Top.Mail.Ru

Праекты ў Шклове, Ваўкавыску і не толькі. Мінсельгасхарч аб развіцці малочнай галіны

Якія маштабныя праекты будуць рэалізаваны, расказала ў інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Клімава.


Беларусь з’яўляецца значным гульцом на сусветным рынку малочнай прадукцыі, а па шэрагу пазіцый нават уваходзіць у топ-5 краін. 

Праграма па мадэрнізацыі і будаўніцтве малочнатаварных комплексаў у розных рэгіёнах, якой вялікую ўвагу ўдзяляе асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у будучыні павінна даць прырост сыравіннай базы для перапрацоўкі. І ў краіне ўжо сёння ствараюцца дадатковыя сучасныя вытворчыя магутнасці. У адпаведнасці са стратэгіяй развіцця малочнай галіны, якая была прынята яшчэ ў лістападзе 2023 года, робяцца захады па мадэрнізацыі, тэхперааснашчэнні прадпрыемстваў, будаўніцтве новых вытворчасцяў «малочкі».

Аб новых знакавых праектах у малочнай галіне

Паводле слоў Марыі Клімавай, цяпер у Беларусі перапрацоўкай малака займаюцца 32 буйныя арганізацыі. Рэалізуецца шэраг новых праектаў. Напрыклад, новы малаказавод узводзіцца ў Шклоўскім раёне.

Яна падкрэсліла, што вытворчасць будзе адпавядаць сучасным патрабаванням да якасці і бяспекі. Аб рэалізацыі гэтага праекта ў мінулую пятніцу Аляксандру Лукашэнку далажыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў.

Ужо праведзена перадаплата за абсталяванне для завода і ёсць упэўненасць, што яно будзе паступаць у тыя тэрміны, калі пад яго падрыхтуюць адпаведныя пляцоўкі. Аб’ект абяцаюць пабудаваць за год і ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2026-га.

Будуць пашырацца вытворчыя магутнасці і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці кіраўніком дзяржавы адобрана будаўніцтва новай вытворчасці ў ААТ «Беллакт». Гаворка ідзе аб тым, каб пабудаваць дадатковую вытворчасць сухога дзіцячага харчавання. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў 380 млн рублёў. Рэалізацыя інвестпраекта ў Ваўкавыску дасць магчымасць дадаткова перапрацаваць 61 тысячу тон малака ў год, павялічыўшы да 15 тысяч тон (рост у два разы) вытворчасць сухіх дзіцячых сумесяў, якія адпавядаюць патрабаванням сусветных стандартаў, і пашырыць геаграфію экспарту ў краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Аб дынаміцы вытворчасці малака ў Беларусі і экспартным патэнцыяле

  Паводле даных, прыведзеных Марыяй Клімавай, прырост вытворчасці малака ў першым паўгоддзі 2025-га склаў 4%.

Гэта яшчэ больш паказальна ў параўнанні з дынамікай у іншых краінах, асабліва ў дзяржавах — экспарцёрах малочнай прадукцыі. У многіх з іх тэмпы развіцця, наадварот, замарудзіліся, а то і сышлі ў мінус.
  «Калі казаць пра ўзровень самазабеспячэння, то паказчык па малаку і малочнай прадукцыі ў Беларусі дасягае 283%. У краінах Еўрасаюза, напрыклад, гэта 117%. Калі браць Цэнтральную Еўропу, скандынаўскія краіны і краіны Балтыі, то там ён не вышэйшы за 130%, ва Усходняй Еўропе — 102%. А ў такіх краінах, як Іспанія, Італія, Грэцыя і Партугалія, узровень самазабеспячэння па малаку не дасягае 80%», — расказала Марыя Клімава.
У той жа час Беларусь дэманструе добрыя тэмпы росту. Узровень вытворчасці малака на душу насельніцтва дасягае 985 кг на чалавека за год, а спажывае краіна пры гэтым усяго 240 кг на чалавека — розніца прыкладна ў 4 разы. «Мы можам спакойна экспартаваць з упэўненасцю ў тым, што ўнутраны рынак не пацерпіць», — падкрэсліла прадстаўнік Мінсельгасхарча.

За паўгоддзе ў краіне адзначаецца прырост у вытворчасці практычна па ўсёй наменклатуры малочнай прадукцыі.

Марыя Клімава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць развіцця сыравінных зон. «Гэта ў першую чаргу гарантаваныя пастаўкі, у другую — гарантаваная якасць малака і сыравіны», — сказала спецыяліст.

Таксама важныя практычнае навучанне персаналу, нарыхтоўка кармоў, а замацаванне сыравінных зон дае штуршок развіццю сельскай гаспадаркі.

Аб далейшых планах і эксклюзіўных прадуктах
  • Што датычыцца далейшага развіцця малочнай галіны, то ў планах прырастаць па вытворчасці малака на 4-5%.
Перш за ўсё стаіць задача перапрацаваць малочную сыравіну ў прадукт з высокай дабаўленай вартасцю для экспарту за мяжу. Цяпер асабліва развіваецца сегмент сыроў. «Плюс 8% па сырах цвёрдай і паўцвёрдай групы, якую айчынныя прадпрыемствы вельмі паспяхова развіваюць. Мы навучыліся выпрацоўваць сыры з працяглымі тэрмінамі паспявання, з напаўняльнікамі, нават эксклюзіўнымі — не толькі з журавінамі і лісічкамі, цыбуляй, пажытнікам, але і з труфелем — чорным і белым. Высокі попыт і на мяккія сыры».

Асартымент сыроў айчынных прадпрыемстваў ужо налічвае амаль 400 найменняў.

У сваю чаргу ў сегменце натуральнамалочнай прадукцыі малаказаводы развіваюцца ў кірунку функцыянальных прадуктаў, прадуктаў без дабаўлення цукру, нізкалактозных і безлактозных.

«Прадпрыемствы эфектыўна працуюць. Узровень рэнтабельнасці продажаў вышэйшы за ўзровень мінулага года, — падкрэсліла Марыя Клімава. — Прадукцыя экспартуецца амаль у 50 краін, з якіх 40 — краіны далёкага замежжа. Традыцыйныя рынкі збыту — Расійская Федэрацыя і краіны СНД у сілу блізкай лагістыкі дастаўкі, эфектыўнасці продажаў».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю