Каля 7,2 тысячы рублёў — менавіта такую суму недаатрымалі шасцёра работнікаў аднаго з прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельшчыны. Размова ідзе аб своечасова не выплачаных адпускных і частцы матэрыяльнай дапамогі.
Пралік выявіўся падчас планавага маніторынгу прававога інспектара працы Гомельскай абласной арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання. Падчас праверкі дакументаў у адной з арганізацый галіны прафсаюзны спецыяліст выявіла сур’ёзныя парушэнні.
Аказалася, што шасцярым работнікам прадпрыемства не выплацілі адпускную і матэрыяльную дапамогі. Супрацоўнікі, не ўбачыўшы належных сродкаў на карце, звярнуліся ў бухгалтэрыю, дзе ім параілі проста «пачакаць, пакуль з’явяцца грошы».
— Згодна з працоўным заканадаўствам, сярэдні заробак за час працоўнага водпуску павінен быць выплачаны не пазней, чым за два дні да яго пачатку, — тлумачыць Святлана Барысенка. — Дапускаецца выключэнне — выплата на працягу двух працоўных дзён пасля пачатку водпуску, але толькі з пісьмовай згоды работніка. У дадзеным выпадку ні адна з гэтых умоў выкананая не была.
Выявіўшы парушэнні, прафсаюзны юрыст выдала наймальніку адпаведную рэкамендацыю. І, як часта бывае ў такіх выпадках, «фінансавыя цяжкасці» імгненна вырашыліся.
— Наймальнікі часта спасылаюцца на адсутнасць сродкаў, — адзначае Святлана Барысенка. — Аднак, калі выразна паказваеш на парушэнні калектыўнага дагавора і працоўнага заканадаўства і тлумачыш, што гэта можа прывесці да судовых разбораў, грошы, як правіла, знаходзяцца.
Так адбылося і на гэты раз. Даведаўшыся, што работнікі маюць поўнае права звярнуцца ў суд, а прафсаюз гатовы прадстаўляць іх інтарэсы, наймальнік аператыўна пералічыў усе належныя выплаты. У той жа дзень, калі была выдадзена рэкамендацыя, работнікам вярнулі належныя сродкі.
Алена КРАВЕЦ