Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці

На нарадзе па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці, якую ў Палацы Незалежнасці сабраў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у цэнтры ўвагі быў праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання», які рыхтуе ўрад. У ходзе пасяджэння профільныя міністры прадставілі беларускаму лідару свае падыходы па кірунках, за якія адказваюць. 


«Абмежаванні павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Прэзідэнт адзначыў, што пытанне на ўзнятую тэму з’яўляецца важным і актуальным для краіны ў цэлым. Размова ідзе аб падрыхтоўцы праекта закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання». Беларускі лідар папрасіў парламентарыяў удзяліць сур’ёзную ўвагу гэтаму пытанню, прапанаваў абмеркаваць найбольш вострыя навелы дакумента, каб вызначыць падыходы да яго далейшай дапрацоўкі ў парламенце.

Гаворачы аб самім тэрміне «ліцэнзаванне», кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што гэта — не толькі абмежаванні, а свайго роду правілы гульні. «У аснове ляжыць дазвол. Ёсць ліцэнзія — іду працую. Могуць быць і абмежаванні, — заўважыў ён. — Неабходна разумець, што калі мы гаворым пра абмежаванні, то яны з’яўляюцца вымушанымі і павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду».

Па словах беларускага лідара, задача гэтых абмежаванняў — абараніць жыццё і здароўе людзей, забяспечыць бяспеку дзяржавы. «У нас нейкі ёсць страх: вось ліцэнзаванне — гэта лішняе рэгуляванне і гэтак далей. Гэтага баяцца не трэба, калі гаворка ідзе пра сур’ёзныя рэчы, — арыентаваў беларускі лідар. — У законе трэба вызначыцца, што такое ліцэнзаванне, дзе будзем ліцэнзаваць і наогул: ці ўсё мы будзем ліцэнзаваць, гэта значыць, даваць дазвол і ўстанаўліваць правілы гульні, або толькі там, дзе гэта трэба». 

Прэзідэнт параіў таксама вывучыць падобную практыку ў іншых дзяржавах: «Але ні ў якім разе не зыходзіць з таго, што вось калі мы ліцэнзіі нейкія дзесьці ўвядзём, значыць, мы дзесьці парушаем правы чалавека ці яшчэ дзесьці штосьці. Якія тут парушэнні? Калі ў мяне ёсць правілы паводзінаў у гэтым сегменце жыцця грамадства або эканомікі, — вось яны выразна прапісаны, што тут дрэннага? Калі я бяру ліцэнзію і бачу свае правы, абавязкі і гэтак далей. Там будуць пэўныя, калі трэба, абмежаванні».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх вельмі сур’ёзна паставіцца да гэтага закона. «Таму я настойваю на яго перапрацоўцы цалкам, а не толькі на ўнясенні дапаўненняў і змяненняў. Але ліцэнзаванне — гэта ні ў якім разе не самамэта. Зарэгуляваць можна любы від дзейнасці, але залішнія бар’еры, недастаткова ўзважаныя рашэнні, нават недапрацаваныя фармулёўкі могуць вельмі неспрыяльна адбіцца як на людзях, так і на эканоміцы», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Парламент і ўрад павінны выразна бачыць наступствы рашэнняў. Важна не дапускаць новаўвядзенняў, каб дагадзіць ведамасным інтарэсам, якія могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук у грамадстве. «Гэта таксама трэба ўлічваць, але не гэта галоўнае. Калі трэба, значыць, трэба, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба разумець, як гэта будзе працаваць на практыцы не толькі ў Мінску (тут, напэўна, прасцей), але і ў аддаленай вёсачцы. Закон ёсць закон. На асобных прыкладах мы павінны разгледзець сёння гэтыя простыя патрабаванні».


«У пытанні ліцэнзавання адукацыі павінна быць пастаўлена кропка»

Першай тэмай для абмеркавання стала ўвядзенне ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. 

«Мы паслядоўна на працягу шэрагу гадоў даналаджваем дзяржаўнае рэгуляванне адукацыйнай дзейнасці. Падкрэслю: даналаджваем, а не закручваем гайкі, як часам спрабуюць гэта паднесці нядобрапрыстойныя СМІ або псеўдаэксперты, якія ўцяклі за мяжу. Не трэба глядзець залішне па баках. Трэба рабіць тое, што выгадна для нашай дзяржавы. Але, вядома, меркаванні мы будзем заўсёды ўлічваць», — заявіў беларускі лідар.


Асноўнае патрабаванне ў дадзеным пытанні, акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы, — абараніць нашых дзяцей ад усякага роду прайдзісветаў, забяспечыць роўныя ўмовы працы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб’ектаў. «Яшчэ раз паўтару для разумення. Сфера адукацыі — сфера дзяржаваўтваральная. Таму мы яе будзем рэгуляваць з улікам нацыянальных інтарэсаў, як бы камусьці гэта ні падабалася», — заявіў Прэзідэнт. 

Ён падкрэсліў, што крытэрыі для атрымання ліцэнзіі павінны быць дакладныя і зразумелыя для ўсіх. «Якія меры плануецца прыняць, каб не ствараць непатрэбнага напружання і ў галіне, і ў грамадстве? У пытанні ліцэнзавання адукацыі павінна быць пастаўлена кропка», — запатрабаваў беларускі лідар.

«Ці не прывядзе да падаражання для насельніцтва?»

Другая тэма — неабходнасць атрымання ліцэнзіі для мантажу і абслугоўвання дамафонаў. 

«Што такое дамафоны, гараджане (і не толькі ўжо гараджане) ведаюць. Але прапануецца ліцэнзаваць і гэта: мантаж і абслугоўванне. У нашых гарадах дамафон устаноўлены практычна ў кожным пад’ездзе. І колькі ў нас іх па краіне? Узнікае пытанне па сярэдніх і малых гарадах, па арганізацыях ЖКГ. Ці змогуць там своечасова выканаць усе неабходныя патрабаванні і атрымаць ліцэнзіі? Ці не прывядзе ўсё гэта да перабояў у аказанні паслуг і іх падаражання для насельніцтва?» — пазначыў актуальныя пытанні кіраўнік дзяржавы.


«Трэба паглядзець на ахову здароўя дзяржаўную і прыватную»

Трэцяя тэма — ліцэнзаванне ў сферы медыцыны.

Па словах Прэзідэнта, у многіх выклікае сумненні мэтазгоднасць прапанаваных змяненняў у патрабаваннях для работы ў прыватным сектары аховы здароўя. Гэта перш за ўсё павелічэнне стажу працы з 3 да 7 гадоў у дзяржустанове і наяўнасць не менш як першай катэгорыі, у тым ліку для сярэдніх медработнікаў. 

«Атрымліваецца, што дзяржаўныя арганізацыі становяцца трамплінам для прыватнага бізнесу? Ці не? Ці аналізавалі, колькі медработнікаў сыходзяць у камерцыйныя структуры і па якіх прычынах? Трэба паглядзець на ахову здароўя дзяржаўную і прыватную. Мы заўсёды гаворым: „Вось, давайце роўныя ўмовы і іншае“. А ці роўныя ўмовы? Напэўна, тут таксама сёе-тое ўпіраецца ў цэнаўтварэнне, у цану», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнта таксама цікавіла, ці паўсюдна праходзіць такая міграцыя работнікаў аховы здароўя да прыватнікаў і як прапанаваныя меры дазволяць узмацніць кадравыя рэзервы дзяржаўных устаноў аховы здароўя. «З другога боку, калі пакінуць усё як ёсць, наколькі прыватная медыцына будзе ўцягнутая ў вырашэнне сацыяльных задач дзяржавы? І наогул, як працуе дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў гэтай сферы? 

«Заканадаўства павінна быць максімальна стабільным!»

Рэзюмуючы, Прэзідэнт адзначыў, што не трэба падмяняць вырашэнне праблем устанаўленнем адміністрацыйных бар’ераў. Таксама неабходна больш увагі надаваць вынікам публічнага абмеркавання законапраектаў. «І прадстаўляць трэба Прэзідэнту тыя ці іншыя праекты, якія ў поўным аб’ёме выносіліся на суд грамадскасці. Гэта таксама важна: мець пэўныя заключэнні, як людзі ўспрымаюць тыя ці іншыя праекты, перш чым яны стануць законамі. З падрабязнай і ўсебаковай ацэнкай за і супраць. Заканадаўства павінна быць максімальна стабільным!» — арыентаваў адказных чыноўнікаў беларускі лідар.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю