Top.Mail.Ru
262

Праект па будаўніцтве расолаздабыўной свідравіны рэалізавалі беларускія нафтавікі

«Беларуснафта» рэалізавала эксклюзіўны праект па будаўніцтве расолаздабыўной свідравіны, паведамляе БелТА



Такі аб’ект - расолаздабыўная свідравіна № 17С - узведзены дзякуючы нафтавікам на прадпрыемстве «Мазырсоль». Міжгаліновы праект рэалізаваны паспяхова. Гэта прадпрыемства вядомае як найбуйнейшы вытворца выварачнай солі класа экстра і займае ключавыя пазіцыі на тэрыторыі СНД і Усходняй Еўропы.

Як адзначылі ў кампаніі «Беларуснафта», падобныя да свідравіны № 17С аб’екты — адзінкавыя. Іх будаўніцтва лічыцца архіскладанай задачай. Зрэшты, у «Беларуснафты» такі досвед ёсць. У 2007 годзе спецыялісты ўпраўлення па павышэнні нафтааддачы пластоў і рамонце свідравін пабудавалі для мазырскага прадпрыемства свідравіну № 14С. Нафтавікі прааналізавалі той досвед, дадаткова прапрацавалі асобныя арганізацыйныя, тэхнічныя і тэхналагічныя моманты. 

Праект рэалізаваны ў фармаце «пад ключ» — ад праектавання да запуску ў эксплуатацыю. Агульнае кіраўніцтва было ўскладзена на ўпраўленне свідравінавых тэхналогій і сэрвісу цэнтральнага апарату, у прыватнасці — на намесніка начальніка структурнага падраздзялення Віктара Архіпенку. Паводле яго, да задачы падышлі комплексна.

«Гэта ўзвядзенне пад’язной дарогі, вертыкальнай свідравіны глыбінёй больш за 1,3 тыс. м з суцэльным адборам керна з глыбіні 790 м і да забою, будаўніцтва ліній электраперадачы. Таксама праект уключае пракладку трох падземных трубаправодаў пад тэхналагічныя патрэбы заказчыка (кожны трубаправод даўжынёй 1,23 км) і будаўніцтва неацяпляльнага надсвідравіннага павільёна з металаканструкцый», — растлумачыў ён. Асаблівасць свідравіны № 17С — высокія патрабаванні па якасці цэментавання і захаванні вертыкальнасці ствала. Нафтавікі здолелі дамагчыся строга вертыкальнай канфігурацыі. Таксама для забеспячэння высокай якасці цэментавання эксплуатацыйнай калоны былі ўкаранёны рацпрапановы. Адна з іх датычылася змены канструкцыі цэменціровачнай галоўкі. Другая — заключалася ў прымяненні спецыяльнага буравога раствору. У выніку ўвесь цыкл атрымалася прайсці без тэхналагічных парушэнняў і ўскладненняў, а паскарэнне па цыкле бурэння склала больш за 55 сутак, амаль удвая была павялічана камерцыйная хуткасць.

Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю