Top.Mail.Ru

Пра што сведчыць выстаўка «Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь»?

За ўрачыстасцю назвы — эпоха беларускага мастацтва. І яе знакавыя і вельмі ўплывовыя асобы — творцы, якія ў апошнія трыццаць гадоў ажыццявілі значныя праекты альбо вылучыліся ўласнымі работамі. Аптымістычная «Восень» героя Беларусі Міхаіла Савіцкага — яна дыхае жыццём! Народны мастак Беларусі Аляксандр Кішчанка, які быў найбольш вядомы сваімі манументальнымі габеленамі, прадстаўлены невялікім жывапісным палатном «Дождж».


Знакамітага графіка, народнага мастака нашай краіны Георгія Паплаўскага бачым таксама як жывапісца ў творы «Маяк у Гаване». «Памяць» народнага мастака Беларусі Мая Данцыга выглядае вельмі па-чалавечы — праз партрэт. Беларускае Палессе бачым у выяўленні жывапісца Паўла Масленнікава, а Браслаўшчыну — Віктара Грамыкі, абодва ўраджэнцы Магілёўшчыны, народныя мастакі, увайшлі ў гісторыю айчыннага мастацтва. Але там значыцца шмат прозвішчаў... 

Хто ўразіў гледачоў і знаўцаў, чые імёны гучалі ў грамадстве ў сувязі з высокімі дзяржаўнымі адзнакамі, званнямі: народныя мастакі Беларусі, лаўрэаты дзяржаўнай прэміі рэспублікі, а таксама прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дзеячам культуры і мастацтва, ўладальнікі Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва... Такая выстаўка магла б быць арганізавана калі заўгодна, але бягучы момант значна павялічвае ўвагу да яе. А тут і самі арганізатары пастараліся: наведаць «Разам...» у сталічным Палацы мастацтва прапануюць абсалютна бясплатна. І гледачы гэтым актыўна карыстаюцца. 

Арганізатар выстаўкі — грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў» падышоў да справы адказна: нагадалі і падкрэслілі значнасць праектаў дзяржаўнай значнасці, працы на якіх ажыццяўляліся з 1994 года. Так бывае, што з кожным чарговым аб’ектам гісторыі альбо помнікам культуры, на які прыходзяць рэстаўратары ды мастакі, завершаныя працы ўпісваюцца ў культурны кантэкст, быццам бы так і было заўсёды. І ў Беларусі вырасла пакаленне, якое не памятае, як выглядаў да рэстаўрацыі Мірскі замак альбо палац Румянцавых-Паскевічаў. Што было ў сценах Нясвіжскага палаца, якія цяпер з’яўляецца адным з найбольш прыцягальных для наведвання. Ды хіба меней значныя новы дызан-праект кампазіцыі Слуцкага краязнаўчана музея ды роспіс у храме Святых бяссрэбнікаў Касмы і Даміяна ў вёсцы Вішнева? А хто не ведае, дзеля чаго быў патрэбны новы будынак Беларускаму дзяржаўнаму музею Вялікай айчыннай вайны альбо чаму з’явілася «Брама памяці» ў мемарыяльным комплесе «Трасцянец»?.. 

Аўтары канцэпцый аздаблення будынкаў, стваральнікі мемарыялаў і помнікаў прадстаўлены на выстаўцы з фотавыявамі сваіх прац — яшчэ пры ўваходзе ў Палац мастацтва погляд чапляецца за гэтыя здымкі. Ёсць працы манументальныя, якія немагчыма вывезці на выстаўку, але паказаць іх неабходна ці то праз фота, ці то ў мадэлях: гэта тое, што ўвасабляе і цяпер працуе на ідэю дзяржаўнасці. І калі паглядзець, то нашы мастакі працавалі на гэтую ідэю цягам усяго ХХ стагоддзя, адлюстроўваючы Беларусь, менавіта таму на выстаўцы прадстаўлена столькі класікаў яшчэ савецкага перыяду. Але набыццё незалежнасці дало штуршок для асэнсавання гэтай ідэі праз мастацтва ў самых розных відах і жанрах выяўленчага мастацтва. 

Праект «Разам...» можна назваць асветным: гэта экскурс у найноўшую гісторыю айчыннага мастацтва. А для некага — адкрыццё творцаў, якія працуюць сёння. Ці то афармляюць станцыі метро (а мы і не задумваемся, што пра іх адметнасць парупіліся таленавітыя людзі, як, напрыклад, Аляксандр Шапо), ці то ствараюць скульптуры для горада, (як Максім Пятруль), альбо ўвасабляюць балючую памяць Хатыні (як Усевалад Швайба). Яны здольныя нагадваць пра страчанае жыццё вёсак пасля Чарнобылю (як Віктар Барабанцаў) і ствараць казачны настрой праз чорна-белую графіку (як Валерыяй Славук). І як нашы народныя мастакі поўняцца верай (як Уладзімір Тоўсцік) ды мараць пра зоры (Іван Міско)... Прадстаўлены творы больш за 70 аўтараў, якія зрабілі яркі ўнёсак у культуру дзяржавы. Наогул выстаўку «Разам...» арганізатары стварылі з павагай да мастакоў. Ва ўсіх — і тых, каго ўжо няма, і тых, хто працягвае свараць — адна радзіма з яе няпростай гісторыяй і надзеямі на будучыню. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю