задаволены ўмовамі, што створаны ў сацыяльным пансіянаце. «Вельмі камфортна, — падзяліўся жыхар Шаркаўшчыны Уладзімір Баговіч, які ў пансіянаце пражывае 10 месяцаў. — Браслаўшчына ўвогуле вельмі прыгожая. І наш дом размешчаны ў прыгожым месцы. Асабліва летам вельмі прыгожа. Кіраўніцтва пастаралася ўсё акультурыць: высаджваюцца кветкі, устаноўлены лаўкі, альтанкі, дзе можна пасядзець, адпачыць.
У пансіянаце арганізавана насычаная забаўляльная дзейнасць. Хтосьці займаецца спортам — тут працуе добры інструктар. Ёсць магчымасць займацца рукадзеллем, маляваць. Прадугледжана і культурная праграма.
«Мы рады, калі да нас прыязджаюць людзі, — заўважыла Наталля Лашнёва. — Хоць кожны дзень можам сустракаць гасцей. Вельмі прыемна, калі з канцэртамі да нас прыязджаюць. Нават ляжачыя хочуць паглядзець які-небудзь канцэрт. Наогул скарг на гэты інтэрнат няма ніякіх. Наадварот, я рада, што трапіла сюды. Тут добра і спакойна».
Дырэктар сацыяльнага пансіяната Сяргей Аліхвер, працягваючы тэму вольнага часу пастаяльцаў, расказаў аб забавах: гэта і караоке, і гульні, і гурткі па інтарэсах, і скандынаўская хада. «На прагулку выходзяць усе, нават тыя, хто на інвалідных калясках. Летам шацёр ставім, каб арганізаваць чаяванне», — сказаў ён.
Пастаяльцы пражываюць па два чалавекі, у кожным пакоі ёсць санвузел. Няма праблемных пытанняў ні з харчаваннем, ні са шпіталізацыяй. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кадраваму пытанню, таму і кадрамі пансіянат укамплектаваны на 100 %. Дарэчы, прафесійны падыход дазволіў установе паспяхова вытрымаць ковідны перыяд. Дзякуючы вахтаваму метаду працы (супрацоўнікі прыступалі да работы на перыяд 14 дзён пасля праходжання тэсціравання) у пансіянаце не дапусцілі ніводнага выпадку захворвання COVІD-19 сярод пражываючых, нягледзячы на тое, што гэта пансіянат агульнага тыпу.
«Людзі адгукаюцца на такую падтрымку»
Пастаяльцаў і персанал Брэсцкага сацыяльнага пансіяната «Прыбужжа» з навагоднімі святамі павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК. Музыканты Брэсцкага абласнога канцэртнага аркестра духавой і эстраднай музыкі падрыхтавалі перфоманс. Прыбраўшыся ў навагоднія каўпакі, яны выканалі папулярныя навагоднія і калядныя мелодыі. Узначаліў працэсію Дзед Мароз.
У сацыяльным пансіянаце пражывае каля 130 чалавек пераважна з Брэста і Брэсцкага раёна. Гэта людзі з інваліднасцю першай і другой груп, пажылыя грамадзяне. Самаму маладому пастаяльцу — 24 гады, самай старэйшай ужо споўніўся 101 год. Пры неабходнасці жыхары атрымліваюць медыцынскую тэрапію, створаны магчымасці для правядзення комплекснай рэабілітацыі, у тым ліку сацыяльнай і працоўнай.
Пётр Пархомчык перадаў пансіянату сертыфікат на набыццё монаблока. «Усе мы прывыклі сустракаць Новы год каля ёлкі сярод родных і сяброў. Але ёсць людзі, якія па пэўных прычынах пазбаўлены такой магчымасці. Дзяржава клапоціцца аб тым, каб яны таксама адчулі цяпло», — падкрэсліў кіраўнік Брэсцкай вобласці. Ён дадаў, што асаблівай увагі заслугоўваюць пажылыя людзі, якія многія гады працавалі на карысць краіны. Цяпер яны маюць патрэбу ў падтрымцы.
«У нас, як нідзе, пенсіянеры могуць увасабляць свае праекты»
У Вялікім тэатры Беларусі для больш як тысячы пажылых грамадзян з усёй краіны прайшоў канцэрт. Сярод гасцей — наведвальнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі саветаў пажылых грамадзян і валанцёры. Інтэрактыўная праграма пачалася яшчэ ў фае. Гасцей сустракалі Дзед Мароз са Снягуркай.
«Мы з Магілёва. З задавальненнем наведалі тэатр. Атмасфера тут невымоўная, казачная. Чакаеш нейкіх цудаў. Мы дарослыя людзі, але радуемся як дзеці. Ранішнік прайшоў наш на ўра», — падзялілася ўражаннямі з журналістамі Наталля Мазніцкая.
Соф’я Рудзік з Чэрвеня расказала, што ёй вельмі прыемна быць на такім мерапрыемстве. «Тут ёсць магчымасць паглыбіцца ў атмасферу прыгожага, пагутарыць з людзьмі. Вельмі радуе, што праходзяць такія мерапрыемствы, што нас любяць, паважаюць і падтрымліваюць, не забываюць пра нас», — адзначыла жанчына.
«Дарыць увагу і клопат старэйшаму пакаленню — наш штодзённы абавязак, — падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА. — У рамках ініцыятывы кіраўніка дзяржавы, дабрачыннай акцыі „Ад усёй душы“, розныя віды ўвагі да пажылых людзей усё больш умацоўваюцца ў нашым грамадстве. У першую чаргу на ўзроўні працоўных калектываў, якія праводзяць сустрэчы або наведваюць дома былых работнікаў. Нават у рамках маленькіх раённых цэнтраў праходзяць канцэрты творчых калектываў, таксама праходзяць рэспубліканскія мерапрыемствы. Але гэтым работа ў годзе не заканчваецца».
Міністр культуры Руслан ЧАРНЕЦКІ дадаў, што такія мерапрыемствы — магчымасць падзякаваць старэйшаму пакаленню за іх шматгадовую працу. «Мы можам сказаць дзякуй за ўсё, што гэтыя людзі зрабілі, за ўсю іх працу, за ўсе бяссонныя ночы і патрачаныя нервы, за тыя магчымасці, якія цяпер ёсць у нашага пакалення і ў нашых дзяцей. Гэта, напэўна, самае малое, што мы можам зрабіць», — сказаў міністр. Такія акцыі, на яго думку, даюць магчымасць нагадаць пажылым людзям, што цяперашняе пакаленне мае патрэбу ў іх вопыце.
Падзяка за ўнёсак у развіццё краіны і сённяшні дабрабыт
Ветэранаў вайны і працы, былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, жыхароў сацыяльных устаноў з Новым годам і Калядамі павіншавала моладзь Гродзенскай вобласці.
«Дарослым таксама трэба верыць у цуд, таму моладзь рэгіёна ў рамках рэспубліканскай акцыі „Ад усёй душы“ дорыць свята пажылым людзям», — расказалі ў абкаме БРСМ. У кожным раёне актывісты маладзёжнай арганізацыі з канцэртамі і падарункамі прыязджаюць у госці да землякоў старэйшага пакалення.
Так, напрыклад, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта арганізавалі святочны паказ для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Ленінскага раёна Гродна. Больш за 50 пажылых гродзенцаў сталі ўдзельнікамі навагодняга ранішніка з песнямі, танцамі, конкурсамі і візітам Дзеда Мароза са Снягуркай.
«Мы лічым, што сувязь пакаленняў дапамагае падтрымліваць маральны дух і адзінства ў нашай краіне. Навагодні настрой — гэта не толькі дзіцячы прывілей. Дарослым таксама неабходна верыць у цуд», — падзялілася студэнтка 4га курса ГрДМУ Ірына Жыла.
У Ашмянах віншаванні прымаў былы малалетні вязень Васіль Жаўняк. У госці да яго прыйшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ТЦСАН, прафсаюза і валанцёры «сярэбранага» ўзросту. Валанцёры атрада «Стварай дабро» Іўеўскага дзяржаўнага каледжа наведалі ветэранаў педагагічнай працы, павіншавалі іх з каляднымі і навагоднімі святамі, паднеслі салодкія падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі каледжа, выказалі словы глыбокай удзячнасці. У Бераставіцкім раёне павіншавалі з навагоднімі святамі ветэрана вайны і малалетніх вязняў. У рамках дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» кіраўніцтва Бераставіцкага райвыканкама і лідары раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў наведалі іх з падарункамі.
Паводле БелТА