Top.Mail.Ru

Прафсаюзы арганізавалі сустрэчу бацькоў з прадстаўнікамі вядучых спартшкол Гомельшчыны

Аб арганізацыі вольнага часу дзіцяці пасля школы, спартыўных секцыях, магчымасцях для заняткаў спортам у рэгіёне, у тым ліку бясплатна, расказалі прадстаўнікі спартыўных школ прафсаюзаў у час сустрэчы з работнікамі сферы сувязі.


Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве прафсаюзнага камітэта Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам» і сабрала каля 40 работнікаў арганізацыі, якія выхоўваюць дзяцей. Нагодай для адкрытага дыялогу сталі пытанні, якія рэгулярна ўзнімаюцца ў працоўным калектыве. Бацькі зацікаўлены, каб дзіця не толькі было занята карыснай справай, але і каб заняткі садзейнічалі яго фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя і раскрыццю талентаў.

На сустрэчу з работнікамі філіяла былі запрошаны прадстаўнікі дзвюх вядомых на Гомельшчыне спартыўных устаноў — Гомельскай СДЮШАР прафсаюзаў «Алімп-2015» і СДЮШАР прафсаюзаў «Сож». За гады сваёй дзейнасці спартшколы выхавалі не адно пакаленне спартсменаў, якія дастойна прадстаўляюць Беларусь як на рэспубліканскіх, так і міжнародных спаборніцтвах.

Госці падрабязна расказалі пра секцыі, умовы прыёму, трэніровачны працэс, дасягненні выхаванцаў і перспектывы, якія адкрывае спорт перад дзецьмі. Бацькі больш даведаліся аб спецыфіцы розных відаў спорту і змаглі падабраць для сваіх дзяцей найбольш прыдатныя варыянты для заняткаў.

Як адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам» Святлана Шкаляр, падтрымка дзіцячага спорту з’яўляецца важным напрамкам работы прафсаюзаў.

— Чэмпіёны не нараджаюцца раптам. Іх шлях пачынаецца ў дзяцінстве — з першай трэніроўкі, з падтрымкі настаўніка, з сістэмы, дзе кожны крок важны. Наш прафсаюз робіць усё, каб гэта сістэма працавала: дапамагае школам, падтрымлівае юныя таленты, стварае ўмовы для развіцця дзяцей. Здаровае пакаленне — гэта трывалы фундамент моцнай дзяржавы, і мы ўдзельнічаем у яго фарміраванні напрамую, — дадала Святлана Шкаляр.

Галоўная задача прафсаюзных спартыўных школ — уцягванне дзяцей і падлеткаў у карысную занятасць, стварэнне магчымасцяў для бясплатных заняткаў спортам у той час, калі бацькі знаходзяцца на працы. У дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах і спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школах алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па ўсёй краіне займаюцца каля 30 тысяч дзяцей і падлеткаў. Спартшколы прафсаюзаў акрэдытаваны на права падрыхтоўкі спартсменаў па 52 відах спорту.

Пры гэтым прафсаюзы не толькі дапамагаюць хлопцам і дзяўчатам зрабіць першыя крокі ў спорце, але і ствараюць неабходныя ўмовы для трэніровачнага працэсу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы, матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню спартыўных аб’ектаў, набыццю інвентару і экіпіроўкі, арганізацыі ўдзелу юных спартсменаў у спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Так, напрыклад, літаральна ў канцы вясны Беларускі прафсаюз работнікаў лічбавага развіцця і сувязі аказаў неабходную дапамогу Гомельскай СДЮШАР прафсаюзаў «Алімп-2015» у набыцці неабходнага інвентару для секцыі бокса.

— Мы заўсёды стараемся, каб дапамога была адраснай. Унікаем у тое, што сапраўды неабходна школе. Калі ў спартыўнай зале парадак і ўсё неабходнае пад рукой, спартсмены могуць засяродзіцца на галоўным — на выніку, — расказаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі Аляксандр Якаўлеў.

Дарэчы, галіновы прафсаюз адзначыў запатрабаванасць такіх мерапрыемстваў. Таму прынята рашэнне арганізаваць яшчэ шэраг сустрэч у такім фармаце для работнікаў іншых арганізацый галіны.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю