Top.Mail.Ru

Практычны складнік дамоўленасцяў на найвышэйшым узроўні

Міжпарламенцкае ўзаемадзеянне і перспектывы беларуска-кітайскіх адносін абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў



Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, візіт кітайскай дэлегацыі ў Беларусь на чале з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, сакратаром Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны КПК Лі Сі — яркае пацвярджэнне паспяховага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў Беларусі і Кітая. Па яго словах, развіццё ўсепагоднага, усебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай з’яўляецца прыярытэтным кірункам беларускай знешняй палітыкі. 

«Народ Беларусі заўсёды быў і застаецца верным, надзейным сябрам народа Кітая, — падкрэсліў спікер. — Дзякуючы лідарам нашых краін паміж Мінскам і Пекінам створана эфектыўная мадэль супрацоўніцтва, якая па праве лічыцца ўзорам міждзяржаўных адносін».

Ігар Сергяенка канстатаваў, што падчас нядаўніх сустрэч Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў Пекіне і Цяньцзіні пацверджана моц і непарушнасць беларуска-кітайскага сяброўства, выказана зацікаўленасць у нарошчванні двухбаковага ўзаемадзеяння. «Наша галоўная задача заключаецца ў тым, каб перавесці гэтыя дамоўленасці на найвышэйшым узроўні ў практычную плоскасць», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Па словах спікера, у Беларусі ганарацца поспехамі Кітайскай Народнай Рэспублікі ў справе пабудовы мадэрнізаванай дзяржавы. «Сёння Кітай у поўнай меры рэалізаваў свае канкурэнтныя перавагі і стаў эканамічнай звышдзяржавай, заняўшы месца аднаго з самых магутных цэнтраў сусветнай эканомікі, — канкрэтызаваў ён. — Пад мудрым кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Кітая дадзены старт шматлікім важным рэформам, накіраваным на стымуляванне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».

Гаворачы аб дынамічным росце беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, Ігар Сергяенка падкрэсліў, што асновай двухбаковага стратэгічнага партнёрства з’яўляецца спалучэнне стратэгій развіцця дзвюх краін. «Гэта ў поўнай меры адпавядае рэалізацыі вылучанай Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам глабальнай мэты пабудовы супольнасці адзінага лёсу чалавецтва, — удакладніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мінск падтрымлівае ініцыятывы Пекіна па глабальным развіцці, бяспецы і цывілізацыі, якія маюць вялікае значэнне для вырашэння праблем, што стаяць перад сучасным чалавецтвам».

Асобную ўвагу спікер удзяліў міжпарламенцкаму ўзаемадзеянню. «У чэрвені ў Мінску прайшло другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі нашых краін, што пацвярджае стратэгічны характар нашых сувязяў, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаннях дзяржаўнага кіравання, маладзёжнай палітыкі. Дасягнута дамоўленасць працягваць пашыраць узаемадзеянне ў эканоміцы, а таксама каардынаваць нашы пазіцыі на міжнароднай арэне».

Член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, сакратар Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны КПК Лі Сі пацвердзіў, што кітайска-беларускія адносіны пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх краін захоўваюць высокі ўзровень развіцця. «У нас вельмі цесныя эканамічныя сувязі, гуманітарнае супрацоўніцтва, а таксама наладжаны добрыя адносіны паміж палітычнымі партыямі», — удакладніў высокі госць, дадаўшы, што мэта яго візіту ў Беларусь — рэалізацыя важных дамоўленасцяў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна, дасягнутых на палях саміту ШАС і падчас мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і Перамогі кітайскага народа над японскім мілітарызмам. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю