Работніку аднаго з прадпрыемстваў Міншчыны пасля выхаду з водпуску наймальнік адразу паведаміў, што з ім скасоўваюць працоўныя адносіны. З такім рашэннем мужчына не пагадзіўся і звярнуўся па дапамогу ў прафсаюз.
Спецыялісты аператыўна выехалі ў арганізацыю для вывучэння кадравых дакументаў. Маніторынг выявіў: наймальнік парушыў парадак звальнення, а менавіта, не прыняў да ўвагі дзеянне нормы калектыўнага дагавору.
Згодна з лакальным дакументам, скасаванне працоўнага дагавору па ініцыятыве наймальніка дапускаецца толькі пры ўзгадненні з прафсаюзам, што ў дадзеным выпадку не адбылося. Прафсаюз выдаў рэкамендацыю аб адмене загада аб звальненні і аднаўленні работніка ў ранейшай прафесіі. Трэба адзначыць, наймальнік прыняў аргументы да ўвагі, і працоўная спрэчка аператыўна вырашылася на карысць работніка.
Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, гэты выпадак — прыклад работы нормаў калектыўнага дагавору ў рэальным жыцці. Лакальны дакумент замацоўвае механізмы, якія даюць магчымасць не толькі аператыўна рэагаваць на спрэчныя сітуацыі, але і папярэджваць іх узнікненне.
— Такія дакументы нароўні з заканадаўствам рэгулююць працоўныя адносіны. Акрамя таго, калектыўны дагавор дае дадатковыя гарантыі для работнікаў. Напрыклад, гарантыі занятасці. І размова не толькі пра нормы, дзякуючы якім стала магчымым хуткае аднаўленне на рабоце, як у выпадку з работнікам арганізацыі Мінскай вобласці. Гэта і абавязковае падаўжэнне працоўных адносін, у тым ліку заключэнне новага кантракта, з работнікамі, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі і не дапускаюць парушэнняў выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, гарантыі для работнікаў перадпенсіённага ўзросту, моладзі, — дадалі ў прэс-службе ФПБ.
Алена КРАВЕЦ