Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2023 год, амаль кожны сёмы чалавек на планеце хварэе на псіхічныя расстройствы. З іх найбольш распаўсюджаныя трывожныя расстройствы, на другім месцы — дэпрэсіўныя. Даведаліся ў спецыялістаў, чаму людзі пакутуюць ад іх, да каго звяртацца, калі вы адчуваеце прыкметы ментальных расстройстваў, і як прадухіліць іх з’яўленне.
Псіхічныя расстройствы могуць выклікаць гаджэты
Вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Аксана ШЫЛАВА расказала пра існаванне цэлай групы фактараў, якія ўплываюць на парушэнне псіхічнага здароўя.
— Па-першае, гэта фактары макрасацыяльнага ўзроўню, звязаныя з сацыяльнай абароненасцю: забяспечанасцю працай, адукацыяй. Фактары галечы, міграцыі і іншых сацыяльных складанасцяў ва ўсім свеце зніжаюць якасць псіхічнага здароўя, — адзначыла Аксана Шылава. — Наступны ўзровень — сацыяльны або медыцынскі фактар.
Вядучы навуковы супрацоўнік паведаміла, што ёсць яшчэ трэці ўзровень — індывідуальны, псіхалагічны.
— Гэта спадчыннасць, асаблівасці сям’і, фізічны гвалт у дзяцінстве. Адносна моладзі — булінг у навучальных установах. Тыя фактары, якім цяпер удзяляецца вялікая ўвага, — удакладніла яна.
Існуе меркаванне, што на моладзь моцна ўплываюць гаджэты, сацыяльныя сеткі, якія могуць справакаваць захворванні такога кшталту.
— Вельмі важна разумець, што ў фарміраванні псіхічнага расстройства гэтыя фактары маюць вельмі індывідуальнае значэнне, — заўважыла Аксана Шылава. — Часам чалавек застаецца здаровым насуперак усяму, у іншым выпадку нязначных фактараў хопіць для развіцця псіхічнага расстройства.
Спецыяліст расказала, што дрэнна ўплывае на псіхічнае здароўе ў маладым узросце, — гэта нізкі ўзровень ахоўных фактараў.
— Да іх можна аднесці звычку ўжываць псіхаактыўныя рэчывы, нізкія навыкі або няўменне вырашаць сацыяльна-псіхалагічныя праблемы, гаварыць пра свае праблемы, страх звароту да псіхолага, — пералічыла яна. — Фарміраванне гэтых ахоўных фактараў — найбліжэйшая сфера развіцця айчыннай псіхіятрыі і прафілактычнай псіхіятрыі ў тым ліку. Мы павінны не толькі выяўляць кропкі рызыкі, але і развіваць пратэктыўныя фактары, якія дазволяць чалавеку шанаваць сваё псіхічнае здароўе і жыццё. Развіццё гэтых прадуктыўных фактараў — наша будучыня.
Што дапаможа ў барацьбе з захворваннямі
РНПЦ псіхічнага здароўя, па словах Аксаны Шылавай, — найбуйнейшы стацыянар у Еўропе не толькі ў плане аказання спецыялізаванай псіхіятрычнай дапамогі, але і буйны навуковы, арганізацыйны цэнтр. Тут праходзяць лячэнне пацыенты з цяжкімі псіхічнымі расстройствамі, пагранічнымі псіхічнымі расстройствамі, расстройствамі харчовых паводзін, расстройствамі дзіцячага ўзросту. Ёсць некалькі крызісных аддзяленняў, дзе знаходзяцца пацыенты пасля суіцыдальных спроб, звязаных як з вострымі сацыяльна-псіхалагічнымі праблемамі, так і з цяжкімі псіхічнымі расстройствамі.
Установа аховы здароўя арганізуе пераемнасць у плане вядзення гэтых пацыентаў на амбулаторным этапе, дынамічнага назірання, працягу лячэння, а таксама арганізуе сістэмны падыход: супрацоўнічае з установамі адукацыі, органамі правапарадку.
- Акрамя таго, у краіне працуе кругласутачны даступны антыкрызісны нумар 133. Ён перанакіроўвае званок на спецыялістаў па абласцях, якія якасна дапамагаюць людзям справіцца з крызіснай сітуацыяй, аказваюць псіхалагічную дапамогу.
Каардынатар праграм па грамадскай ахове здароўя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Валянцін Русовіч падкрэсліў, што для прафілактыкі многіх псіхічных расстройстваў, якія праходзяць у лёгкай форме, патрэбна выкананне базавых правілаў.
-
Прытрымлівайцеся рэжыму дня і сну
-
Павялічвайце фізічную актыўнасць і знаходжанне на свежым паветры не менш за 40 хвілін у дзень
-
Харчуйцеся збалансавана
-
Скараціце ўжыванне псіхаактыўных рэчываў
-
Больш камунікуйце з блізкімі
Аксана Шылава ў сваю чаргу дадала, што важна не баяцца гаварыць пра свае праблемы, звяртацца па дапамогу, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, развіваць сацыяльныя навыкі.
— Вельмі хочацца, каб уяўленне аб псіхіятрыі, псіхатэрапіі, якое калісьці было напоўнена міфамі і страхамі, замянілася на больш адэкватнае, — падкрэсліла спецыяліст.
Беражыце сябе і будзьце здаровыя!
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ