Top.Mail.Ru

Працуючы за межамі Авальнай залы, дэпутат дапамагае сваім выбаршчыкам вырашаць многія пытанні, некаторыя з іх — жыццёва важныя

«Работа ў акрузе дазваляе даведацца, чым дыхае выбаршчык»

Дэпутацкі стаж у Васіля Панасюка салідны — ён прапрацаваў некалькі скліканняў у Мінгарсавеце, у тым ліку ў якасці старшыні. Затым быў выбраны ў Палату прадстаўнікоў, дзе цяпер узначальвае Пастаянную камісію па эканоміцы і фінансах. Сёння Васіль Васільевіч — наш суразмоўца, ён расказвае пра тое, як сумяшчае сваю заканатворчую дзейнасць з работай у акрузе, з чым да яго прыходзяць людзі і якой дапамогі чакаюць.

Наколькі работа ў гарсавеце адрозніваецца ад работы ў Палаце прадстаўнікоў — першае, аб чым мы запыталіся ў парламентарыя

Да таго, як адказаць на яго, Васіль Панасюк вызначыў галоўны акцэнт нашай размовы — усё, што робіцца і ў гарадскім Савеце, і ў парламенце — робіцца для людзей. Яшчэ да свайго дэпутацтва, будучы дырэктарам электрастанцыі, ён прыйшоў да ўсведамлення таго, што добрыя заробак і ўмовы працы — гэта далёка не ўсё. Адпаведны настрой пачынае фарміравацца, калі чалавек выходзіць за межы сваёй кватэры — у чысты пад’езд і дагледжаны двор, едзе на працу па добрай дарозе. А яго дзеці знаходзяцца пад надзейным наглядам, у дзіцячым садку ці школе.

— Вырашаць сацыяльныя пытанні, рабіць навакольную рэчаіснасць камфортнай і ствараць, як гаварылася вышэй, настрой — гэтыя мэты і падштурхнулі мяне балатавацца ў дэпутаты.

Што датычыцца адрозненняў, то наш суразмоўца выбранне ў парламент разглядае як выхад на новы ўзровень развіцця.

— Іншы стыль работы, іншыя задачы, — дзеліцца дэпутат. — У горадзе мы займаліся нарматворчай дзейнасцю: распрацоўвалі і прымалі нормы, правілы і законы для камфорту гарадскога асяроддзя, абароны правоў выбаршчыкаў-мінчан. 

У Палаце прадстаўнікоў — больш высокі ўзровень: гэта выпрацоўка і прыняцце нарматыўна-прававых актаў у маштабе краіны.

Аднак яго першая ступень дэпутацтва прынесла неацэнны вопыт: ён ведае не па чутках пра галоўныя спадзяванні, патрэбы і жаданні выбаршчыкаў, ён ведае, чым яны дыхаюць, і гэта дапамагае вырашаць многія сацыяльныя задачы, але ўжо на больш высокім узроўні.

Кальварыйская выбарчая акруга, якая знаходзіцца ў Фрунзенскім раёне сталіцы, — для Васіля Васільевіча родная. І не толькі таму, што тутэйшыя выбаршчыкі выдалі кандыдату мандат даверу. Гэта сапраўды родны раён парламентарыя, дзе ён жыве ўжо амаль сорак гадоў.

— Я з задавальненнем і радасцю назіраю, як ён развіваецца і прыгажэе, — расказвае Васіль Панасюк. — Удвая прыемна ўсведамляць, што да гэтых ператварэнняў дакранулася і твая дэпутацкая рука.

Але гэта, на яго думку, адзін бок медаля.

— Калі людзі пачынаюць цябе пазнаваць, то можна і такое пачуць: дэпутат, а чаму ў нас у двары нешта не так? Адны абураюцца тым, што няма дзіцячай пляцоўкі, іншыя даказваюць, што лепш замест яе зрабіць стаянку для аўтамабіляў. І такіх спрэчак, паверце, нямала — тады дэпутату даводзіцца выконваць ролю трацейскага суддзі.

Патрабаванні да камфорту ў сталічных жыхароў высокія, лічыць парламентарый, часта жыхары некалькіх дамоў вылучаюць дыяметральна супрацьлеглыя прапановы, як у выпадку: паркоўка ці дзіцячая пляцоўка.

— У такой спрэчцы я не павінен прымаць чыйсьці бок, лепш растлумачыць, што перагружаная паркоўка на дваровай тэрыторыі — гэта шкодна для ўсіх з-за загазаванасці, гэта небяспечна для дзяцей, якія гуляюць побач, і гэтак далей, — тлумачыць свае метады работы з выбаршчыкамі дэпутат.

Яшчэ ён упэўнены, што з людзьмі трэба размаўляць, бо іншы раз правільна пастаўленае пытанне ў такой размове дапамагае людзям пераасэнсаваць свае паводзіны, сваё стаўленне да той ці іншай праблемы:

— Дастаткова, напрыклад, спытаць: а што вы зрабілі ці прапанавалі, каб ваш дом, двор ззялі чысцінёй, прыгажосцю і былі для ўсіх жыхароў бяспечнымі?

Дзеля справядлівасці — на прыём да дэпутата выбаршчыкі сталі часцей прыходзіць не са скаргамі або прэтэнзіямі, а з цалкам здаровымі і карыснымі прапановамі, якія не толькі бяруцца на ўвагу, але і паспяхова вырашаюцца.

Цудоўны парк, сучасная паліклініка, пашыраная дарога. Гэта не поўны спіс аб’ектаў, да якіх, як гаварылася вышэй, Васіль Панасюк прыклаў сваю дэпутацкую руку.

Парламентарый жартуе: дэпутат сам не капае зямлю, не будуе будынкі і дарогі. Яго работа — звярнуць увагу пэўных дзяржорганаў на неабходнасць правядзення рэканструкцыі альбо мадэрнізацыі якога-небудзь сацыяльнага аб’екта, з вылучэннем неабходнага фінансавання, «праціснуць» яго і давесці пачатую справу да пераможнага канца.

Парламентарый з асаблівым гонарам гаворыць аб добраўпарадкаваным парку з дзіцячымі пляцоўкамі і сімпатычнымі алеямі, які стаў любімым месцам адпачынку для дарослых і дзяцей.

Другім сур’ёзным аб’ектам прыкладання намаганняў стала пашырэнне вуліцы Матусевіча, якая звужалася ў раёне перасячэння вуліцы П. Глебкі.

— З павелічэннем транспартнага патоку, які актыўна рушыў з раёна Каменная горка, гэты ўчастак дарогі стаў праблемным, і было прынята рашэнне яго пашырыць. Цяпер транспартная лагістыка па гэтым участку значна павялічылася, — канстатуе парламентарый.

Пытанне аб рэканструкцыі і мадэрнізацыі цэнтралізаванай паліклінікі, што на вуліцы Якубоўскага, вельмі доўга не вырашалася. Доўгі час там размяшчаўся звычайны заводскі пункт аховы здароўя, а сёння — гэта сучасная, аснашчаная ўсім неабходным паліклініка. У арсенале зробленага для жыхароў раёна — рэканструкцыя дзіцячай інфекцыйнай бальніцы і іншыя аб’екты.

Штомесяц дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на тыдзень адпраўляюцца працаваць у свае акругі.

Сказаць, што кожны дзень гэтага тыдня распісаны па хвілінах, значыць, не сказаць нічога. Асабісты прыём грамадзян, які Васіль Васільевіч сумяшчае з размовамі з выбаршчыкамі па тэлефоне, наведванне працоўных калектываў, школ, дзіцячых садкоў і шмат чаго іншага.

— У мяне жалезнае правіла — ісці ў тыя калектывы, дзе чакаюць людзі з іх пытаннямі і праблемамі, — кажа дэпутат. — Там як правіла, і размова, і праца бываюць сур’ёзнымі.

Літаральна да 1 верасня дэпутаты маніторылі гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года і правяралі, ці забяспечвае айчынны гандаль неабходнымі таварамі для школьнікаў. Не пакідаюць без увагі і маладых спецыялістаў, якія нядаўна выйшлі за сцены ўніверсітэтаў і ўліліся ў працоўныя калектывы.

— Так што ў акрузе, акрамя класічных сустрэч, мы адсочваем на месцах сітуацыю па самых актуальных пытаннях жыццядзейнасці нашага грамадства, а гэта і ёсць аснова заканатворчай работы, — рэзюмаваў Васіль Панасюк.

З чым прыходзяць людзі на асабісты прыём?

— Асабісты прыём на тое і асабісты, каб людзі даносілі да свайго выбранніка свае просьбы, спадзяванні, прапановы, — мяркуе Васіль Васільевіч. — Бывае, што прыходзяць з пытаннямі, якія могуць вырашыць самі або на ўзроўні мясцовай улады. Часта, напрыклад, звяртаюцца маладыя бацькі з прэтэнзіяй па ўладкаванні дзіцяці ў яслі альбо садок, хоць сёння ў вольным доступе ёсць сайт, дзе ў рэжыме рэальнага часу штодня абнаўляецца інфармацыя аб наяўнасці там свабодных месцаў. Але здараюцца і выпадкі, калі звяртаюцца па дапамогу да дэпутата як да апошняй інстанцыі — калі ўсе іншыя магчымасці вычарпаныя. Ёсць пытанні на мяжы правільнасці разумення чыноўнікамі дзеючага заканадаўства — тады разбіраемся, і часам сітуацыю ўдаецца павярнуць на карысць грамадзян.

Прыходзяць людзі і са сваім болем. На адных са сталічных могілак зламыснікі скралі з пахавання дарагі помнік. Да дэпутата па дапамогу звярнуліся сваякі памерлага.

— Гаворка не ішла пра кошт надмагілля, — дзеліцца Васіль Васільевіч. — Людзі прасілі абараніць памяць аб дарагім чалавеку. Кіраўніцтва спецкамбіната, у падпарадкаванні якога знаходзіліся могілкі, свой відавочны недагляд, калі з ахоўнай тэрыторыі быў вынесены не вянок, не кветка, а цэлы помнік, прызнала. У выніку на магіле быў усталяваны новы помнік.

Дэпутат прызнаецца, што гэты эпізод, гэта сустрэча і вера тых людзей у тое, што ён дапаможа ім у бядзе, асабліва ўрэзаліся ў душу. Напэўна таму, што ён з самага пачатку сваёй дзейнасці вызначыў, што на вырашэнні такіх, вельмі асабістых пытанняў, шчыра і па-чалавечы, будуецца аўтарытэт дэпутата ў выбаршчыкаў.

Алена ВІНАГРАДАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю