Top.Mail.Ru

Пра што раскажа часопіс «Алеся» ў сакавіку?

Намеснік генеральнага дырэктара УП «МІНГАЗ», старшыня грамадскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Першамайскага раёна г. Мінска Ларыса Пакусаева заўсёды імкнецца быць наперадзе, а яе крэда — дапамагаць людзям. З пераможцай гарадскога этапа конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» журналіст «Алесі» пагутарыў пра яе дзейнасць у Беларускім саюзе жанчын, прафесійны шлях, сямейнае шчасце і жыццёвыя мэты.


— Калі чалавеку падабаецца тое, чым ён займаецца, ён абавязкова будзе шчаслівым, і наш свет стане крыху лепшым, — лічыць лідар грамадскай арганізацыі БСЖ Першамайскага раёна. 

«Альпійская балада»: перамога над злом

У межах новага праекта часопіса, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дырэктар РТБД, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Альпійская балада» Святлана Навуменка ўзгадвае, як ішла праца над увасабленнем на тэатральнай сцэне вядомага твора Васіля Быкава.

— Не кожны літаратурны твор можна ўвасобіць на сцэне. «Альпійскую баладу» можна, але гэта няпроста. Я некалькі разоў перапісвала інсцэніроўку, — прызнаецца Святлана Навуменка.

Спектакль «Альпійская балада» стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022 года. Ён нясе важнае пасланне, лічыць рэжысёр:

— Іван і Джулія не даюць злу знішчыць у сабе здольнасць любіць у самых страшных абставінах, а значыць — перамагаюць яго. 

«Не я абрала Бабу Нюру, а яна — мяне»

Блогер Ганна Клінцэвіч праславілася дзякуючы гумарыстычным ролікам у Тык-Току пра Бабу Нюру — жанчыну з беларускай вёскі. «Хочацца зберагчы нашу культуру і паказаць яе сучаснай моладзі!» — кажа Ганна, якая ў вобразе душэўнай бабулі ўвасобіла блізкія і родныя ёй традыцыі.

— У мяне такое адчуванне, што гэта не я абрала Бабу Нюру, а яна — мяне, — падзялілася блогер з журналістам «Алесі». — Быццам яна заўсёды была часткай майго «я». Да трынаццацігадовага ўзросту я жыла ў невялічкім аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Вырасла сярод мясцовых традыцый, калі за сталом на Вялікдзень збіраецца ўся сям’я з 40 чалавек. І маё дзяцінства — мора пазітыўных, незабыўных эмоцый... Я ганаруся, што нарадзілася ў вёсцы!

Ірына Нарбекава — пра жыццё на сцэне і па-за ёю 

За 52 гады ў кіно і 42 — у Тэатры-студыі кінаакцёра заслужаная артыстка Беларусі Ірына Нарбекава ўвасобіла для гледача дзясяткі розных жаночых характараў і лёсаў. Сама Ірына Веніямінаўна лічыць, што ёй у жыцці неверагодна пашанцавала — з бацькамі, дачкой, рэжысёрамі, калегамі, сябрамі. «Алеся» пагутарыла з вядомай актрысай пра ролю Яго вялікасці Выпадку, пра жыццё на сцэне і па-за ёй.

— Мне пашанцавала сустрэць разнапланавых рэжысёраў. Хаця на пачатку шляху падводзіў характар. Я была дастаткова сарамлівай, сціплай, саромелася сябе прапаноўваць на тыя ролі, якія прыцягвалі. Шмат здымалася, але на мне паставілі «штамп» — лірычная гераіня, — узгадвае Ірына Нарбекава этапы свайго прафесійнага росту.

Актрыса лічыць: тэатр павінен не толькі забаўляць, але і схіляць да роздуму, суперажывання, катарсісу. 

Дзе ў Беларусі вырошчваюць ізумруды?

Ці ведалі вы, што каштоўныя камяні можна не толькі здабываць, але і атрымліваць у лабараторных умовах? У Беларусі вырошчваюць ізумруды, рубіны і сінія сапфіры. Першапачаткова тэхналогія была распрацавана для вытворчых, а не эстэтычных задач, але сёння штучныя каштоўныя камяні ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве могуць вырасціць і для спажыўцоў. Прычым каштуюць гэтыя камяні непараўнальна танней за натуральныя. З сакавіцкага нумара «Алесі» вы даведаецеся, як спецыялісты атрымліваюць ізумруды патрэбнай насычанасці і па цалкам дэмакратычным кошце.

Парады для здароўя, інтэр’ер і мода 

Часопіс раскажа пра новыя сучасныя метады дыягностыкі ў беларускай медыцыне, чаму для здароўя важна праветрываць памяшканне ў любое надвор’е і ў чым карысць рапсавага алею. Мы распавядзем пра перавагі айчыннай касметыкі, падкажам, як змяніць хатні інтэр’ер і зрабіць яго камфортным месцам для адпачынку. А яшчэ вас чакае гід па модных трэндах сезона і апавяданне пісьменніцы Людмілы Кебіч. 
Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава!

Алена ВАЛЕР’ЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю