Любоў Сідзельнікава: важна не баяцца праяўляць сябе
За гады сваёй працы галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Любоў Сідзельнікава аформіла дзясяткі спектакляў у розных калектывах. Яна — чалавек вялікай творчай самааадачы.
Любоў Сідзельнікава расказала «Алесі» пра любоў да справы, якасцях, якія павінен мець чалавек яе прафесіі, пра сяброўства паміж творцамі і пра іншае.
— Адна з самых складаных задач — працаваць з матэрыялам, які ставілі шмат разоў, а дэкарацыі і касцюмы стваралі выдатныя майстры, — адзначыла Любоў Сідзельнікава. — Зрабіць штосьці зусім новае немагчыма. І тады даводзіцца прапаноўваць асабістае «прачытанне», «уключаць» уласнае ўспрыняцце, не баяцца праяўляць сябе. Візуальная гісторыя спектакля заўсёды ў нейкай ступені раскрывае гісторыю самога мастака.
«Да сваёй зямлі нашы продкі ставіліся як да маці»
Чаму можна павучыцца ў нашых продкаў? Чым блізкія традыцыйныя культуры Беларусі і Кітая? Чаму ўдзел у жаночым руху пашырае магчымасці дапамагаць людзям? Пра гэта і не толькі чытачы змогуць даведацца з гутаркі журналіста «Алесі» з прафесарам кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філфака БДУ, доктарам навук, прафесарам, фалькларыстам, этнакультуролагам, старшынёй пярвічнай арганізацыі БСЖ БДУ Ірынай Казаковай.
— Паняцце сапраўднага патрыятызму закладзена ў беларускай культуры спрадвеку, — расказала Ірына Казакова. — Міфалагема Маці-Зямлі, вобраз Зямлі-Карміцелькі — да сваёй зямлі нашы продкі ставіліся як да маці, якую трэба любіць, шанаваць і абараняць. Са студэнтамі я паглыбляюся ва ўсе пласты нашай культуры, каб паказаць: любоў да свайго, роднага — арганічная і здаўна ўласцівая беларусам.
Вяртанне страчанага
Якія сенсацыйныя знаходкі адшукалі падчас раскопак на рацэ Менка? Як гэта змяняе нашы ўяўленні пра гісторыю Мінска? У чым шчасце археолага? Якія «дэфармацыі» развіваюцца з часам у людзей гэтай прафесіі? Пра гэта і не толькі — у гутарцы «Алесі» з загадчыкам аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, «Мінчанінам года — 2023» Андрэем Вайцяховічам.
— Галоўнай задачай даследаванняў было выявіць — горад або буйное сельскае пасяленне знаходзілася на рацэ Менка, на месцы цяперашняй вёскі Гарадзішча. Мы адказалі на гэтае пытанне, — адзначыў Андрэй Вайцяховіч і падзяліўся з «Алесяй» падрабязнасцямі ўнікальнага археалагічнага праекта.
Не спыняцца на дасягнутым
Яе імя стала сімвалам надзеі і падтрымкі для многіх сем’яў, а невычарпальная энергія і адданасць справе зрабілі лідарам у сферы спецыяльнай адукацыі. Дырэктар ДУА «Спецыяльная школа № 13 г. Мінска» Галіна Гурбо, якая прысвяціла жыццё працы з дзецьмі з парушэннямі слыху і мовы, распавяла «Алесі» пра свой прафесійны шлях, удзел у грамадскім жыцці і пра прызначэнне чалавека. А таксама дала парады жанчынам, якія імкнуцца стаць лідарамі:
— Важна займацца той справай, якая прыносіць задавальненне. Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым. І, вядома, каб дабівацца поспехаў, будзьце ўважлівыя да свайго здароўя, вядзіце правільны лад жыцця.
Галіна Гурбо пажадала ўсім жанчынам-лідарам выхоўваць у сабе такія якасці, як працалюбства, дабрыня і чалавечнасць.
Чаму важна харчавацца правільна?
Якія хваробы органаў стрававання пераважаюць у жыхароў нашай краіны? Як звязаныя паміж сабой страўнікава-кішачны тракт і імунітэт? Пры якіх сімптомах трэба, не адкладаючы, звяртацца да дактароў? Пра гэта расказала часопісу «Алеся» кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры тэрапіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Жанна Сухіх.
Сярод асноўных прычын, якія правакуюць паталогіі ЖКТ, доктар назвала нерацыянальнае і нереэгулярнае харчаванне, стрэсы, злоўжыванне алкаголем, курэнне. А таксама дала рэкамендацыі па правільнаму харчаванню і назвала іншыя фактары прафілактыкі хвароб страўніка.
Здароўе, гід па модных трэндах і вінтаж у інтэр’еры
У студзеньскім нумары «Алеся» расказвае пра тое, як не паддацца сезонным захворванням — вострым рэспіраторным вірусным інфекцыям, а таксама пра карысць хурмы і ежу, якая сагравае ў халодны сезон. Нашых чытачак абавязкова зацікавяць парады па стварэнню арыгінальнага інтэр’ера з дапамогай вінтажных рэчаў і гід па модных трэндах у макіяжы, прычосках і вопратцы. А жаночая гісторыя ад Людмілы Кебіч дасць магчымасць пазнаёміцца з новым творам вядомай пісьменніцы.
Алена ВАЛЕР’ЕВА