Top.Mail.Ru
214

Прафсаюзы прапануюць дадатковыя меры па развіццю сістэмы настаўніцтва

Кожная арганізацыя зацікаўлена ў тым, каб захаваць свой кадравы патэнцыял, замацаваць маладых спецыялістаў на працоўных месцах. Але сёння недастаткова проста прыняць работніка на працу. Важна стварыць такія ўмовы, пры якіх у маладога чалавека будзе жаданне не толькі застацца на працы, але і выконваць свае абавязкі якасна і на рэзультат. Да працы яны прыступаюць практычна без вопыту, але, як правіла, з жаданнем паказаць і рэалізаваць сябе. Раскрыць ім свой патэнцыял дапамагаюць менавіта настаўнікі. І іх роля ў павышэнні прафесійнага ўзроўню моладзі складана пераацаніць.



На сёння арганізацыя настаўніцтва забяспечваецца на падставе прынятых на прадпрыемствах лакальных прававых актаў. Меры падтрымкі настаўнікаў розныя. Яны складаюцца з як маральнага, так і матэрыяльнага стымулявання. Напрыклад, усё больш праводзіцца конкурсаў прафмайстэрства, у рамках якіх асобна адзначаюцца лепшыя настаўнікі. Таксама лакальныя дакументы змяшчаюць нямала палажэнняў па матэрыяльнай падтрымцы — гэта прэміраванне, устанаўленне надбавак і інш.

Для далейшага развіцця такой практыкі і больш эфектыўнай абароны інтарэсаў усіх удзельнікаў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі працуе над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс.

Як адзначылі ў прэс-службе ФПБ, гэта своечасовы і неабходны крок. Без дакладнага заканадаўчага вызначэння роля настаўніка застаецца размытай. Акрамя таго, прадстаўнікі прафсаюзаў у сваёй рабоце ўжо сутыкаліся з прыкладамі, калі наймальнікі не выконвалі свае дамоўленасці па падтрымцы настаўнікаў. Напрыклад, прафсаюзны спецыяліст праводзіў маніторынг аплаты працы ў арганізацыях аховы здароўя Віцебшчыны і ў асобных установах выявіў факты невыканання загадаў галіновага міністэрства ў частцы матэрыяльнага стымулявання настаўнікаў моладзі. На падставе рэкамендацыі, складзенай прафсаюзам, работнікам было выплачана больш за 4,5 тысячы рублёў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю