Тэма размеркавання паўнамоцтваў і вызначэння кампетэнцый старшынь выканкамаў базавага ўзроўню, якая ўзнімалася на мінулым тыдні падчас нарады ў Прэзідэнта і вынікам якой стала навіна аб з’яўленні ў хуткім часе адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы, асабліва актыўна абмяркоўваецца на месцах. Гэта неабходна для таго, каб дакладна разумець, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў. Акрамя таго, прававое рэгуляванне паўнамоцтваў гэтай катэгорыі службовых асоб дазволіць пазбегнуць спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і межаў кампетэнцыі. Аб гэтым гаварыў Прэзідэнт, гэта выдатна разумеюць і прадстаўнікі мясцовай улады, і выканаўчай, і заканадаўчай, бо, як правіла, выканкамы і саветы ў сваім рэгіёне разам вырашаюць пастаўленыя задачы, разам працуюць на развіццё тэрыторыі і дабрабыт людзей. З прадстаўнікамі заканадаўчай улады рознага ўзроўню карэспандэнты МС і пагутарылі аб гэтым.
«Працуем у цесным узаемадзеянні»
Член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч бачыць сувязь будучага ўказа з ужо падпісанымі дакументамі. І прыводзіць прыклад нядаўняга Указа № 38 па пытаннях выдзялення арэнднага жылля грамадзянам: «Для рэалізацыі яго мясцовыя выканкамы сфарміруюць пералікі найбольш запатрабаваных спецыялістаў. Рашэнне жыллёвых пытанняў дасць магчымасць вырашыць кадравыя пытанні ў рэгіёнах, асабліва там, дзе кадраў не хапае. Такія кампетэнцыі ствараюць дадатковыя ўмовы мясцовым органам улады для вырашэння пытанняў жыццядзейнасці. Вядома, новыя паўнамоцтвы заўсёды павялічваюць адказнасць за прыняцце рашэння. Але дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні і будуецца на такіх асноўных прынцыпах, як захаванне агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян, законнасць, сацыяльная справядлівасць».
Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта ўпэўнена, што прававое рэгуляванне паўнамоцтваў старшынь выканкамаў дасць новы імпульс развіццю тэрыторый і якасці жыцця.
Як заўважыла лідар дэпутацкага корпуса рэгіёна, устоўлівае развіццё любой тэрыторыі залежыць ад руплівага гаспадара. На месцах такой асобай з’яўляецца старшыня райвыканкама. Дадатковыя прэферэнцыі, якія заяўлены кіраўніком дзяржавы, дазволяць атрымаць новыя магчымасці па распараджэнні фінансамі, прымаць рашэнні па развіцці сваёй тэрыторыі. Разам з тым узрасце і адказнасць за ўсе працэсы, якія тут адбываюцца.
«Гэта вельмі актуальна на сёння, бо станаўленне і развіццё архітэктуры кіравання прайшло праверку на якасць, што дазволіла стварыць дакладны механізм, перанакіраваць некаторыя паўнамоцтвы Адміністрацыі Прэзідэнта не толькі на абласную вертыкаль, але і на раённую», — выказала сваю думку Алена Пасюта.
Пры гэтым заканадаўчая галіна ўлады таксама будзе задзейнічана. «Мы на сесіях абласнога Савета дэпутатаў прымалі датацыйны бюджэт кожнага раёна, і ўсе структуры, асабліва бюджэтныя, функцыянавалі аднолькава. У новых умовах будзе магчымасць кожнаму старшыні калегіяльна з выканкамам і райсаветам прымаць рашэнні, якія будуць накіраваны на тое, каб пераразмеркаваць свабодныя сродкі такім чынам, як яны лічаць у сябе на месцах. Значная частка накіроўваецца ў сельвыканкамы», — зазначыла суразмоўца.
Важным момантам, лічыць старшыня аблсавета, з’яўляецца той факт, што ўзровень датацыі раёнам не зменшыцца, затое будзе магчымасць працаваць самастойна з рэшткамі бюджэту. Такі механізм можна назваць вельмі своечасовым, таму што раёны развіваюцца па-рознаму. І тут многае залежыць ад кіраўніцтва.
Там, дзе ўмела арганізавана дзейнасць прадпрыемстваў, ёсць магчымасць атрымліваць у даход раёна дадатковыя сродкі. Калі гэтыя сродкі зароблены самастойна і імі распараджаецца кіраўнік раёна, яны маюць найбольшы эфект у насельніцтва, бо, як правіла, ідуць на патрэбу жыхарам, улічваюцца тыя праблемы, з якімі, магчыма, яны звярталіся. Сёння найперш на месцах ведаюць, як развіваць тую ці іншую тэрыторыю, на што звяртаць увагу. Як ідуць міграцыйныя працэсы, як развіваецца дэмаграфія ў раёне, як правільна выкарыстаць чалавечыя рэсурсы, залежыць ад работы на месцах.
Па словах Алены Пасюты, указ накіраваны на кансалідацыю ўсіх структур мясцовай улады, у тым ліку і сельвыканкамаў, кіраўнікі якіх з’яўляюцца старшынямі сельскіх Саветаў дэпутатаў. А гэта тая катэгорыя, якая працуе непасрэдна з людзьмі. Тут не толькі бачаць усе праблемыя пытанні, але могуць і рэгуляваць працэсы, якія скіраваны на стратэгію развіцця сельскіх тэрыторый.
«Апошнім часам гэтаму кірунку ўдзяляецца значная ўвага з боку кіраўніцтва краіны, — зазначае старшыня аблсавета. — Гэта не проста экалагічна чыстая зона для пражывання, а той патэнцыял, які дазваляе захаваць сельскагаспадарчую вытворчасць, што для нашай краіны з’яўляецца стратэгічным рэсурсам у харчовай бяспецы. Акрамя гэтага, важна ўсвядоміць неабходнасць адкрываць хоць і невялікія вытворчыя аб’екты на сельскіх тэрыторыях, якія будуць прыцягваць людзей і ствараць новыя працоўныя месцы. Таму лічу, што дадзеныя паўнамоцтвы дазволяць, у тым ліку, пераразмеркаваць абавязкі і паставіць задачы перад старшынямі сельвыканкамаў, якіх можна назваць галоўнымі памочнікамі раённай улады. Такім чынам, дзякуючы сумесным намаганням і калегіяльнаму прыняццю рашэнняў, можна гаварыць аб перспектывах у стратэгіі развіцця свайго рэгіёна, паляпшэнні якасці жыцця і эфектыўнага выканання пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач».
Указ дасць паўнамоцтвы рэгуляваць дзейнасць і мясцовых прыватных структур. Такі падыход будзе працаваць на патрэбы дадзенай тэрыторыі больш функцыянальна.
«Перад уладамі і суб’ектамі гаспадарання стаіць задача па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Тут шмат кірункаў, якія таксама маюць пад сабой фінансавыя затраты. Новыя паўнамоцтвы ў значнай ступені дапамогуць размеркаваць сродкі там, дзе гэта ў першую чаргу неабходна, у тым ліку і ў рабоце з пустымі дамамі, якімі займаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання. Разам з тым будуць прымацца рашэнні і па развіцці населеных пунктаў», — гаворыць Алена Пасюта.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава:
«Старшыні гар-, райвыканкамаў займаюцца абсалютна ўсімі пытаннямі. У полі зроку кіраўнікоў базавага ўзроўню знаходзяцца і рэальны сектар эканомікі, і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і сацыяльная сфера, і грамадска-палітычная сітуацыя ў рэгіёне.Прэзідэнт нашай краіны заўсёды асаблівую ўвагу ўдзяляе гэтай катэгорыі службовых асоб. Таму што, па-першае, гэта кадравы рэзерв. Несумненна, тыя людзі, якія прайшлі работу ў мясцовых органах улады, разумеюць гэта жыццё не па чутках. Яны ведаюць, як можна рэалізаваць той ці іншы закон, той ці іншы ўказ і як ён рэалізоўваецца: эфектыўна ці не. Аляксандр Рыгоравіч сказаў, каб было прапісана ўсё, каб не было перашкод у рабоце старшынь рай-, гарвыканкамаў. У іх не павінны быць звязаны рукі. Яны павінны мець поўныя правы і паўнамоцтвы для таго, каб рэалізоўваць задачы, якія стаяць перад ім. Старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў — ключавыя фігуры на сваёй тэрыторыі. Але разам з тым мы разумеем, што і асаблівая адказнасць у гэтых людзей. Бо яны, па сутнасці справы, адказваюць за развіццё свайго горада, раёна. Ад гэтай работы шмат у чым залежыць тая сітуацыя, якая складваецца ў нашай краіне».
«Гэта дадатковыя рычагі і для дэпутатаў»
Старшыня Магілёўскага гарсаваета Максім Гурын лічыць, што ўказ закране і заканадаўчую ўладу на месцах:
— Кіраўнік дзяржавы выразна бачыць значнасць і значэнне кіраўнікоў вертыкалі ўлады. Як ён іх называе, гэта прэзідэнты на сваіх адміністрацыйных участках. Разумеючы ступень адказнасці кіраўнікоў на месцах, Аляксандр Лукашэнка ведае, як важна павысіць іх кампетэнцыі. Указ будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці работы органаў улады на месцах і надасць новы імпульс у развіцці адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак. Кіраўнікі рэгіёнаў атрымаюць эфектыўныя рычагі кіравання на месцах, а разам з гэтым узрасце і ўзровень іх адказнасці.
Зразумела, што павышэнне эфектыўнасці работы выканаўчай улады дасць дадатковыя магчымасці і дэпутатам для ажыццяўлення іх паўнамоцтваў. Бо выканаўчая і прадстаўнічая ўлады заўсёды былі адзінай камандай у вырашэнні надзённых праблем. Шчыльна ўзаемадзейнічаючы з органамі выканаўчай улады ў інтарэсах насельніцтва, мы таксама атрымаем эфектыўны рычаг у рабоце па рэалізацыі наказаў нашых выбаршчыкаў.
Старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова пераканана, што агульная работа стане больш эфектыўнай і дзейснай:
— Кіраўнік раёна нясе адказнасць за развіццё тэрыторый, і вельмі важна, каб у яго было больш магчымасцяў займацца гэтым канструктыўна. Гэта прымусіць усе суб’екты гаспадарання больш адказна адносіцца да патрэб раёна, сумесна ўдзельнічаць у яго сацыяльна-эканамічным развіцці, у тым ліку і ў добраўпарадкаванні. Мы, у сваю чаргу, дапаможам накіраваць гэты працэс у патрэбнае рэчышча. Наогул, будучы ўказ дапаможа павысіць і ўплывовасць народных выбраннікаў. Напрыклад, калі нам трэба вырашаць нейкае пытанне па звароце грамадзян, мы працуем непасрэдна з выканкамам. Чым больш у іх паўнамоцтваў, тым больш і ў нас магчымасцяў звярнуцца да органаў выканаўчай улады з тым ці іншым пытаннем.
Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў