Не рэгіянальная, а міжнародная платформа
За гады правядзення гэты форум стаў прызнанай і аўтарытэтнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў міжнароднага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, устанаўлення надзейных доўгатэрміновых міжрэгіянальных і кааперацыйных сувязяў. На працягу двух дзён яго ўдзельнікі — а іх было больш за тысячу — знаёміліся з эканамічным патэнцыялам рэгіёна.

У першы дзень работы, 21 мая, прадстаўнікі ўлады, дзелавых і бізнес-колаў абмеркавалі актуальныя пытанні на стратэгічных сесіях: аграпрамысловы комплекс, навуку і тэхналогіі, сферу штучнага інтэлекту, турызм, жаночае прадпрымальніцтва.
Другі дзень пачаўся з сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана КРУПКО з кіраўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў, кіраўнікамі дэлегацый рэгіёнаў-партнёраў. Ён звярнуў увагу, што за 20 гадоў форум прайшоў шлях ад рэгіянальнай дзелавой пляцоўкі да аўтарытэтнай міжнароднай платформы, дзе нараджаюцца ідэі, прымаюцца стратэгічныя рашэнні, умацоўваюцца партнёрства і чалавечыя сувязі.

Іван Крупко падкрэсліў, што з расійскімі партнёрамі ў Беларусі створана трывалая Саюзная дзяржава:
— Для Гомельскай вобласці супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі — асаблівы кірунак. Нас аб’ядноўваюць агульная гісторыя, духоўная блізкасць, трывалыя эканамічныя сувязі і пастаянны чалавечы кантакт.
Паводле слоў кіраўніка вобласці, змястоўна развіваецца ўзаемадзеянне з Бранскай вобласцю:
— За кожным сумесным праектам мы бачым практычны вынік: работа прадпрыемства «Брансксельмаш», кааперацыя ў машынабудаванні, будаўніцтва жылля, сумесныя гуманітарныя ініцыятывы. Паслядоўна ўмацоўваюцца сувязі з Курскай вобласцю, дзе прадпрыемствы Гомельшчыны ўдзельнічаюць у будаўніцтве жылля і інфраструктуры. Новы імпульс атрымалі адносіны з Ніжагародскай вобласцю: ад міжрэгіянальных пагадненняў да супрацоўніцтва ў спорце, прамысловасці і гуманітарнай сферы. Развіваецца ўзаемадзеянне са Смаленскай, Арлоўскай, Белгародскай, Чалябінскай абласцямі, Рэспублікай Башкартастан, Прыморскім краем і іншымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Прычым гэта ўжо не асобныя кантакты, а паўнавартасная кааперацыя прадпрыемстваў, свабодных эканамічных зон, устаноў культуры, адукацыі і маладзёжных арганізацый. Асаблівае значэнне надаём супрацоўніцтву з Рэспублікай Саха (Якуція). Падрыхтоўка да адкрыцця помніка Герою Савецкага Саюза Фёдару Папову на лоеўскай зямлі як сімвал агульнай гістарычнай памяці, павагі да подзвігу пакалення пераможцаў і духоўнага адзінства нашых народаў.
Узорам узаемнага даверу і эфектыўнага ўзаемадзеяння Іван Крупко назваў адносіны Беларусі і Кітая:
— Важна, што гэтыя адносіны актыўна развіваюцца і на рэгіянальным узроўні. Дэлегацыі Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна сталі пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў у Гомельскай вобласці, умацоўваюцца дзелавыя і гуманітарныя кантакты, рыхтуюцца новыя пагадненні паміж рэгіёнамі.

Шчырыя, адкрытыя, братэрскія адносіны дэманструюць Беларусь і Узбекістан, звярнуў увагу старшыня аблвыканкама:
— Актыўнае ўзаемадзеянне Гомельскай вобласці з Ферганскай, Наваійскай, Ташкенцкай абласцямі пацвярджае гэта на практыцы. За кароткі час нам удалося выйсці на сур’ёзныя сумесныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыйнай сферы і гуманітарным супрацоўніцтве.
Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва адыгрывае сёння найважнейшую ролю таксама і ў адносінах з Казахстанам, дадаў кіраўнік рэгіёна. Трывалыя адносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе і даверы, звязваюць паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі з Азербайджанам. Змястоўна і дынамічна развіваецца супрацоўніцтва з Таджыкістанам, падкрэсліў Іван Крупко.
Паводле БелТА