Прадпрымальнік са Століна пад выглядам развіцця бізнесу заняў у знаёмых амаль 1 млн рублёў. Грошы вяртаць ён не збіраўся. Суд Столінскага раёна аб'явіў прысуд па крымінальнай справе пра махлярства ў буйным памеры. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу Брэсцкага абласнога суда.
Фігурантам стаў 57-гадовы мужчына. Будучы індывідуальным прадпрымальнікам і заснавальнікам прыватнай фірмы, ён пераканаў 12 знаёмых пазычыць яму грошы пад маркай развіцця бізнесу. Браў банкноты ў беларускіх рублях і замежнай валюце. Абяцаў вярнуць грошы па першым патрабаванні і ў названыя ў даўгавых распісках і дагаворах пазыкі тэрміны, у асобных выпадках — пад працэнты. Дзейнасць фірмы не прыносіла прыбытку, таму абяцанні выконваць мужчына не збіраўся. Калі людзі патрабавалі вярнуць ім сваё, ён заяўляў пра часовыя цяжкасці. У некаторых выпадках абвінавачаны часткова пагашаў доўг за кошт новых пазык.
Са жніўня 2024 года па студзень 2026-га фігурант завалодаў больш чым 939 тыс. рублёў у эквіваленце. Сваю віну ён прызнаў часткова, запэўніўшы, што не меў намеру падманваць. Паводле яго слоў, займаўся рознічным гандлем будаўнічымі матэрыяламі. Браў грошы для развіцця бізнесу, але праз розныя абставіны не заўсёды мог своечасова пагасіць даўгі. Узятыя ў пазыку сродкі ўкладваў у закупку тавараў для гандлю, рамонт вытворчага будынка і набыццё драўніны для работы. Пацярпелым грошы не вярнуў, заяўленыя імі іскавыя патрабаванні прызнаў у поўным аб’ёме.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 4 арт. 209 КК. Яго асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама абвінавачанаму трэба заплаціць 100 базавых велічынь штрафу (4,5 тыс. рублёў).
Акрамя гэтага, яму неабходна пакрыць дзевяці пацярпелым шкоду на агульную суму звыш 713 тыс. рублёў. Яшчэ аднаму пацярпеламу — грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2 тыс. рублёў.
Прысуд не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.