Top.Mail.Ru

Працоўныя дэсанты Гомельшчыны за агульную справу

Добрыя справы на доўгую памяць

У рамках агульнарэспубліканскага марафону добраўпарадкавання на Гомельшчыне з удзелам жыхароў рэгіёна і кіраўніцтва вобласці аднаўляюцца месцы памяці. 

На Гомельшчыне стала добрай традыцыяй, калі па ініцыятыве жыхароў рэгіёну сабраныя падчас суботнікаў сродкі накіроўваюцца на рэканструкцыю асаблівых месцаў памяці. Вынік такой маштабнай сумеснай работы апошніх гадоў — абноўленыя мемарыяльныя комплексы «Ала» ў Светлагорскім раёне, «Партызанская крынічка» пад Гомелем, «Азарычы» ў Калінкавіцкім раёне, мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» на Жлобіншчыне. Цяпер частку сродкаў, заробленых падчас удзелу жыхароў Гомельшчыны у рэспубліканскім суботніку, накіруюць на рэканструкцыю комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» у Светлагорскім раёне.

Падчас агульнарэспубліканскага марафону добраўпарадкавання кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама арганізавала маштабны працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторыі памятнага пахавання ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна. У гэтым годзе на месцы памяці распачаліся работы па рэканструкцыі брацкага пахавання ахвяр фашызму. Вельмі актыўна гэту ініцыятыву падтрымалі жыхары Рэчыцкага раёна і супрацоўнікі пракуратуры Гомельскай вобласці. 

Першамайск (раней в. Кабылева) — адна з сотняў беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі ў гады акупацыі. Трагедыя тут адбылася 14 мая 1943 года: карны атрад СС пры ўдзеле мясцовых паліцаяў акружыў вёску. Людзей групамі па 20-30 чалавек заганялі ў дамы, расстрэльвалі і падпальвалі. Па архіўных дадзеных і сведчаннях відавочцаў, фашысты і іх памагатыя расстралялі і спалілі 1050 чалавек, з якіх амаль 600 — дзеці. Большасць загінула ў агні жывымі. Выратавацца ўдалося толькі дзесятку параненых, якія пазней расказалі пра тое, што адбылося. Па дадзеных акта аб зверствах акупантаў пасля фашысцкай расправы над мясцовымі жыхарамі масавыя пахаванні людзей знаходзіліся па ўсім перыметры вёскі. Пасля вайны целы ахвяр фашызму перапахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры Першамайска, дзе і ўсталяваны памятны знак. 

Канцэпцыю абнаўлення месца памяці распрацавала творчая каманда Інстытуту «Гомельграмадзянпраект». Праектам прадугледжана ўзвядзенне капліцы-званіцы, устаноўка памятнага знака, рэканструкцыя існуючага пахавання, добраўпарадкаванне тэрыторыі — у тым ліку ўладкаванне аўтамабільнай паркоўкі, санітарна-тэхнічнага блока, вонкавага асвятлення. Існуючая стэла будзе захавана. Акрамя таго спецыяльна для гэтага месца памяці створана аўтарская кампазіцыя — сімвал жалобы і памяці аб ахвярах фашызму — памятны знак «Смуткуючая маці». 

Работы па рэканструкцыі брацкага пахавання ў Першамайску ўжо выкананы 75%, плануецца, што іх цалкам завяршыць ў лістападзе бягучага года.

Свой унёсак ў абнаўленне знакавага месца памяці падчас рэспубліканскага суботніку зрабілі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, намеснікі кіраўніцтва вобласці, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, лідар дэпутацкага корпусу Гомельшчыны — Кацярына Зенкевіч, працоўныя калектывы, моладзь, а таксама старшыня Рэчыцкага райвыканкама Сяргей Даўгалёў і грамадскі актыў раёна, у тым ліку аўтар і стваральнік аднаго з аб’ектаў мемарыяла, уладальнік звання «Чалавек года» ў Гомельскай вобласці ў намінацыі «Майстар» Сяргей Раманюк. 

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко і яго намеснікі працавалі над укладкай тратуарнай пліткі. Маштабны працоўны дэсант кіраўніцтва вобласці дапамог выраўноўваць грунт вакол брацкага пахавання. Тут плануецца закласці сад з яблынь гатунку «Макун», якія красуюць чырвоным колерам.

— За час падрыхтоўкі да святкавання 80 гадавіны Вялікай Перамогі на Гомельшчыне было абноўлена мноства памятнікаў, абеліскаў, месцаў пахавання і герояў Вялікай Айчыннай, і мірных жыхароў, якія трагічна пацярпелі і загінулі падчас вайны. За гэты час амаль усе аб’екты прыведзены ў належны стан, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Адным з са знакавых месцаў памяці, на які скіравана ўвага, стала і памятнае пахаванне ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна. 

  • — Важна, што добраўпарадкаванне на гэтым аб’екце закране не толькі ўласна месца памяці, але тэрыторыю ўсёй вёскі. Зробім усё, каб можна было прыехаць, ускласці кветкі і аддаць даніну памяці загінулым ахвярам фашызму і і ўзгадаць тыя страшныя, трагічныя гады. Перакананы, што ніхто ніколі не павінен забываць трагізм вайны. Бо, калі не памятаць сваёй гісторыі, немагчыма будаваць будучыню, — падкрэсліў асаблівую значнасць народных праектаў захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне Іван Крупко

Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, цяперашні агульнарэспубліканскі марафон добраўпарадкавання, які актыўна падтрымалі жыхары Гомельшчыны, закране два асноўныя кірункі — аднаўленне памятных мясцін рэгіёна і добраўпарадкаванне населеных пунктаў Гомельшчыны. Усяго больш за 300 тысяч жыхароў вобласці ўключыліся ў навядзенне парадку на вуліцах населеных пунктах, у парках і скверах, тэрыторыях прадпрыемстваў, месцах баявой славы.

Чакаецца, што на Гомельшчыне агульнымі намаганнямі на суботніку будзе сабрана больш за пяць мільёнаў рублёў, палова сумы накіруецца на заканчэнне стварэння музейных экспазіцый комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён». 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю