Top.Mail.Ru

Прарыў «Дынама», сенсацыя з Віцебска і заакіянскі рэкорд — гісторыя хакея пішацца на нашых вачах

Мінулыя выхадныя атрымаліся цалкам прысвечаныя хакею. Нават тыя, хто звычайна не сочыць за лядовымі падзеямі, у гэтыя дні праігнараваць хакейныя навіны проста не маглі. Гэтымі днямі хакеісты стварылі гісторыю, якая ўжо ўпісана ў спартыўны летапіс. Аднак, аб ўсім па парадку.


У суботу хакеісты «Дынама-Мінск» зрабілі сваіх аматараў вельмі шчаслівымі. Упершыню ў гісторыі «зубры» выйшлі ў другі раўнд плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Гэта быў надзвычай цікавы шлях з аўтарытэтным супернікам — маскоўскім ЦСКА. 

Дарэчы, ўпершыню ў гісторыі выступленне ў плэй-оф дынамаўцы пачыналі на дамашнім лёдзе. Першыя дзве гульні на «Мінск-арэне» засталіся за гаспадарамі: вынік першай — 5:2, вынік другой 5:3. У двух наступных матчах, што прайшлі ў Маскве, сцены дапамагалі ўжо армейцам: спачатку ЦСКА перамог 4:1, затым — 2:1. На пятую гульню, якую прымала «Мінск-арэна» ўсе былі зараджаны так, што, паветра звінела. І гэта пайшло на карысць «Дынама-Мінск», перамога над ЦСКА з неверагодным лікам — 7:0. Напэўна, за апошні час ніхто не чуў столькі кампліментаў і слоў падзякі, як варатар «зуброў» Васіль Дземчанка, які не пусціў у свае вароты ні адзінай шайбы. Але радавацца было рана — серыя працягваецца да чатырох перамог. І ўсё залежала ад маскоўскай сустрэчы. Напамін пра тое, што дома і сцены дапамагаюць, канешне, хваляваў. Але «Дынама-Мінск» з усім справілася і паказала на лёдзе ЦСКА-арэны неверагодныя 6:2. Гэта была чацвёртая перамога ў серыі! Гэта было свята для ўсіх аматараў бела-сіняй каманды. Гэта адкрыла дзверы ў другі-раўнд плэй-оф. У папярэднія сезоны дынамаўцы траплялі ў плэй-оф восем разоў, але заўсёды завяршалі выступленні на стадыі першага раунда.

«Мы ішлі да гэтага, хацелі гэтага дасягнуць. Мне наогул заўсёды цікава, калі трэнер гаворыць спачатку адно ў сезоне, а потым пачынае казкі расказваць. Мы заўсёды казалі, што ў нас каманда будзе іншая. Яшчэ ў самым пачатку сезона, я памятаю, з Андрэем Стасем недзе сядзелі. Я, па-мойму, такую фразу сказаў, што калі ў нас нічога не будзе — трэба разбягацца. Калі ёсць праца — усё павінна ісці ўверх. Калі не, тады нічога не працуе», — адзначыў галоўны трэнер «Дынама-Мінск» Дзмітрый Квартальнаў. 

Другі сезон працы спецыяліста з мінскай камандай, акрамя выхаду ў другі раўнд плэй-оф, парадаваў прыемнымі нагодамі. Так, рэгулярны чэмпіянат КХЛ у гэтым сезоне «зубры» скончылі на чацвёртым месцы ў табліцы Заходняй канферэнцыі — гэта найлепшы вынік за ўвесь час выступленне ў лізе. Падчас рэгуляркі «зубры» ўсталявалі шэраг рэкордаў клуба: 39 перамог, 206 закінутых шайб і 63,23 працэнты набраных ачкоў. 

Аднак радавацца і падводзіць вынікі пакуль рана — наперадзе самае цікавае. У другім раўндзе плэй-оф «Дынама-Мінск» сустрэнецца з чалабянскім «Трактарам». Серыя стартуе 12 красавіка ў Чалябінску. У Кантынетальнай хакейнай лізе каманды сустракаліся 34 разы — і ў кожнай па 17 перамог. Серыя абяцае быць непрадказальнай. Але ж тым цікавей.

З аўтасайдэраў у лідары

«Упершыню» здарылася і з хакейным клубам «Віцебск». Упершыню каманда з паўночнай сталіцы выйшла ў фінал беларускай хакейнай экстралігі. Яшчэ некалькі гадоў таму «Віцебск» лічыўся аўтасайдэрам унутранага чэмпіянату. Найлепшым вынікам у экстралізе лічылася чацвёртае месца ў сезоне 2007/2008. Да гэтага года «Віцебск» выйграваў толькі адно супрацьстаянне ў плэй-оф і так высока ў турнірнай табліцы не падымаўся. Прыйшоў час разбураць стэрэатыпы. 

На шляху да фіналу ў першым раўндзе плэй-оф «Віцебск» разабраўся з «Брэстам» — вынік серыі 4:3. Затым паўночная каманда разабралася з яшчэ адным паўднёвым супернікам — камандай «Гомель». Серыя расцягнулася на сем матчаў, але чацвёртую, вырашальную перамогу з вынікам 2:1 заваявалі віцебскія хакеісты. 

У вырашальнай серыі супернікам «Віцебска» стане сталічнае «Юнацтва». У гэтым розыгрышы плэй-оф мінская каманда не пацярпела ні аднаго паражэння. Першая сустрэча пройдзе ў Мінску, на «Чыжоўка-арэне» 9 красавіка. 

Што абрадавала і засмуціла Аляксея Протаса

Грандыёзная хакейная падзея адбылася і за акіянам. Расійскі нападаючы Аляксандр Авечкін, які выступае за «Вашынгтон» пабіў рэкорд Уэйна Грэцкі па галах за кар’еру ў рэгулярных чэмпіянатах Нацыянальнай хакейнай лігі. У 1999 годзе канадзец спыніўся на лічбе 894 галы ў рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Аляксандр Авечкін ў нядзелю закінуў сваю 895-ю шайбу. Рэкорд быў усталяваны ў гасцявым матчы «Вашынгтона» супраць «Нью-Йорк Айлендэрс». Варта адзначыць, што ў гэтым дасягненні ёсць і беларускі след. 

У сезоне 2013/2014 за «Вашынгтон» выступаў Міхаіл Грабоўскі. Беларус асіставаў Авечкіну ў шасці галах. З 2021 года ў Аляксандра Авечкіна ёсць яшчэ адзін беларускі аднаклубнік — Аляксей Протас. У сваім першым сезоне ў НХЛ ён дапамог Авечкіну закінуць дзве шайбы. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце восьмы нумар «Вашынгтона» забіў толькі адзін гол з дапамогай беларуса. Але ў гэтым сезоне Аляксей Протас дапамог капітану каманду забіць аж 11 разоў. Такім чынам, з 895 закінутых Авечкіным шайб — 20 забітыя з беларускай дапамогай. Дарэчы, у сваёй прамове на ўрачыстай цырымоніі Аляксандр Авечкін падкрэсліў, што хакей — гэта камандны спорт і ў гэтым рэкордзе — праца ўсёй каманды. 

Аляксей Протас, на жаль, у гістарычным матчы не ўдзельнічаў — беларус пакуль выбыў з-за траўмы. Але за гульнёй, канешне сачыў. «Цяжка паверыць... Такая падзея адбылася. Змяняецца хакейная гісторыя, і тое, што яе перапісаў Аляксандр Міхалыч — гэта дарагога каштуе. Ён заслужыў званне найлепшага снайпера ў гісторыі хакея. Вельмі рады за яго і ягоную сям’ю. Вядома, крыўдна — хацелася быць на лёдзе ў гэты момант, але значыць так трэба. І без гэтага шчаслівы быць часткай гэтага», — падзяліўся Аляксей Протас сваімі эмоцыямі з журналістамі. 

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю