Удзельнікі VІ Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» сабраліся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каб абмеркаваць у тым ліку задачы па рабоце над праектам, які павінен стаць нацыянальным па сутнасці.
— Мы сабраліся ў музеі, які ў свой час быў адным з найважнейшых праектаў у гісторыі сучаснай Беларусі. А цяпер працуем над другім архіважным нацыянальным праектам — стварэннем новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея і яго пастаяннай экспазіцыі. Задача для нас зразумелая, але гаворка ідзе пра больш чым 12000 квадратных метраў. Гэта будзе самая вялікая музейная экспазіцыя ў сучаснай Беларусі, адна з найбуйнейшых не толькі ва Усходняй Еўропе, а нават у свеце. З тымі падыходамі, якія нам трэба рэалізаваць, гэта павінна быць і адна з самых тэхналагічных экспазіцый (чаго ад нас чакае дзяржава), — адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін. — Пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць, многія музейшчыкі нашай краіны будуць далучаны да гэтай работы для кансультацый, вырашэння метадалагічных пытанняў. Гэта праект не толькі Нацыянальнага гістарычнага музея, а менавіта ўсёй музейнай супольнасці Беларусі. Таму што мы павінны адлюстраваць 1000-га-довую гісторыю краіны і паказаць нашы дасягненні на сучасным узроўні.
Пра здабыткі ў музейнай справе за апошнія 30 гадоў можна казаць шмат, таму што ў Беларусі былі здзейснены важныя праекты. Сярод іх прыбудова Нацыянальнага мастацкага музея, якая пасля была ўключана ў адзіны комплекс будынкаў; праекты ў Міры і Нясвіжы, рэалізаваныя сіламі айчынных спецыялістаў; новы будынак Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Значныя работы праведзены на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, у тым ліку пры дапамозе Саюзнай дзяржавы.
Адкрытыя для наведвальнікаў музей у мемарыяльным комплексе «Хатынь»; музейная экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе «Ала» Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея; пастаянная экспазіцыя ў філіяле музея «Дзецям вайны» Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу. Цяпер ідзе работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». Рэалізоўваюцца іншыя задумкі, у тым ліку праз сумесную работу з калегамі з Расійскай Федэрацыі і СНД, а гэта ўзбагачае скарбонку музейнай справы Беларусі. Наша краіна імкнецца яе развіваць у рамках міжнародных тэндэнцый. А ў экспазіцыі будучага Нацыянальнага гістарычнага музея трэба сумясціць класічны музейны падыход з паказам прадметаў з тэхналогіямі, якія могуць зрабіць установу больш прыцягальнай. Асаблівая ўвага — пытанням камплектавання часткі экспазіцыі, прысвечанай сучаснаму перыяду, таму на форуме прагучала прапанова да прадстаўнікоў усіх рэгіянальных музеяў пры небходнасці падключацца і дапамагаць у рабоце над нацыянальным праектам.
Фота Лізаветы ГОЛАД