Top.Mail.Ru

Прастор для вучобы і развіцця

Хутка на Зялёнай вуліцы Фаніпаля празвініць першы званок — 1 верасня ў новы будынак cярэдняй школы № 2 упершыню пойдуць вучыцца дзеці. Пра чаканні бацькоў і педагогаў, а таксама гатоўнасць установы да новага навучальнага года карэспандэнты «Звязды» даведаліся непасрэдна на месцы.



Больш, чым проста школа 

Неабходнасць у будаўніцтве яшчэ адной школы ў Фаніпалі ўзнікла даўно. Горад-спадарожнік Мінска актыўна расце, а разам з ім — і колькасць дзяцей у класах. Ва ўжо існаваўшых да гэтага ўстановах адукацыі школьнікам нават даводзілася вучыцца ў дзве змены. Новы будынак, разлічаны на 1050 месцаў, выправіць сітуацыю. Дарэчы, выбар школьнай формы з ізумруднымі акцэнтамі — адсылка да яблыка на гербе Фаніпаля і Зялёнай вуліцы, на якой размешчана ўстанова.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алесі Царовай, у класах самай вялікай школы Дзяржынскага раёна ў сярэднім будзе вучыцца па 20–25 чалавек. Для тых вучняў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, арганізаваны падвоз. «Школьны аўтобус ужо атрыманы, але вакансія вадзіцеля яшчэ адкрытая, — адзначае Алеся Царова. — Таму некаторы час нам будуць дапамагаць аўтобусы іншых школ».

Тэрыторыя вялікая — каля пяці гектараў. І кіраўніцтва школы вырашыла скарыстацца гэтай перавагай: была пастаўлена задача пракласці экасцежку і задзейнічаць зялёныя ўчасткі ў навучальным працэсе, напрыклад, на ўроках біялогіі. У двары ёсць таксама дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, ценявыя падстрэшкі. Унутры будынка — не меншы прастор для ведаў. Школа фактычна падзелена на блокі: для пачатковых, старэйшых класаў і месцаў агульнага карыстання. Сярод іх — сталовая на 340 пасадачных месцаў, бібліятэка з чытальнымі заламі, гуканепранікальнымі кабінкамі, музей (яму яшчэ трэба абзавесціся экспанатамі). Для пачаткоўцаў добраўпарадкаваны гульнявыя пакоі і нават скаладромы.

1rxim30e0qxhcbz41l83ucvntelqa6s1.jpg

webbf5lb9tkfwoqczzdkubssgang4f36.jpg

Сумаваць не давядзецца

З першых хвілін ловіш сябе менавіта на гэтай думцы. І гаворка нават не пра навучальныя будні, хоць і цешаць сучасным падыходам добра абсталяваныя кабінеты хіміі, біялогіі, фізікі і інфарматыкі. Кіраўніцтва школы адзначае: у майстэрнях па апрацоўцы тканін, металу і драўніны, кабінеце кулінарыі таксама ёсць усё неабходнае, каб хлопчыкі і дзяўчынкі развіваліся ва ўсіх кірунках. Акрамя таго, будуць праводзіцца заняткі па асновах праграмавання і нават робататэхніцы. Ахвочым вывучаць замежныя мовы акрамя англійскай будуць даступныя на выбар французская, нямецкая, іспанская і кітайская. Для тых, хто захоча глыбей вывучыць пэўныя прадметы, адкрыюцца профільныя класы. У бліжэйшых планах — хіміка-біялагічныя, фізіка-матэматычныя і прававыя.

Ёсць дзве спартыўныя, гімнастычная, трэнажорная і харэаграфічная залы. Важная перавага — уласны басейн, цір і гардэробы з электронным доступам. Дарэчы, на тэрыторыі школы выкананы ўсе патрабаванні бяспекі, у тым ліку ўжо ўстаноўлена 56 камер назірання, у планах — яшчэ каля дваццаці. А карта навучэнца будзе выкарыстоўвацца і як пропуск, і як білет чытача ў бібліятэцы. Да таго ж, шмат увагі ўдзелена дзецям з асаблівасцямі развіцця. Ніхто не застанецца ўбаку: у школе створаны класы інтэграванага навучання, кабінеты рэлаксацыі, ёсць ліфт і арганізавана безбар’ернае асяроддзе. Каля ўваходу ўсталяваны пад’ёмнік, перад лесвіцамі — пандусы. Увогуле, усё фактычна гатова да новага навучальнага года. Засталося толькі прыбраць памяшканні, расставіць падручнікі і падобнае — асноўныя работы скончаны, класы гатовыя прымаць вучняў.

Бацькамі ўхвалена

Алена Каратыш жыве ў Фаніпалі ўжо шосты год. Сюды яна пераехала пасля вучобы ў Мінску. «Нам горад падаўся перспектыўным і прыгожым. За гэты час ён моцна вырас. Мы ведалі, што тут будзе будавацца новая школа, і адразу планавалі патрапіць менавіта ў яе, — расказвае Алена. — Учора быў агульны сход, і там бацькам прапанавалі вельмі шмат гурткоў і секцый для дзяцей — як бясплатных, так і платных. Пакуль адзначылі для сябе гімнастыку, плаванне, хіп-хоп. Яшчэ цікавяць музыка і выяўленчае мастацтва, але гэта ўжо будзе залежыць ад раскладу».

x8wp3phs415l0rnar9hv0rrm524rtc11.jpg

labp4839iw2i2hxa9r6qwf31edczini0.jpg

9wen9rdrs3tgkkaecwymoaq7ykuozwqi.jpg

Марыя Пашкоўская прывяла сюды дачку Сафію ў трэці клас. Галоўным аргументам на карысць сярэдняй школы № 2 стаў басейн: «Для здароўя ён вельмі патрэбны. Наогул база ў школы добрая: ёсць і дыдактычны матэрыял, і спартыўнае абсталяванне, і інтэрактыўныя тэхналогіі. Ну і эстэтыка, вядома: хочацца, каб дзіця прывучалася да прыгажосці».

Тое, што ў школе абмяжоўваюць тэлефоны, бацькі толькі падтрымліваюць: «У нас і дома з гэтым праблем няма: калі Сафія хоча пагуляць, я дазваляю крыху, а потым — усё, гаджэт убок, дачка ідзе катацца на роліках, — гаворыць Марыя. — Дзеці раней нават на перапынках сядзелі ў экранах, замест таго каб пагутарыць або прывесці сябе ў парадак. Потым урокі зрываюцца пастаяннымі просьбамі выйсці. Таму я цалкам «за».

Вялікую колькасць маладых спецыялістаў сярод педагогаў Марыя Пашкоўская таксама лічыць выключна плюсам: «Мы ж усе некалі былі маладымі. У маёй дачкі такая настаўніца, чым я вельмі задаволена. Яна дае добрыя веды, трымае дысцыпліну ў класе, дзеці яе слухаюцца. Так, да маладых педагогаў часам ставяцца скептычна, але наша настаўніца даказала адваротнае. У яе гараць вочы, яна поўная энтузіязму. Няхай моладзь спрабуе, набіраецца досведу — гэта заўсёды выдатна».

Навучаць і навучацца

Усяго ў сценах новай школы будуць працаваць 62 педагогі. Многія самі папрасіліся сюды, даведаўшыся аб яе адкрыцці. Напрыклад, настаўніца хіміі з больш чым 25-гадовым вопытам работы Ларыса Апанасенка, якая пераехала са сталіцы, прызнаецца: «Я заўсёды любіла пачынаць новае. Такі ўжо ў мяне стыль жыцця — не баяцца перамен, а ісці ім насустрач. Тым больш што ў школе ўсё новае, усё прыгожае. Адзінае — патрэбен час, каб углыбіцца, разабрацца з абсталяваннем. Ды і з моладдзю заўсёды прыемна працаваць. Яны ініцыятыўныя, не даюць адстаць. А я, у сваю чаргу, настроена на заняткі з алімпіяднікамі. Спадзяюся, і тут знайду вучняў, якім будзе па-сапраўднаму цікава займацца хіміяй».


dj8rcsx9hfnvh1wsiq8nffymtz4zrwi0.jpg

mi3kwv9na6yh3owsme3u0unym1l9muwq.jpg

mq18p6uy2icxuiq8r6h8gb29471n7rex.jpg

Побач з вопытнымі настаўнікамі ў калектыве будуць працаваць і тыя, хто толькі робіць першыя крокі ў прафесіі педагога — маладыя спецыялісты з Брэста, Гродна, Баранавіч і іншых гарадоў Беларусі. Выпускнікоў вабяць матэрыяльна-тэхнічная база, блізкасць да сталіцы і магчымасць атрымання ў будучыні арэнднага жылля. Стаць настаўніцай малодшых класаў Аляксандру Клімовіч натхніла яе маці — работнік дзіцячага садка. Скончыўшы год таму Мінскі гарадскі педагагічны каледж, дзяўчына прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 2 г. Фаніпаля па мэтавым накіраванні і не пашкадавала:

— Калектыў вельмі добры — усе спагадлівыя, добразычлівыя. Як і бацькі вучняў: на нядаўнім сходзе многія казалі, што задаволены мной, раілі не толькі як настаўніка, але і проста добрага чалавека. Безумоўна, гэта вельмі прыемна.

Тым не менш высокія чаканні дадаюць адказнасці. «Так, ёсць некаторыя перажыванні, боязь невядомага. Усё ж новае, сучаснае: і класы, і абсталяванне. Атмасфера іншая. Але я думаю, што і дзеці, і я справімся. Цікаўнасць перавешвае страх», — усміхаецца Аляксандра.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю