Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Выканкама Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, якая аб’ядноўвае нацыянальныя прафцэнтры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і міжнародныя галіновыя прафсаюзныя аб’яднанні.
Як падкрэсліў на пляцоўцы УКП старшыня ФПБ Юрый Сянько, у цэлым узровень аплаты працы — гэта адзін з найважнейшых крытэрыяў развіцця дзяржавы і той работы, якая вядзецца галіновымі прафсаюзамі і нацыянальным прафцэнтрам.
- — Заработная плата — гэта адзін з фактараў замацавання кадраў на прадпрыемствах, устойлівасці работы прадпрыемстваў, галін, эканомікі ў цэлым. Гэта адзін з фактараў стабільнасці ў дзяржаве, — адзначыў лідар нацыянальнага прафцэнтра Беларусі і дадаў, што прафсаюзы, разумеючы важнасць гэтага пытання, з улікам магчымасцяў і развіцця эканомікі своечасова рэагуюць і праводзяць работу з сацыяльнымі партнёрамі для павышэння ўзроўню аплаты працы ў цэлым і мінімальнага памеру заработнай платы ў прыватнасці.
Трэба адзначыць, што пытанню мінімальнай аплаты працы ўсе нацыянальныя прафцэнтры надаюць асаблівую ўвагу. Менавіта таму ў свой час Усеагульнай канфедэрацыяй прафсаюзаў і была аб’яўлена салідарная кампанія «Мінімальную заработную плату — на ўзровень не ніжэйшы за пражытачны мінімум».
І Беларусь адна з першых дасягнула гэтай мэты і працягвае ўтрымліваць узровень мінімальнай аплаты працы нават на вышэйшым узроўні. Дарэчы, у 2025 годзе і ў іншых краінах СНД удалося выканаць задачу, пастаўленую салідарнай кампаніяй УКП.
У той жа час на сёння ўзровень мінімальнай аплаты працы ў цэлым па рэгіёне моцна адрозніваецца. Улічваючы, што ў большасці краін СНД у 2025 годзе адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы, Усеагульнай канфедэрацыяй прафсаюзаў было прынята рашэнне аб распрацоўцы новай салідарнай стратэгіі па пытанні далейшага павышэння ўзроўню мінімальнай аплаты працы.
Пры гэтым вопыт работы сацыяльных партнёраў у Беларусі па пытаннях рэгулявання мінімальна магчымага ўзроўню зарплаты шмат у чым можа служыць прыкладам для іншых дзяржаў.
Памер мінімальнай аплаты працы ў нашай краіне ўстанаўліваецца па прапанове Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. І толькі ў Беларусі дзейнічае аўтаматычная індэксацыя мінімальнай заработнай платы пры росце спажывецкіх цэн. У цэлым яе памер у доларавым эквіваленце адзін з самых высокіх у краінах СНД. Напрыклад, у параўнанні з найменшым у рэгіёне ён большы ў 7 разоў.
Як адзначылі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, нацыянальны прафцэнтр нашай краіны падтрымлівае новую ініцыятыву Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў — салідарная работа прафсаюзаў дае магчымасць больш актыўна прасоўваць мэты па паляпшэнні аплаты і ўмоў працы.
Таксама ў нацыянальным прафцэнтры падкрэслілі, што разам з работай па далейшым павышэнні мінімальнага ўзроўню аплаты працы сацыяльныя партнёры ў Беларусі нацэлены на вырашэнне яшчэ адной задачы — скарачэнне колькасці арганізацый, у якіх сярэдні ўзровень аплаты працы складае менш як 150 % мінімальнай зарплаты. Аб гэтым бакі сацыяльнага партнёрства дамовіліся, падпісаўшы План мерапрыемстваў па рэалізацыі Генеральнага пагаднення паміж Урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзамі. І трэба адзначыць, што ў гэтым пытанні дасягнуты значныя вынікі. Колькасць такіх арганізацый стабільна змяншаецца, напрыклад, у чэрвені ў параўнанні са студзенем бягучага года арганізацый з такім узроўнем аплаты працы стала ў тры разы менш.
Алена КРАВЕЦ