Як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026—2030 гады, якая плануецца да зацвярджэння на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, якія механізмы будуць фінансаваць выкананне ключавых задач для эканомікі на наступныя пяць гадоў і на што арыентавана праграма, расказалі эксперты.
Задачы і прыярытэты
Дарэчы, работа над Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вялася больш за год.
— Мы прыступілі да яе распрацоўкі ў чацвёртым квартале 2024 года. Спачатку трэба было сфарміраваць канцэпцыю — гэта асноўныя палажэнні і падыходы, на аснове якіх будавалася ўся праграма. Каб прыцягнуць меркаванні экспертаў, мы вывучалі пазіцыі навуковай супольнасці, даручэнні Кіраўніка дзяржавы па навуцы і бізнесе, размаўлялі з дзяржаўнымі органамі аб іх бачанні развіцця на пяць гадоў наперад, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Аляксей Зубовіч. — Калі канцэпцыя сфарміравалася, на яе аснове ўжо распрацоўвалі саму праграму. Па сутнасці, мы ўпершыню зрабілі так, што канцэпцыя стала асновай самой праграмы — прапрацавалі яе вельмі дэталёва.
Затым праграму напоўнілі новым зместам. Важнай падзеяй сталі выбары Прэзідэнта: ён пазначыў свае пасылы аб развіцці Беларусі, і насельніцтва іх падтрымала.
— Мы ўлічылі гэтыя ідэі — з інаўгурацыйнай прамовы, перадвыбарных выступленняў і сказаных на дарогу слоў падчас прызначэння ўрада — і дапрацавалі праграму адпаведна. Пасля гэтага Прэзідэнт вырашыў яшчэ раз уважліва праглядзець дакумент разам з экспертамі, навуковай супольнасцю і дэлегатамі УНС. Стварылі працоўную групу, якая праверыла праграму і ўнесла неабходныя карэкціроўкі, — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Аляксей Зубовіч пералічыў, якія менавіта дапрацоўкі былі зроблены:
— У асноўным яны закранулі дадатковыя прыярытэты, перш за ўсё ў сферы абароны. Таксама ўвялі асобны блок па маладзёжнай палітыцы і скарацілі колькасць індыкатараў.
У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку вызначана некалькі ключавых прыярытэтаў. Асноўныя з іх звязаны з развіццём чалавека: дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне спрыяльнага і якаснага асяроддзя для жыцця. Далей ідуць развіццё канкурэнцыі, тэхналогій, лічбавізацыі эканомікі. А яшчэ сярод прыярытэтаў — моцныя рэгіёны, развіццё абароннага сектара, павышэнне абараназдольнасці краіны, а таксама турыстычны патэнцыял.
Механізмы рэалізацыі
Для рэалізацыі задач прадугледжаны ўсе даступныя механізмы фінансавання і падтрымкі — як за кошт бюджэту, так і з удзелам прыватнага сектара. Дзяржаўныя праграмы ў першую чаргу накіраваны на выкананне сацыяльнай функцыі дзяржавы: гэта будаўніцтва і рамонт інфраструктуры, дарог, развіццё сацыяльных аб’ектаў, арэнднае жыллё і іншыя праекты, якія ствараюць базавыя ўмовы для жыцця людзей і работы бізнесу.
— Прыватны сектар актыўна задзейнічаем у інвестыцыйных праектах, каб забяспечыць прыярытэтнае выкананне дзяржаўных задач. Для гэтага распрацавалі спецыялізаваны крэдытны прадукт — да 7 гадоў з ільготнымі стаўкамі 6-7 %. Ён ахоплівае тэхналагічнае развіццё, падтрымку рэгіёнаў і новы прыярытэт — рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу, — расказаў Аляксей Зубовіч.
Павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг на знешніх рынках будуецца на стварэнні запатрабаванай прадукцыі.
— Гэта асобны прыярытэт: развіццё канкурэнцыі, тэхналагічнай устойлівасці і лічбавізацыі. Ключавое — запуск новых галін эканомікі, такіх як самалётабудаванне, маштабаванне вытворчасці робатаў і беспілотных сістэм, фармацэўтыка, мікраэлектроніка. Гэтыя кірункі запатрабаваныя ў свеце, і мы плануем канкурыраваць на глабальных рынках, адначасова павышаючы ўнутраную канкурэнтаздольнасць, — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення.«Ніякіх абяцанняў пра яхты»
Старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Аляксей Аўдонін расказаў, на што арыентавана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года.
Эксперт адзначыў, што распрацоўшчыкі праграмы сацэканамразвіцця на наступную пяцігодку выканалі вялікую работу, каб улічыць усе фактары, зрабіць праграму аб’ектыўнай і адпаведнай сусветным тэндэнцыям.
— Сусветны рынак перажывае крызіс перавытворчасці і структурныя змены. Нам трэба выбудаваць вытворчасць так, каб напаўняць унутраны рынак і развіваць эканоміку нават без знешняга попыту. Пры гэтым заставацца канкурэнтнымі на глабальных рынках — прадукцыя павінна прысутнічаць ва ўсіх рэгіёнах. Для гэтага спатрэбяцца велізарныя намаганні: зніжэнне сабекошту праз сучасныя тэхналогіі, аптымізацыя кіраўніцкіх рашэнняў, зніжэнне бюракратыі і гэтак далей, — звярнуў увагу ён.
Службовыя асобы і ведамствы скрупулёзна вывучылі як нашы сацыяльна-эканамічныя працэсы, так і сусветную эканоміку.
— Яны стварылі комплексную Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяць гадоў з прыярытэтамі, вельмі важнымі для насельніцтва. Праграма скіраваная на адно — каб праз пяць гадоў беларусы жылі багацей, — сказаў эксперт. — Параметры, кірункі і прыярытэты даюць выразныя інструменты і крокі, ніякіх абяцанняў пра самалёты, яхты, дамы і фабрыкі для ўсіх да 2030 года — усё гранічна канкрэтна і рэалістычна. Галоўная мэта — забяспечыць грамадзянам упэўненасць у заўтрашнім дні не толькі на дзень наперад, а на перспектыву да 2030 года.
Эксперт звярнуў увагу: вядомы брытанскі часопіс The Economist, які кіруецца глабалістамі, прагназуе 2026 год як час нявызначанасці, росту ваенных канфліктаў і сутыкненняў.
— Мы ж на парозе гэтага года кажам адваротнае: у нас усё будзе стабільна, праграма развіцця працуе, узрушэнняў не прадбачыцца, — заўважыў ён.
У гэтай сувязі ключавым новаўвядзеннем у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года стаў менавіта блок па бяспецы.
— Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў на нарадах: нельга займацца эканомікай і мірнай працай, калі на граніцах і ўнутры краіны ёсць пагрозы — вайна, унутраныя канфлікты, ціск НАТА. Бяспека дазваляе спакойна развіваць грамадства, але яна шырэй чыста ваеннага аспекту. Гэта абарона гандлёвых шляхоў, лагістычных ланцужкоў, фінансавых транзакцый — усяго знешняга контуру эканомікі. Бо без яго нацыянальная эканоміка не зможа дасягнуць высокага росту, — адзначыў Аляксей Аўдонін.
Беларусь як экспартна арыентаваная краіна праводзіць палітыку абароны сваіх інтарэсаў.
— Адсюль плённыя візіты Прэзідэнта ў Расію, на Блізкі Усход, у Афрыку і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён — для кантрактаў і дамоўленасцяў, якія забяспечаць рэалізацыю праграмы. Яна не фармальнасць: чыноўнікі яе старанна прапрацавалі, але цяпер патрабуе жорсткай практычнай імплементацыі, — сказаў на заканчэнне эксперт.
Эканоміка — гарантыя пераадолення праблем
Эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі, афіцыйны прадстаўнік РГА «Белая Русь» Аляксандр Цішчанка расказаў, якія пытанні нацыянальнай бяспекі будуць абмяркоўвацца на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу.
У красавіку мінулага года на першым пасяджэнні VII УНС прынялі Ваенную дактрыну і канцэпцыю нацбяспекі, нагадаў ён.
— Другое пасяджэнне выходзіць на практычную плоскасць: калі тады ішлі размовы аб сістэме поглядаў і прынцыпах, то зараз у нас ёсць канкрэтны план абароны на пяць гадоў. Гэта значыць, што мы дакладна ацэньваем абстаноўку, разумеем сітуацыю і ведаем, што рабіць, — адзначыў Аляксандр Цішчанка.
Становішча каля нашых граніц не становіцца лягчэй, падкрэсліў ён.
— Раней пагрозы былі гіпатэтычнымі — ці будзе вайна? — а сёння яны рэальныя. На паўднёвых граніцах ужо ідзе вайна, заходнія і паўночныя суседзі ўпалі ў мілітарысцкую агонію і рыхтуюцца да канфлікту. Як сказаў Прэзідэнт, калі хтосьці да гэтага рыхтуецца, значыць, на гэта і разлічвае, — падкрэсліў эксперт. — Канцэпцыя і дактрына былі прыняты своечасова — яны ўлічваюць усе рызыкі, выклікі і пагрозы вакол нас.
Усё ўпіраецца ў эканоміку: гісторыя войнаў паказвае, што перамагаюць толькі моцныя эканомікі, звярнуў увагу Аляксандр Цішчанка.
— Савецкі Саюз, які выстаяў супраць усёй Еўропы дзякуючы менавіта эканамічнай моцы, — яскравы прыклад. Сёння мы вымушаны надаваць эканоміцы яшчэ больш увагі праз пагрозы ад суседзяў і Захаду. Першае, што яны спрабуюць знішчыць, — нашу эканоміку праз санкцыі і ціск. Але эканоміка — гарантыя нашага выжывання і пераадолення праблем. У адрозненне ад заходніх апанентаў, якія шукаюць гаспадароў, мы шукаем партнёраў. Санкцыі не спыняюць нас, а даюць старт для руху наперад, — упэўнены ён.
Па матэрыялах БелТА