Пракуратура Віцебска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага жыхара Віцебскага раёна — яму інкрымінавана махлярства ў буйным памеры, учыненае паўторна, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, малады чалавек у сетцы Інтэрнэт размяшчаў аб’явы аб продажы дарагой тэхнікі, у асноўным тэлефонаў «Iphone 16 Pro Max», па цане значна ніжэй за рынкавую.
У развіццё падзей, ён, дасягнуўшы з пакупнікамі падчас перапіскі дамоўленасці, адпраўляў у іх адрас пасылкі накладзеным плацяжом. Пры гэтым унутр адпраўленняў знаходлівы хлопец укладваў розныя бюджэтныя прадметы, напрыклад, рэпчатую цыбулю.
Для атрымання запаветнага тэлефона пакупнікі ў аддзяленнях паштовай сувязі аплачвалі кошт адпраўленняў, «прадавец», у сваю чаргу, атрымліваў накладзены плацёж. Грашовыя сродкі ў далейшым траціў па сваім меркаванні.
Такім спосабам хлопец завалодаў грашыма васьмі пацярпелых на агульную суму каля 13 тысяч рублёў.
Характэрна, што малады чалавек раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічнае злачынства.
Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры г.Віцебска прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, наяўнасці дастатковых доказаў, поўным і аб’ектыўным даследаванні акалічнасцяў злачынства.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.