Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартаваў з даклада Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі напярэдадні адкрыцця чацвёртай сесіі. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках папярэдняй парламенцкай сесіі і аб падрыхтоўцы да новай.
«Заканатворчая работа — цяжкая праца. Яна не церпіць нейкіх усплёскаў»
Кіраўнік дзяржавы падзяліў даклад Старшыні Палаты прадстаўнікоў на дзве часткі. Па-першае, беларускага лідара цікавіла, як гатовы парламент да будучай сесіі, якая пачнецца 15 верасня, што з праектамі законаў і якая магчыма патрабуецца дапамога. Прэзідэнта таксама цікавіла, як працуюць дэпутаты і ці ёсць да каго прэтэнзіі.
«Я так бачу, што ў агульным парламент працуе нядрэнна, — заўважыў беларускі лідар. — Палата прадстаўнікоў займаецца сваімі справамі. Разумею, што ў каляі Палата ў цэлым, ды і дэпутаты. Такіх асаблівых насцярожанасцяў я не бачу. І як былы дэпутат, я разумею, што справы ідуць спакойна і нядрэнна. Законатворчая работа — цяжкая праца. Яна не церпіць нейкіх усплёскаў. Наш парламент займаецца сваёй справай».
Другая частка дакладу, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, — работа ў Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Сергяенкі, які з’яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта ў гэтым рэгіёне, як ідуць справы, якія ўражанні складваюцца па рабоце вобласці. Асобна Аляксандр Лукашэнка спытаў пра дзейнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія курыруе кіраўніцтва парламента.
«Вы шмат займаецеся з Наталляй Іванаўнай Качанавай (Старшынёй Савета Рэспублікі. — „Зв.“) Віцебскай вобласцю. Я інфармаваны, што ў вас калгас ёсць, адказныя вы за гэта. І яна таксама. Гэта вельмі правільна, — заўважыў беларускі лідар. — Фінансава дапаможаце, не дапаможаце — гэта пытанне не галоўнае. Але тое, што вы бачыце праблему і можаце своечасова падналадзіць, адрэгуляваць тое, што трэба, — для мяне гэты вопыт цікавы. Запросіце — я з задавальненнем хацеў бы пабываць у вашай гаспадарцы, якую курыруеце».

«Дэпутаты набылі вопыт работы па падрыхтоўцы законапраектаў»
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка далажыў, што за два з паловай гады работы восьмага склікання (практычна палова тэрміну) выбудаваная сістэма рэалізацыі дэпутацкіх паўнамоцтваў і дзяржаўнай палітыкі ў развіццё даручэнняў Прэзідэнта.
«Дэпутаты набылі за гэты перыяд вопыт работы па падрыхтоўцы законапраектаў, рыхтуючы канкрэтныя законапраекты, выступаючы на пасяджэннях, задаючы пытанні, каментуючы ў сродках масавай інфармацыі, набылі і пэўны вопыт міжнароднай дзейнасці. Ну і, вядома ж, немалаважна — гэта работа ў выбарчых акругах», — канкрэтызаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

За трэцюю сесію Палаты прадстаўнікоў прынята 89 законапраектаў, 11 з якіх — у першым чытанні. Па 78 работа цалкам завершана, і яны сталі законамі. Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў адкрыецца 15 верасня. Адна з яе ключавых задач — прыняцце бюджэтна-падатковага пакета на 2027 год.
У ходзе чацвёртай сесіі дэпутацкі корпус працягне выкананне пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач, у тым ліку па заканадаўчым забеспячэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку і рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.
Даслоўна
«У сваёй рабоце мы зыходзілі з патрабавання кіраўніка дзяржавы: законы павінны ісці ад жыцця»
Даклад Прэзідэнту Старшыні Палаты прадстаўнікоў менавіта напярэдадні пачатку сесіі можна назваць традыцыйным. Гэта ўнікальная магчымасць зверыць гадзіннікі па асноўных пытаннях дзейнасці.
У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка заўважыў, што за два з паловай гады работы ўсімі дэпутатамі напрацаваны пэўны вопыт заканатворчай дзейнасці. «Уся арганізацыйная работа кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў накіравана на тое, каб усіх далучыць да актыўнай дэпутацкай дзейнасці. Сёння мы можам гаварыць пра тое, што ў цэлым гэта атрымалася», — канстатаваў ён.
Ігар Сергяенка нагадаў, што за перыяд трэцяй сесіі было прынята 78 законаў. Прыкладна палова з іх датычыцца міжнароднай дзейнасці, што сведчыць аб устойлівым росце міжнародных кантактаў. «Усе прынятыя законапраекты датычыліся пытанняў умацавання абараназдольнасці, нацыянальнай бяспекі, эканамічнай сферы і сацыяльнай палітыкі дзяржавы, — падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса. — У сваёй рабоце мы зыходзілі з патрабавання кіраўніка дзяржавы: законы павінны ісці ад жыцця, ад тых праблем, якія сёння хвалююць канкрэтныя працоўныя калектывы, работнікаў вытворчасці і наша насельніцтва. І работа выбудоўвалася сумесна з урадам, рэгіёнамі, абласцямі, горадам Мінскам».
Практычна ўсе законапраекты, якія разглядаліся ў першым і другім чытанні, праходзілі сур’ёзную рэвізію, дапрацоўку менавіта на пляцоўцы Палаты прадстаўнікоў. Выкарыстоўваліся выязныя формы пасяджэнняў, практыкаарыентаваныя семінары. «Сёлета Палаце прадстаўнікоў нададзеная функцыя кантрольнай дзейнасці. Гэта значыць, мы сумесна з апаратам урада кантралюем ход рэалізацыі, падрыхтоўкі заключных палажэнняў законапраектаў, якія датычацца непасрэдна прыняцця падзаконных актаў у канкрэтных пастановах урада ў працяг развіцця закона. 33 законы, па якіх вядзецца сумесная работа, знаходзяцца сёння на кантролі», — праінфармаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Выкарыстоўваецца таксама пакетны прынцып, калі на разглядзе на сесіі ў другім чытанні дакладваецца ў тым ліку і пра гатоўнасць па канкрэтных праектах пастаноў Савета Міністраў. «У частцы заканадаўчай дзейнасці агульныя падыходы застануцца тымі ж, — акцэнтаваў Ігар Сергяенка. — Блок законапраектаў, якія мы плануем разгледзець у бліжэйшы час, датычацца крэдытна-фінансавай, сельскагаспадарчай сфер, пытанняў прамысловай бяспекі. Вядома ж, важным будзе разгляд бюджэтна-падатковага пакета на 2027 год. І сёння падчас даклада кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на дбайны, крытычны разгляд дэпутатамі менавіта гэтых законапраектаў».
Значная ўвага ўсімі дэпутатамі надаецца рабоце ў выбарчых акругах. «Як адзначаў кіраўнік дзяржавы, дэпутаты з’яўляюцца своеасаблівым барометрам настрояў грамадства. І пра гэта таксама гаварылася ў ходзе дакладу. Прэзідэнт папрасіў звярнуць на гэта асаблівую ўвагу дэпутатаў. Працуючы з насельніцтвам, старанна тлумачыць прыняцце тых ці іншых мер», — акцэнтаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
«Як ідуць справы на Віцебшчыне»
Немалаважная частка дакладу кіраўніку дзяржавы датычылася абстаноўцы ў Віцебскай вобласці. «Прэзідэнт уважліва выслухаў, задаў шэраг пытанняў аб тым, як ідуць справы на Віцебшчыне, якія адбываюцца змены і што змяняецца з улікам леташняй нарады, якая падвяла вынікі комплекснага вывучэння сітуцыі ў рэгіёне і на якой Прэзідэнтам былі пастаўленыя задачы па развіцці вобласці, — паведаміў кіраўнік дэпутацкага корпуса. — Ідзе планавая работа, рэалізуецца шэраг новых прапаноў, якія датычацца сферы перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, новых інвестыцый, уборачнай кампаніі, якая праходзіць у найскладанейшых умовах на Віцебшчыне».
Сёлета кіраўніцтвам вобласці былі зроблены ўсе намаганні, перакананы Ігар Сергяенка. «Дадаткова закуплена тэхніка, магутныя энерганасычаныя трактары, выдзелены сродкі на закупку гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў. Гэта значыць, у арганізацыйным плане было зроблена ўсё, — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — У цэлым, бываючы ў многіх раёнах Віцебскай вобласці, бачыў, што людзі знаходзілі кожную пагодлівую хвіліну, каб выйсці ў поле. Былі і элементы расхлябанасці, калі не былі своечасова гатовыя зернесушыльныя комплексы, зацягваўся рамонт камбайнаў. Але ў цэлым у гэтых умовах надвор’я прымаліся ўсе намаганні для таго, каб захаваць хлеб і выйсці з ураджаем. Так, ураджай пакуль на ўзроўні мінулага года. Ураджайнасць рапсу некалькі вышэйшая, нарыхтавана крыху больш кармоў, чым летась, актыўна вядуцца асенне-палявыя работы. Закладваюцца асновы для новага ўраджаю».
Прэзідэнта цікавілі і асабістыя падыходы Ігара Сергяенкі да гаспадаркі, якую было даручана ўзяць пад асабістае куратарства. «Гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства „Княж“ у Шаркаўшчынскім раёне. Я і мае калегі актыўна ўключыліся ў гэтую работу, не толькі бываючы там, але аказваючы канкрэтную дапамогу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, па адраджэнні зямель, па навядзенні парадку. Спадзяюся, што цягам двух гадоў мы прынцыпова памяняем сітуацыю, — падзяліўся Ігар Сергяенка. — Калектыў працуе, сёе-тое ўжо атрымліваецца, і першыя вынікі гэтай уборачнай кампаніі гавораць аб тым, што ў перспектыве можна дамагчыся лепшых вынікаў».
Таксама Прэзідэнта цікавіла, як ідзе работа з працоўнымі рэсурсамі з Узбекістана. Сёння ў рэгіёне працуюць 150 спецыялістаў. У асноўным — у сферы сельскай гаспадаркі. «З нашымі партнёрамі з Узбекістана праводзіцца падрыхтоўка яшчэ адной партыі людзей, якія будуць запатрабаваныя ў сельгаспрыпрыемствах і іншых аб’ектах Віцебскай вобласці», — рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА