Калі пагартаць падшыўкі «Звязды» 1920-х гадоў, на іх старонках можна сустрэць партрэты жанчын — толькі ў 1927 годзе ў газеце з’явяцца фатаграфіі, а да гэтага на шматлікіх з’ездах працаваў мастак, які рабіў замалёўкі найбольш яскравых гераінь. Як журналісты газеты, так і раб- і селькары адзначаюць, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыццё жанчын, як і іх мысленне, пачало кардынальна мяняцца.
Як разняволіць «слабы» пол?
«Царскія законы зневажалі жанчыну, як на вытворчасці, так і ў жыцці. У побытавых адносінах яна цалкам залежала ад мужа, не многім адрознівалася ад дамашняй рабыні. На фабрыцы, выконваючы працу мужчыны, атрымлівала ў 2 разы менш за яго. Рэвалюцыя ўраўняла жанчыну ў правах з рабочым, адкрыла шлях да дзяржаўнай улады», — сцвярджае аўтар артыкула «Кастрычнік — вялікае свята вызвалення жанчыны». У ім даецца справаздача працы жанаадзела Гарраёна, дзе паказваецца, як жанчыны далучаюцца да актыўнага жыцця. Яны працуюць у дзіцячых установах, дзе дапамагаюць у пашыўцы бялізны і адзення дзецям, займаюцца кааперацыяй, вучацца ў вячэрніх і партыйнай школах, займаюць кіраўніцкія пасады, на сходах слухаюць даклады пра міжнароднае становішча, ахову мацярынства і дзяцінства, пра пытанні санітарыі, гігіены і выхавання. Цяжка паверыць, што яшчэ зусім нядаўна некаторыя з іх нават не ўмелі чытаць і пісаць.
Сапраўды, рэвалюцыя стала імпульсам для пошукаў, змен. У гэты час жанчыны паверылі, што таксама могуць адыграць важную ролю ў пабудове новага жыцця. Цяпер яны не проста актывісткі, а дэлегаткі — тыя, хто здольны ўздымаць як «жаночыя пытанні», так і вырашаць грамадскія праблемы. У розных кутках працуюць «курсы дэлегатак», выпускніцы якіх накіроўваюцца на работу сярод работніц і сялянак. Допіс з Оршы паказвае, што за год работы ў якасці дэлегатак жанчыны не толькі навучыліся грамаце, але і сталі актыўнымі. Але не ўсё ішло лёгка. Дэлегаткі скардзіліся на сваіх гаспадароў, што тыя робяць усялякія перашкоды іх наведванню сходаў і нават часам пасля такой вучобы не пускаюць у хату.
- З розных раёнаў прыходзяць допісы пра стаўленне да жаночай актыўнасці. Калі ў некаторых вёсках сялянкі чакаюць «жэнарганізатаршу», то ў іншых на сустрэчу з дэлегаткамі, якія прайшлі з далёкіх куткоў, вёрст за 7-8, кіраўніцтва сельсавета не з’явілася, і пакрыўджаныя актывісткі «разышліся, клянучы ўсіх і ўсё на свеце». А вось жонкі з Негарэлаўскага сельсавета Койданаўскага раёна, каб з іх не смяяліся, што яны актыўныя толькі на словах, прасіліся на практычныя справы. Найбольш актыўных дэлегатак далучалі да работы ў сельсавеце, сялянскім камітэце ўзаемнай дапамогі, кааперацыі, школьным савеце і розных секцыях пры сельсавеце.
З адукацыяй і асветай многія жанчыны звязваюць тыя перамены, якія з імі адбыліся. На адным са з’ездаў таварыш Калмачэўская (вёска Залуч Полацкай акругі), член сельсавета, прызналася журналісту «Звязды», што за тыя пяць гадоў, як яна стала дэлегаткай, «сябе не пазнае: да таго навучылася многаму».
Пра карэнны пералом у свядомасці і побыце жанчын сведчыць аповед пра санітарку Акцябрыну. Хрысцілі яе некалі Марыяй, а на 41 годзе жыцця ўсе пачалі зваць па-новаму. Жанчына прызнаецца, што раней баялася ўсяго, хадзіла на задніх лапках перад кіраўніцтвам, каб не страціць рабочае месца: «Колькі зняваг перанесла, успомніць страшна. А пасля рэвалюцыі доўга не верылася, што больш дрыжаць ні перад кім і што ў нас ёсць абарона — прафсаюз, а галоўнае адкрыта дарога рабочаму і работніцы. Пачала я вучыцца, чытаць, у грамадскіх арганізацыях працаваць. І вось я цяпер член месткома, кандыдат партыі, сама даклады чытаю».
Новыя задачы для настаўніц
Аўтары «Звязды» пішуць, што пакуль не хапае кадраў, якія б маглі да грамадскай справы далучаць больш «цёмных і забітых сялянак» , трэба да гэтай справы падключаць настаўніц: «Дапамагчы дэлегацкім сходам сялянак, як дакладчык, як лектар. Дапамагчы жонаадзелам у рабоце гурткоў як іх кіраўніца, прыняць удзел у арганізацыі гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці, быць селькарам і распаўсюджвальніцай прэсы, вярбоўшчыкам селькара. Быць агітатарам за новыя формы побыту сялянак. Пры актыўным садзеянні настаўніцы мы быстра прасунем наперад работу па стварэнні новага побыту ў вёсках і па разняволенні сялянак» .
Тое, што разам з аграномамі і мясцовымі партыйнымі работнікамі настаўнік складаў апору савецкай уладзе, як пісала газета, часам магло быць небяспечным абавязкам.
У 1925 годзе на Усебеларускім з’ездзе гаварылася, што такіх людзей могуць пераследаваць бандыты і кулакі, а, настаўніцы Аляксеенка нават пагражалі забойствам.
У той жа час настаўніца з Чашніцкага раёна — таварыш Сіманіда — падзялілася на з’ездзе, што карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод сялян: па ўсіх пытаннях, заявах, скаргах, якія цікавяць сялянства, яно ідзе да «вучыцелькі». Сіманіда бясплатна загадвае хатай-чытальняй, з’яўляецца членам сельсавета, старшынёй рэвізійнай камісіі райместкама.
«Забытыя працаўніцы»
Пакуль адны жанчыны змагаюцца за новае жыццё, у іншых яшчэ засталіся старыя праблемы. Артыкул, прысвечаны «забытым працаўніцам», выходзіць у 1925 годзе.
«Пры Калінінскай савецкай бальніцы і амбулаторыі маецца штат сясцёр у 10 чалавек... Лета 1925 года — надзвычай неспрыяльнае па Калінінскай акрузе (адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка БССР, якая існавала ў 1924 — 1927 гадах. — „Зв.“). Эпідэмія брушнога тыфу і скарлатыны не спыняецца. Перапоўнены ўсе аддзяленні бальніцы, а на днях пахавалі ўрача М. А. Навумаву, загінуўшую ахвярай скарлатыны і дэфтэрыта... Сёстры неадлучна дзяжураць пры хворых, пры доглядзе блізка з ім судакранаюцца, пастаянна дыхаюць сапсаванай заразнай атмасферай і, тым не менш пры такой рабоце, якая патрабуе найперш за ўсё здароўя, жывуць амаль у прогаладзь».
Сацыяльныя праграмы
У той жа час у некаторых рэгіёнах ужо адбываюцца вялікія змены, звязаныя з аховай здароўя і паляпшэннем жыцця жанчын.
У названым 1925 годзе пры першым радзільным прытулку адкрыўся дом маці і дзіцяці на 10 бясплатных ложкаў. У дом прымаюцца на адпачынак маці за 2 тыдні да родаў і ад 1-2 месяцаў пасля родаў.
«Звязда» піша, што ў Цэнтральным Доме адпачынку паляпшаюцца ўмовы. Там адкрылася зубалячэнне і ўпершыню выкарыстаны сонечныя прамяні для ўмацавання здароўя — пабудаваны салярый. У дом адпачынку пачалі таксама прымаць жанчын з дзецьмі — абсталяваны пакой для малых 2-5 гадоў.
- Ва ўсіх акругах Беларусі адкрываюцца юрыдычныя кансультацыі для мам для аказання юрыдычнай дапамогі па прававых, адміністрацыйных і жыллёвых пытаннях. Кансультацыі праходзяць бясплатна, а таксама папулярызуюць правы маці.
«Наркамтруда выдаў пастанову, што жанчыны-адзіночкі, якія маюць немаўля да аднаго года, могуць быць звольнены з прадпрыемства ці ўстановы толькі з дазволу «Інспекцыі Труда», — пісала «Звязда».
Каб «разняволіць жанчыну», пры саюзах летам працавалі дзіцячыя пляцоўкі. Гэта быў арганізаваны адпачынак для дзяцей, дзе за малымі на вуліцы даглядалі выхавацелькі. У Мінску такі догляд быў арганізаваны таксама ад сада адпачынку «Прафінтэрн», які прапусціў шмат дзяцей. Папулярнасцю карысталіся дзіцячыя пляцоўкі і яслі, што адкрываліся ў вёсках. Зімой пляцоўкі трасфармаваліся ў дзіцячыя садкі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ