Top.Mail.Ru
120

Прафсаюз адстаяў інтарэсы работніка ў судзе

Супрацоўнік аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў ад кіраўніцтва атрымаў вымову за няякаснае выкананне вуснага даручэння. Але, як высветлілася пазней, сам наймальнік не змог дакладна растлумачыць, што менавіта даручаў і на якіх падставах. Інтарэсы работніка ў судзе прадстаўляў прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Дзмітрый Мардачоў.


Як адзначыў прафсаюзны юрыст, вуснае даручэнне, за якое работніка пакаралі, не было прапісана ні ў яго працоўным дагаворы, ні ў службовай інструкцыі.

«Артыкул 20 Працоўнага кодэкса прама забараняе наймальніку патрабаваць ад работніка выканання абавязкаў, не прадугледжаных працоўным дагаворам. Дысцыплінарнае спагнанне можа прымяняцца толькі за вінаватае і супрацьпраўнае невыкананне менавіта тых абавязкаў, якія замацаваны дакументальна. Такім чынам, вусныя даручэнні, не падмацаваныя службовай інструкцыяй, не з’яўляюцца падставай для вымовы», — расказаў Дзмітрый Мардачоў.

Акрамя таго, падчас судовага разбору наймальнік не змог дакладна сфармуляваць, у чым менавіта заключалася парушэнне. І дакументальных пацвярджэнняў даручэння не знайшлося. Прыслухаўшыся да аргументаў прававога інспектара працы, непасрэдна падчас пасяджэння кіраўнік арганізацыі прыняў рашэнне адмяніць загад аб дысцыплінарным спагнанні і прапанаваў заключыць міравое пагадненне.

Суд спыніў вядзенне па справе: у адрас наймальніка быў вынесены акт рэагавання, які падкрэслівае неабходнасць захавання заканадаўства пры прымяненні дысцыплінарных мер.

Каменціруючы працоўную спрэчку, прававы інспектар працы рэкамендаваў пры ўзнікненні недастатковага разумення з наймальнікам звяртацца па падтрымку ў прафсаюз. Нагадаем, звярнуцца можна па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Прафсаюзныя спецыялісты працуюць штодня з 8:00 да 20:00.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю