Top.Mail.Ru

Прафсаюз дапамог прызыўніку атрымаць належную выплату

Падчас правядзення грамадскага кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства ў адной з арганізацый камунальнай формы ўласнасці ў Мінску выяўлены факт парушэння правоў работніка. Супрацоўнік быў звольнены ў сувязі з прызывам на ваенную службу, аднак належная па законе выхадная дапамога яму выплачана не была.


Заканадаўства дакладна вызначае: прызыў у войска — гэта падстава для спынення працоўных адносін, але не падстава пакідаць чалавека без фінансавай падтрымкі. Калі працоўны дагавор скасоўваецца па такіх падставах, наймальнік абавязаны выплаціць выхадную дапамогу. Мінімальны яе памер — не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак.

Убачыўшы парушэнне, юрыст Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання не пакінула яго без увагі. У адрас кіраўніка арганізацыі было вынесена афіцыйнае прадстаўленне з выразным патрабаваннем: аператыўна ўстараніць парушэнне і вярнуць доўг былому работніку.

Дарэчы, наймальнік не стаў зацягваць з вырашэннем пытання і ліквідаваў парушэнне ў найкарацейшыя тэрміны. Работніку пералічана выхадная дапамога ў поўным аб’ёме — 945 рублёў.

Нагадаем, звярнуцца з пытаннем, звязаным з працоўнымі адносінамі, можна і ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ. Прафсаюзныя спецыялісты працуюць штодня з 8.00 да 20.00 — 8 801 100 1111.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю