Напярэдадні Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе прадстаўнікі Акадэміі МУС наведалі ветэранаў, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Для курсантаў і маладога пакалення ўвогуле такія мерапрыемствы — неацэнныя ўрокі мужнасці і жывой гісторыі.
Падзяку за шматгадовую працу і неацэнны ўклад у будучыню пакаленняў Анатолю Булгакаву, які аддаў службе ў сталічнай міліцэйскай ВНУ больш за 30 гадоў, выказала старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын акадэміі падпалкоўнік міліцыі Юлія Казяк. У 1986 годзе, адразу пасля здарэння, Анатоль Пятровіч быў накіраваны ў пацярпелыя тэрыторыі для аховы грамадскага парадку і дзяліўся гэтымі ўспамінамі з маладым пакаленнем, працуючы ў ВНУ. На заслужаны адпачынак ён пайшоў з пасады намесніка начальніка кафедры канстытуцыйнага і міжнароднага права, аднак працягнуў працаваць у акадэміі.

Ветэрана органаў унутраных спраў Сямёна Ільясевіча сумесна з прадстаўніцамі Беларускага саюза жанчын наведалі курсанты факультэта міліцыі грамадскай бяспекі. Сямён Якаўлевіч знаходзіўся ў зоне ЧАЭС летам 1986 года на пасадзе супрацоўніка зводнага атрада МУС БССР. Ён расказаў аб умовах службы і сваім удзеле ў эвакуацыі насельніцтва.
У сваю чаргу, другакурснікі факультэта крымінальнай міліцыі сустрэліся з ветэранам-ліквідатарам Леанідам Пармонам, які раней працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права. Ветэран падзяліўся ўспамінамі аб наступствах тэхнагеннай аварыі. Жывая гутарка суправаджалася фотаздымкамі і ўспамінамі ліквідатараў, а сімвалічныя падарункі ад моладзі сталі знакам павагі да іх подзвігу.
Аміна НАЗАРАВА
Фота прэс-службы Акадэміі МУС