Top.Mail.Ru

Прафсаюз работнікаў лесу правёў аўтапрабег Памяці

Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання правёў маштабную патрыятычную акцыю, прымеркаваную да Дня Перамогі. Прафсаюзныя актывісты ўшанавалі памяць загінулых у гады вайны на 81 памятным месцы — гэта як шырока вядомыя гістарычныя аб’екты, так і невялікія, але не менш значныя для жыхароў месцы.


Цэнтральнай падзеяй акцыі стаў аўтапрабег, які аб’яднаў прафактыў з усіх рэгіёнаў краіны. Яго асаблівасць — адначасовы старт у кожнай вобласці. Удзельнікі выйшлі на маршруты з розных пунктаў Беларусі. Нягледзячы на адрозненне фарматаў рэгіянальных мерапрыемстваў, усіх аб’яднала агульная мэта — захаваць гістарычную памяць і аддаць даніну павагі подзвігу продкаў.


Фінальным пунктам аўтапрабегу стала «Алея Герояў» Бараўлянскага спецлясгаса — тут сустрэліся ўдзельнікі акцыі з усіх рэгіёнаў. Месца выбрана невыпадкова. Алея на тэрыторыі лясніцтва закладзена ў гонар 18 Герояў Савецкага Саюза, якія былі ўдастоены звання за вызваленне Міншчыны. Усё тут прадумана і зроблена сіламі саміх работнікаў лясніцтва.

На знакавым для ўдзельнікаў месцы прафсаюзны актыў не толькі падвёў вынікі акцыі, але і сабраў драўляную карту-пазл Беларусі, на якой нанесены пройдзеныя маршруты.


«Захаванне міру на нашай зямлі — гэта штодзённая праца мільёнаў людзей. Беларускі народ добра ведае цану Перамогі, памятае подзвіг сваіх продкаў, трагедыю спаленых вёсак і разбураных лёсаў, і робіць усё, каб такое ніколі не паўтарылася. Наша агульная памяць аб’ядноўвае пакаленні, выхоўвае адказнасць за будучыню краіны і дапамагае разумець: мір, стабільнасць і магчымасць спакойна жыць і гадаваць дзяцей ніколі не даюцца лёгка. Гэта штодзённая праца кожнага з нас. Гісторыя не раз даказвала: з якімі б выклікамі беларусы не сутыкаліся, пераадолець іх удаецца дзякуючы адзінству, добрасумленнай працы і вернасці сваёй справе. Так было пасля вайны, калі краіну аднаўлялі па крупінках. Сёння ёсць новыя цяжкасці. Нашы члены прафсаюза, работнікі ляснога комплексу, знаёмыя з імі не па чутках. Але нягледзячы ні на што нашы працоўныя калектывы даказваюць: добрасумленная, якасная праца здольная пераадолець любыя перашкоды. У нашых генах працаваць з поўнай аддачай і адказнасцю за сваю справу, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі. — Мы памятаем і беражліва шануем сваю гісторыю, і пры гэтым працягваем глядзець наперад — штодня працаваць, развіваць прадпрыемствы, выхоўваць дзяцей, перадаваць ім нашы каштоўнасці, каб быць упэўненымі ў заўтрашнім дні пад мірным небам».


Трэба адзначыць, што праект рэалізуецца ўжо другі раз, але пры гэтым не паўтарае сябе: маршруты ўдзельнікаў поўнасцю абноўлены і не дублююць леташнія. Гэта дазваляе пашырыць геаграфію ініцыятывы і ўключыць у яе ўсё больш значных для беларусаў мясцін.

Галоўны ляснічы «Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» Яўген Герасіменя адзначыў: было прыемна, што старт на Віцебшчыне быў дадзены менавіта з Браслаўскага раёна, а таксама расказаў, наколькі важна было наведаць аб’екты ў рэгіёне, узяць з сабой маладых спецыялістаў, паказаць і расказаць ім гісторыю месцаў, на якіх яны жывуць і працуюць.


Так, напрыклад, сёлета прафсаюзны актыў зрабіў прыпынак каля мемарыяла воінам-вызваліцелям у Браславе — месцы, дзе пахаваны абаронцы, якія аддалі жыццё за вызваленне рэгіёна. У Пастаўскім раёне ўдзельнікі наведалі воінскае пахаванне № 4136, дзе на мемарыяльных плітах запісаны імёны загінулых салдат і партызан. Дарэчы, у апошнія гады тут праведзена вялікая работа па ўдакладненні спісаў, дзякуючы якой дадаткова ўвекавечаны імёны яшчэ 69 раней невядомых воінаў.

Знакавай кропкай маршруту стаў і помнік вызваліцелям «Пераправа» ў Гродзенскай вобласці — сімвал гераізму і самаахвярнасці байцоў, якія вызвалялі Смаргонь. 

На Брэстчыне ўдзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць каля помніка загінулым землякам у аграгарадку Мухавец, дзе ўвекавечаны 164 жыхары, якія не вярнуліся з вайны, а таксама наведалі мемарыяльны комплекс «Партызанам Палесся» ў Пінску. У цэнтры кампазіцыі — сімвалічнае дрэва, расколатае маланкай, са спустошаным гняздом бусла на вяршыні, якое сімвалізуе трагедыю разбуранага вайной мірнага жыцця.


На Гомельшчыне абавязковым стаў прыпынак у Рагачове — каля стэлы ў гонар падраздзяленняў, часцей і злучэнняў Савецкай Арміі. Яшчэ адно важнае месца рэгіёна — помнік спаленым вёскам Чачэрскага раёна, які нагадвае аб трагедыі мірнага насельніцтва ў гады вайны.

Антаніна Мурашка, інжынер па якасці Чавускага лясгаса, прадстаўнік Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза, упершыню далучылася да акцыі.

«У Магілёўскім рэгіёне мы наведалі 9 памятных мясцін, на кожным аб’екце я была першы раз. Мне было важна пазнаёміцца з гісторыяй гэтых помнікаў. Мае блізкія таксама тут не бывалі, таму я абавязкова з імі падзялюся тым, пра што даведалася», — дадала Антаніна Мурашка.

Пералічаныя аб’екты — толькі частка маршруту. У фокусе ўвагі прафактыву — дзясяткі памятных месцаў па ўсёй краіне. У цэлым Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання шэфствуе амаль над тысячай аб’ектаў памяці, праводзячы сістэмную работу па іх добраўпарадкаванні, захаванні і рэканструкцыі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю