Арганізатарам рэспубліканскай акцыі «1418 крокаў да Перамогі!» выступіў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Да ініцыятывы падключыліся больш за 600 чалавек. Узначалілі калону міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі НАН Беларусі.
Акцыя прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі і сімвалізуе 1418 дзён і начэй, якія наш народ перажыў у барацьбе за свабоду. Так, удзельнікі прайшлі са свечкамі ў руках сімвалічную колькасць крокаў ад Палаца культуры прафсаюзаў да манумента на плошчы Перамогі ў сталіцы, каб аддаць даніну памяці і павагі ўсім удзельнікам тых трагічных падзей.

Цэнтральнай падзеяй акцыі стаў мітынг-рэквіем, у рамках якога ўдзельнікі ўстанавілі святлодыёдныя свечкі ў форме лічбы «1418» каля Вечнага агню. Таксама прадстаўнікі галіны ўсклалі кветкі да манумента і прачыталі тэматычныя вершы.

— Сёлета мы з гонарам і павагай адзначаем адно з самых значных і кранальных свят — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты дзень назаўжды застанецца ў нашых сэрцах як сімвал мужнасці, стойкасці і самаахвяравання. Вялікая Айчынная вайна стала выпрабаваннем для ўсяго нашага народа. Праводзячы такую акцыю, мы сведчым, што будзем памятаць заўсёды пра тых, хто ваяваў на франтах, хто працаваў у тыле, хто праявіў неверагодную моц духу і адзінства. Кожны з нас павінен ведаць тыя гераічныя старонкі гісторыі, якія былі напісаны крывёю і слязамі мільёнаў людзей. Мы кожны дзень шануем памяць і дзякуем тым, хто аддаў свае жыцці за наша сучаснасць і будучыню, — адзначыла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч
Алена КРАВЕЦ
Фота ФБП