Было гэта вельмі даўно, у мінулым стагоддзі, а помніцца — нібы ўчора. Такім чынам...
На другім годзе сямейнага жыцця мы з мужам атрымалі сваё першае жытло. Дом быў новы, на дзве кватэры, двор — тады не разгароджаны, агарод не падзелены. Але пры гэтым у нашых суседзяў — свае гаспадарчыя пабудовы (хлеў, дрывотня, пуня, нават прыбіральня), у нас свае... Толькі жывіце-пажывайце, маўляў, дабро нажывайце!
А мы і рады б!
Суседзі былі трохі старэйшыя, дзвюх дачок ужо гадавалі. Не дзіва, што яны першымі купілі карову, свіней, курэй...
У нас жа хіба напрадвесні з'явіліся грошы на пару парасят, на шэсць курачак ды прыгажунчыка-пеўня. Пра сваю карову мы толькі марылі, пуня (у нас казалі «сянніца») яшчэ пуставала... А шкада было, бо рабілася яна з розумам: для таго каб драўніна не падгнівала, вуглы стаялі на апорах з сілікатных цаглін, з-за якіх, дарэчы...
Калі па парадку, то ў нашых суседзяў вывеліся кураняты, за лета яны добра падраслі і, мусіць, тым самым зацікавілі нашага пеўня. Што здзіўляла, курачкі — куды меней, а вось маладыя канкурэнты... Ганяў іх, забіяка, па ўсім двары!
Неяк, бачу, дагнаў маладога пеўніка і так на яго ўз'юшыўся, што б'е і нічога не чуе: не зважае — нават на мяне.
Што рабіць? Клікаць на падмогу няма каго — усе на рабоце. Значыць, сама... Схапіла пеўня за ногі, бягу з ім па дварышчы, бачу калодку з сякерай.
Я за яе, узмахнула і з той злосці як жахну... Галава пеўня ў адзін бок, тулава — у другі. І яно ж — на ўвесь дух — шусь... пад сянніцу.
Падлога ў ёй была не шчыльная (трэба ж, каб сена знізу праветрывалася), таму я свайго пеўня праз шчыліны бачу, а дастаць не магу: кожны аполак намертва прыбіты.
...Адным словам, у гаспадарцы не без страт. У нашай — гэта першай была: курачкі засталіся без пеўня, мы з мужам — без мяса, але ж пры гэтым — у добрых адносінах з суседзямі, што, згадзіцеся, куды важней.
Л. Міхалевіч,
г. Мінск.