Новая праграма абяцае стаць дакументам сучаснасці, без аглядкі на мінулыя фармулёўкі. Аб канкрэтных кроках для дасягнення мэт, задачах і прынцыпах праекта сенатарам расказаў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый ЧАБАТАР.
Новая пяцігодка, паводле слоў міністра, павінна быць зразумелай для ўсіх, адлюстроўваць усе запыты грамадства. Таму задачы, на якіх павінна канцэнтравацца дзяржава для дасягнення галоўнай мэты — новай якасці жыцця беларусаў, — дакумент выкладае сучасна, выразна і коратка. Дзеля гэтай жа мэты ён структураваны вакол сямі ключавых прыярытэтаў: нацыянальная дэмаграфічная бяспека — захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і; развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы; стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця; рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя; моцныя рэгіёны; умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі; рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу.
Рэалізоўвацца праграма будзе праз сістэму з 20 дзяржаўных праграм, якія з’яўляюцца ключавым інструментам бюджэтнага фінансавання, 17 галіновых — для прыцягнення камерцыйных інвестыцый, а таксама 7 рэгіянальных і 38 навуковых праграм. «Такім чынам, праграма становіцца канкрэтнай, кампактнай, народнай, а гэта значыць зразумелай і даступнай кожнаму грамадзяніну», — адзначыў міністр эканомікі.
Сярод прыярытэтаў праграмы — дэмаграфія і ахова здароўя, тэмы паміж сабой узаемазвязаныя. Ахоп дыспансерызацыяй дарослага насельніцтва, паводле слоў міністра эканомікі, павінен будзе дасягнуць узроўню не менш як 95 %. Не застанецца без увагі і інфраструктура: праект праграмы абяцае пашырыць шматфункцыянальную сетку ўстаноў дашкольнай адукацыі, зрабіць яе яшчэ больш даступнай. У кожнай вобласці краіны ў наступныя пяць гадоў плануецца забяспечыць работу не менш як трох міжраённых цэнтраў спецыялізаванай меддапамогі.
Складаная задача дасягнуць балансу з’явіцца перад рынкам працы: з аднаго боку, нельга дапусціць уцечкі кадраў, а з другога — як ніколі важна стымуляваць прыток запатрабаваных спецыялістаў. Забяспечанасць кадрамі, заявіў Юрый Чабатар, павінна скласці не менш за 97 %. У сацыяльнай сферы акцэнт у будучую пяцігодку плануюць зрабіць і на клопаце аб маладым пакаленні: у праекце праграмы з’явіўся цэлы раздзел, прысвечаны моладзі. Дарэчы, плануецца, што не менш як 15 % месцаў у органах дзяржаўнага кіравання і самакіравання зоймуць менавіта маладыя людзі.
За пяць гадоў доля высокатэхналагічных вытворчасцяў павінна будзе павялічыцца да 8,5 %, а гадавы аб’ём вытворчасці электрамабіляў скласці не менш як 10 тысяч адзінак, што павялічыць запыт на айчынную прадукцыю, у тым ліку і за мяжой.
Ключавое адрозненне новай праграмы — яе ўзгадненне з рэгіянальнымі. Запланавана будаўніцтва новых прадпрыемстваў, аб’ектаў сацыяльнай сферы, арэнднага жылля. Для фінансавання рэгіянальных ініцыятыў сфарміраваны спецыяльныя праграмы, будуць выдзяляцца банкаўскія крэдыты на льготных умовах. «Асаблівая ўвага будзе нададзена забеспячэнню транспартнай даступнасці. У прыватнасці імкнёмся да таго, каб час у дарозе да гарадоў-спадарожнікаў не перавышаў 20—30 хвілін», — адзначыў міністр эканомікі.
«Праграма зразумелая і дакладна структураваная па механізмах рэалізацыі»
Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч па выніках разгляду ў Савеце Рэспублікі праекта дакумента ў размове з журналістамі адзначыў, што члены Савета Рэспублікі былі ўключаны ў склад міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы праекта, удзельнічалі ў распрацоўцы канцэпцыі, якую адобрыў кіраўнік дзяржавы. Абмеркаванне насіла «прыкладны, прадметны характар». Асаблівая ўвага да таго, як задачы, якія вызначаны, будуць рэалізоўвацца ў рэгіёнах, на месцах.
«Галоўнае, што хочацца падкрэсліць: праграма арыентавана на пераход да новай якасці жыцця грамадзян. Сем прыярытэтаў будуць закранаць усе сферы нашай жыццядзейнасці. У першую чаргу гэта пытанні сацыяльнага блока, дэмаграфічны патэнцыял, развіццё чалавечага патэнцыялу, пытанні, звязаныя са стварэннем камфортных умоў для жыцця», — сказаў Уладзіслаў Татарыновіч.
Асаблівае месца ў праекце праграмы займаюць павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, укараненне сучасных тэхналогій, лічбавізацыя і развіццё абароннага сектара. Акцэнт і на моцныя рэгіёны, развіццё прадпрымальніцтва, сферы турызму.
Уладзіслаў Татарыновіч звярнуў увагу, што праграма зразумелая і дакладна структураваная па механізмах рэалізацыі. За кожны кірунак адказвае канкрэтны міністр, рэгіёны. Уся работа выбудавана так, каб задачы былі дасягальныя, збалансаваныя па рэсурсах і выканаўцах.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Віктар Ананіч дадаў, што ад удзельнікаў пасяджэння паступіла дастаткова шмат пытанняў. Абазначаны асноўныя кірункі развіцця краіны, на якіх будзе зроблены акцэнт. Ключавое адрозненне новай праграмы — яе ўзгадненне з рэгіянальнымі праграмамі. У мінулым пяцігоддзі дакументы прымаліся асобна. Запланавана будаўніцтва новых прадпрыемстваў, аб’ектаў сацыяльнай сферы, арэнднага жылля. Для фінансавання рэгіянальных ініцыятыў сфарміраваны спецыяльныя праграмы, будуць выдзяляцца банкаўскія крэдыты на льготных умовах.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю турызму. «У нас багатая прырода, ёсць патэнцыял для развіцця як унутранага, так і ўязнога турызму», — сказаў Віктар Ананіч
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА