Што паказаў прафсаюзны маніторынг на спажывецкім рынку за год?
Што паказаў прафсаюзны маніторынг на спажывецкім рынку за год?
У ФПБ падвялі вынікі работы грамадскіх прыёмных, спецыялісты якіх прымаюць заўвагі і прапановы па ўдасканаленні сітуацыі на рынку тавараў і паслуг. Нагадаем, сваю работу яны пачалі са жніўня мінулага года.
– Мы адышлі ад штомесячнага наведвання крам і ўзялі за аснову новы для прафсаюзаў фармат работы. І як паказаў першы год такой практыкі – грамадскія прыёмныя сталі запатрабаванай формай сярод грамадзян. Гэта магчымасць бачыць, якія пытанні сёння хвалююць людзей у сферы гандлю, спосаб аператыўна здымаць кропкавыя праблемныя сітуацыі, – расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Аляксейчык. – Акрамя таго, характар зваротаў у той ці іншы месяц адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі на спажывецкім рынку. Напрыклад, сітуацыя з айчыннай агароднінай, якая ўзнікла ў міжсезонны перыяд. Першыя "сігналы" да нас пачалі паступаць яшчэ ў канцы мінулага года. У першую чаргу яны датычыліся якасці гародніны і садавіны. Прафсаюзныя спецыялісты па зваротах выязджалі ў гандлёвыя аб'екты. Па нашай рэкамендацыі няякасны тавар здымалі з рэалізацыі. Але гэта кропкавае вырашэнне пытання, а неабходна было прыняцце комплексных мер. Таму пра ўсе такія звароты мы інфармавалі рэгулятара ў гэтай сферы. Акрамя таго, на сітуацыю мы звярталі ўвагу нашых сацыяльных партнёраў на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
У цэлым за год работы грамадскіх прыёмных паступіла каля 250 зваротаў, кожны з якіх дэталёва аналізаваўся і прапрацоўваўся прафсаюзнымі спецыялістамі, як правіла, з выездам на месца.
– Колькасць і сутнасць зваротаў гавораць аб тым, што сітуацыя на спажывецкім рынку з'яўляецца стабільнай і кіраванай. Нараканняў на рост цэн ці востры дэфіцыт паўсядзённых тавараў да нас практычна не паступае. Сёння людзі звяртаюць увагу на асартымент тавараў, на іх якасць, уважліва ставяцца да работы крам – ад выкладкі прадукцыі, адпаведнасці цаны ў гандлёвай зале і на касе да выдачы чэкавых дакументаў. Калі казаць пра кропкавыя звароты, то ў большасці выпадкаў яны датычацца рэалізацыі няякасных тавараў, у тым ліку са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Выбудаваная работа грамадскіх прыёмных дазваляе неадкладна рэагаваць на такія звароты. Важна, што на месцах да нас прыслухоўваюцца. Калі не, то мы падключаем кампетэнтныя органы, напрыклад, санстанцыю, – дадаў Дзмітрый Аляксейчык
Ёсць і іншыя пытанні, якія паступаюць з розных рэгіёнаў. Напрыклад, звароты датычацца работы аўтакрам і прадстаўленага ў іх асартыменту тавараў, просьбы аказаць садзейнічанне ў аднаўленні работы зачыненых крам у сельскай мясцовасці. Усе гэтыя прапановы разглядаюцца ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі гандлю і мясцовымі органамі ўлады, праводзяцца апытанні насельніцтва.
Нагадаем, у грамадскую прыёмную звярнуцца можна асабіста – спецыялісты з 11.30 да 20.30 прымаюць звароты ва ўсіх абласных цэнтрах і горадзе Мінску кожны чацвер. Падрабязная інфармацыя аб месцы правядзення прыёмаў размяшчаецца на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ. Акрамя таго, звярнуцца можна і анлайн – праз спецыяльную форму «Паведаміць аб сітуацыі з цэнамі» (рэгістрацыя не патрабуецца).
Алена КРАВЕЦ