Інтэрнэт з’яўляецца асноўнай пляцоўкай для ўчынення нарказлачынстваў і крыніцай уцягвання грамадзян у гэты крымінальны бізнес.
Рэклама наркамаркетаў выглядае прывабна: вялікія заробкі, якія не патрабуюць істотных фізічных і часавых выдаткаў, упэўненасць у абсалютнай бяспецы, розныя бонусы. Напрыклад, грашовая прэмія за кожнага новага прыведзенага работніка.
«Гэтыя прыёмы выкарыстоўваюцца для зацягвання людзей у незаконную работу закладчыкамі, — звяртае ўвагу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Андрэй КУДРЫЦКІ. — Менавіта яны забяспечваюць дастаўку смяротных доз да спажыўцоў. Арганізатары наркабізнесу непасрэдна не працуюць з забароненымі рэчывамі, а кіруюць працэсамі збыту. Іх галоўная мэта — зарабіць грошы».
Падраздзяленнямі па наркакантролі вядзецца актыўная мэтанакіраваная работа ў адносінах да ўсіх злачынных звёнаў. Так, летась спынена дзейнасць 39 інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў. Прычым ва ўсіх выпадках абвінавачанымі прызнаваліся не радавыя збытчыкі, а асобы, якія непасрэдна кіравалі наркашопамі. Акрамя гэтага, да адказнасці прыцягнуты звыш 700 распаўсюджвальнікаў.
МУС нагадвае: не спадзявайцеся зарабіць хуткія і лёгкія незаконныя грошы. «Інтэрнэт памятае ўсё. Любыя дзеянні ў інтэрнэце пакідаюць след», — папярэдзіў Андрэй Кудрыцкі.
Ён праінфармаваў, што, нягледзячы на шырокую прафілактычную работу, год пачаўся з затрыманняў як замежнікаў, якіх усё часцей прыцягваюць для распаўсюджвання наркотыкаў, так і беларусаў.
«У прыватнасці, у студзені аператыўнікамі затрыманы 34-гадовы жыхар Жодзіна, які з мэтай збыту захоўваў аптовую партыю асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, — канкрэтызаваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. — Таксама ў яго па месцы жыхарства канфіскавана абсталяванне для вырошчвання забароненых грыбоў. За аналагічныя дзеянні ў гэтым месяцы затрыманы яшчэ двое мінчан. Фігуранты прапрацавалі ў інтарэсах наркамаркетаў менш за месяц, а „зарабілі“ да 15 гадоў пазбаўлення волі».
Вераніка КАНЮТА