Top.Mail.Ru

Прастора творчасці і памяці

Добры намер — распачынаць штосьці важнае з панядзелка ці з новага года. Так зрабіла і самая інтэлігентная радыёстанцыя краіны, даўшы старт новаму вяшчальнаму сезону 1 студзеня 2025 года ў свой 23-і дзень нараджэння.


Для прыхільнікаў радыё «Культура» сапраўдным святам стаў радыёсерыял «Сын вады», які быў створаны па аповесці Янкі Маўра і гучыць у рамках праекта «ДНК». У агучванні матэрыялу ўзялі ўдзел фіналісты радыёконкурсу чытальнікаў «Белая птушка». Дзеці і дарослыя падарылі твору непаўторнае гучанне.

Што датычыцца іншых праектаў, то варта адзначыць: новы сезон пройдзе пад дэвізам «Беларусь адзіная» і будзе прысвечаны «трыадзінству традыцый», дзе гарманічна пераплятуцца нацыянальная культура, таленты беларускага народа і гістарычная памяць у адзіны, магутны аповед аб Беларусі.

Сярод навінак можна вылучыць інфармацыйна-пазнавальную праграму «Месца прыцягнення», якая дасць магчымасць зазірнуць у сэрца малой радзімы і яе герояў, а таксама раскрые аўдыторыі магію і сілу месцаў, якія сталі крыніцай натхнення. 

А вось праект «Памяць сэрца», прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі, рыхтуе аповеды пра архітэктурныя аб’екты, дзе ўвекавечана памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны і стратах Беларусі ў тыя часы.

Вядома, не абмінуць увагай і векавы юбілей Беларускага радыё. Менавіта яму прысвечана праграма «Музычная радыёпрастора», дзе слухачы пазнаёмяцца з музычнымі калектывамі Белтэлерадыёкампаніі, іх творчасцю і закуліссем стварэння музычных твораў.

Таксама акрамя любімых літаратурных праектаў «Радыёбібліятэка», «Радыётэатр плюс», «Літаратурная анталогія» з’явіцца і яшчэ адзін літаратурна-мастацкі праект «Радыёсерыял». У ім па буднях аўдыторыі прапануюць чытанні літаратурных твораў (пераважна прыгодніцкага і дэтэктыўнага жанраў).

Разам з тым у новым творчым сезоне радыё «Культура» працягне знаёміць сваіх слухачоў з найлепшымі ўзорамі беларускай і замежнай літаратуры, народнай, класічнай і сучаснай музыкі, сачыць за навінамі ў свеце мастацтва, прапануе паслухаць меркаванні культуролагаў, пісьменнікаў, мастацтвазнаўцаў, крытыкаў і, вядома, будзе раскрываць маладыя таленты.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю