Прафсаюзы традыцыйна аказваюць дадатковую падтрымку работнікам, якія маюць дзяцей. Прычым гэта работа вядзецца па самых розных кірунках — ад арганізацыі прафкамамі свят і тэматычных мерапрыемстваў да ўключэння спецыяльных норм у калектыўныя дагаворы, якія даюць магчымасць работнікам, што маюць дзяцей, атрымліваць дадатковыя выплаты ў сувязі з тымі ці іншымі датамі і падзеямі, матэрыяльную дапамогу, выхадныя дні, гарантыі занятасці і інш.
— І вядома, адна з найважнейшых задач — гэта дапамога ў арганізацыі аздараўлення падрастаючага пакалення. У «мясцовых канстытуцыях» прапісваюцца розныя абавязацельствы прафсаюзнай арганізацыі і наймальніка ў гэтым пытанні: ад вядзення ўліку і дапамогі ў накіраванні на аздараўленне да выдзялення сродкаў на патанненне пуцёвак. І ўсе гэтыя нормы безумоўна выконваюцца на практыцы, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ. — Так, сёлета прафсаюзамі ўсіх узроўняў на патанненне пуцёвак у аздараўленчыя лагеры для дзяцей работнікаў — членаў прафсаюзаў было накіравана больш за 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Гэта дало магчымасць бацькам набыць па больш даступнай цане пуцёўкі для звыш 66,5 тысячы дзяцей.
Акрамя таго, неабходна адзначыць, што на працягу ўсяго года ў санаторыях сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 25-працэнтная скідка на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне даецца не толькі членам прафсаюзаў, але і іх непаўналетнім дзецям. Гэта таксама дае дадатковыя магчымасці для ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення.