Top.Mail.Ru
218

Прафсаюзны марафон добрых спраў ахопіць усе рэгіёны краіны

Рэспубліканская акцыя прымеркавана да 35-годдзя з дня ўтварэння самай масавай грамадскай арганізацыі краіны, якая заўсёды выступае ў абарону інтарэсаў чалавека працы, за захаванне сацыяльных правоў і гарантый работнікаў.



Гэта цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку работнікаў, прадпрыемстваў і арганізацый, сацыяльных устаноў, аб’ектаў, значных для беларусаў. Толькі за верасень пройдзе больш за 700 акцый па ўсёй краіне. Да арганізацыі і правядзення марафона падключаны прафсаюзы ўсіх узроўняў.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы ФПБ Станіслаў Валюк, галоўная мэта марафону — аб’яднаць намаганні і аказаць дадатковую падтрымку там, дзе яна асабліва неабходна.

— Гісторыя станаўлення арганізацыі непарыўна звязана з гісторыяй краіны. На працягу ўсіх гадоў галоўным арыенцірам для нас былі і застаюцца людзі — тыя, хто сваёй штодзённай працай умацоўвае свае прадпрыемствы і арганізацыі, развівае галіны і робіць краіну мацнейшай. Таму і ў юбілейны год самы лепшы падарунак для прафсаюзаў — гэта магчымасць зрабіць яшчэ больш для людзей, падставіць надзейнае плячо. І паказаць, што прафсаюзы побач у любой сітуацыі — ад падтрымкі на працоўным шляху да дапамогі ў жыццёвых пытаннях. Таму і мерапрыемствы не абмежаваныя па фармаце і накірунку, таму што маленькіх спраў не бывае. У кожнай добрай справы свая ўнікальная гісторыя, — дадаў Станіслаў Валюк.

Так, «Марафон добрых спраў» прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці, добраўпарадкаванне тэрыторый і населеных пунктаў, падтрымку работнікаў з дзецьмі і тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Без увагі не застануцца і ветэраны вайны і працы. Таксама працягваецца неабходная дапамога ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы розным сацыяльным, адукацыйным установам і іншыя мерапрыемствы.

Напрыклад, прафсаюз банкаўскіх і фінансавых работнікаў у Брэсце адновіць помнік удзельніку Вялікай Айчыннай вайны А.М.Крыкуну. Дарэчы, да добраўпарадкавання знакавых месцаў у розных рэгіёнах краіны далучаюцца і іншыя галіновыя прафсаюзы.

Яшчэ адзін прыклад у рамках марафону — экалагічная акцыя па ачыстцы пляжнай зоны адной з рэк на Брэстчыне. З такой ініцыятывай выступіла першасная прафсаюзная арганізацыя Ляхавіцкай ЖКГ. А прафкам Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання акажа бясплатныя цырульніцкія паслугі пажылым людзям, адзінокім пенсіянерам і ветэранам працы, якія стаяць на ўліку пры сацыяльных цэнтрах.

Першасная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Бярозабудматэрыялы» дапамаглі стварыць камфорт і ўтульнасць для навучэнцаў Бярозаўскага раённага ЦКРіР. Прафактыў сабраў і расставіў новую мэблю, уладкаваў пазнавальныя і гульнявыя прасторы для рабят. У сваю чаргу раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў перадалі Рэчыцкаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва неабходнае спартыўнае абсталяванне. А Гродзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў будаўніцтва дапаможа Бярозаўскаму сацыяльнаму пансіянату з набыццём трэнажора.

Трэба адзначыць, што падтрымка носіць не разавы характар, неабходная дапамога будзе аказвацца і надалей.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю