Самыя маштабныя раскопкі за перыяд незалежнасці Рэспублікі Беларусь — на рацэ Менцы. Удзел у іх бралі сотні студэнтаў з 17 ВНУ краіны. А статус археалагічнага комплексу на рацэ Менцы змяніўся з трэцяй катэгорыі (у якую ўваходзяць помнікі мясцовага значэння) да другой — цяпер гэта помнік рэспубліканскага значэння. Пра ход даследчых і рэстаўрацыйных работ на гэтым аб’екце расказаў Аляксей Аўласовіч, загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
— Адным з найважнейшых аб’ектаў даследавання для археолагаў у 2023, 2024 і 2025 гадах з’яўляецца археалагічны комплекс на рацэ Менцы. Пільная ўвага да яго прыцягнута з верасня 2022 года, калі Раман Галоўчанка, на той момант прэм’ер-міністр Беларусі, наведаў Менку. Яго зацікавілі знаходкі нашых калег-археолагаў, а вялікі рэзананс выклікала выяўленае тут донца князя Ізяслава, старэйшага сына Рагнеды і князя Уладзіміра. Пасля было даручэнне на правядзенне археалагічных даследаванняў, якое мы паспяхова выканалі. Яно павінна было даць штуршок стварэнню археалагічнага музея пад адкрытым небам — Інстытут гісторыі НАН распрацаваў яго канцэпцыю. Цяпер яна ўдакладняецца, і мы знаходзімся ў пастаянным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры, аблвыканкамам і іншымі зацікаўленымі ўстановамі. Прапрацоўваем выніковы варыянт гэтай канцэпцыі — вырашаецца, як будзе выглядаць Менка да 2026 ці 2030 года. Было дадзена даручэнне перагледзець магчымасць павышэння статусу гэтага помніка.
Чым ён цікавы? Новыя даныя паказалі: гарадзішча складаецца з двух селішчаў — вялікага і малога. Адным з вынікаў стала адкрыццё ўнутрывальных канструкцый, якія называюцца клеці. Было выяўлена некалькі іх радоў. Аб’ект узводзіўся прыкладна ў 998–999-я гады: тады ссеклі гэтыя дрэвы і паклалі ў падмурак вала. Драўляныя клеці маюць такую ж функцыю, як арматура ў жалезабетоне: умацоўваюць вал знутры, трымаюць. У 2024 годзе даследчыкаў чакалі адкрыцці. Устанавілі, што ніжнія рады маюць гакавую сістэму — з кручкамі. Выявілі цікавыя рэчы яшчэ дахрысціянскага перыяду, як, напрыклад, убітая ў дуб ніжняя сківіца дзіка (згадваем паданні пра свяшчэнныя дубовыя гаі, дзе прыносілі ахвяры Перуну). Даследчыкі лічаць, што ў збудаванні — ужо другаснае выкарыстанне, пасля хрысціянізацыі.
— Падобных рэчаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы няма наогул — у такім выглядзе, у такой захаванасці. Толькі Менка, толькі нашы раскопкі, — адзначае Аляксей Міхайлавіч. — Паўстала пытанне аб іх кансервацыі.
Тэхналагічны ўніверсітэт распрацаваў методыку кансервацыі з мэтай далейшай музеефікацыі. Клеці дасталі, яны прайшлі працэс кансервацыі — каб дрэва не разбуралася мікраарганізмамі, грыбкамі. Ёсць прапанова на месцы вала стварыць будынак музея для далейшага экспанавання там гэтых і іншых археалагічных знаходак. У прыватнасці, зверху дубовых бярвенняў клаліся сасновыя лагі і клеці. Аказалася, што ніжнія драўляныя канструкцыі былі цудоўнай якасці, падгонка бярвення ішла вельмі шчыльная. Спецыялісты прапанавалі версію, што на ніжніх слаях магла працаваць запрошаная арцель, а верх, хутчэй за ўсё, узводзілі мясцовыя «ўмельцы» (якасць укладкі далёкая ад ідэалу). Зразумела, што такая канструкцыя доўга не прастаяла...
Аднак Менка ўжо дала шэраг цікавых знаходак. Напрыклад, кісцень з арнаментам мог належаць статуснаму дружынніку. Былі ключы, гандлёвыя пломбы. Там жа выявілі пахаванне. Раскоп, верагодна, знаходзіўся паблізу ад царквы — яе мяркуюць знайсці сёлета. На другім аб’екце гэтага ж комплексу былі знойдзены сякера, шпоры; гузік, пакрыты золатам (верагодна, належаў духоўнай асобе), а таксама імпартныя рэчы — рыльца грэчаскай амфары, донца з мальтыйскім крыжам...
Драўляныя канструкцыі цяпер знаходзяцца ў Гродне на рэстаўрацыі. Пасля раскопак у навукоўцаў амаль не застаецца сумневаў, што летапісны Мінск пачынаўся з пасялення на Менцы і пасля палітычных падзей 1067 года паселішча было перанесена на Нямігу.
Беларускія археолагі даследуюць таксама іншыя аб’екты, у прыватнасці Крэўскі замак. Удакладняюцца этапы яго будаўніцтва і знешні выгляд.